«З дабром і радасцю ў сэрцы ўвойдзем у новы год!». Прайшла чарговая сустрэча членаў літаб’яднання «Рэчанька»

Пад такім лейтматывам прайшла чарговая сустрэча членаў літаб’яднання «Рэчанька», якая адбылася ва ўтульнай чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Яна пачалася з нечаканага сюрпрыза: да аматараў слова завіталі Дзед Мароз і Снягурачка (у іх ролі выступілі работнікі бібліятэкі). Казачныя персанажы не толькі падарылі шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў, але і прапанавалі разгадаць прысутным навагоднія загадкі, правялі жартоўную латарэю жаданняў, адразу ўзняўшы святочны настрой, які гаспадарыў на працягу ўсёй сустрэчы, таму амаль дзве з паловай гадзіны праляцелі як адна хвіліна. Гэтаму спрыяла таксама і праграма мерапрыемства, стрыжнем яе стала выступленне аднаго з самых таленавітых аўтараў «Рэчанькі», да таго ж і спявачкі Святланы Моніч. Вялікае задавальненне атрымалі ўсе ад перагляду відэафрагментаў «Самыя блізкія людзі», «Покліч сэрца», «Як прыемна быць шчаслівай», знятых ёю паводле светлых успамінаў, дарагіх сэрцу імгненняў жыцця і агучаных аўтарам музыкай і выкананнем асабістых вершаў, ілюстраваных фотаздымкамі. Па просьбе прысутных Святлана прачытала шэраг новых твораў, а таксама напісаных раней. Неверагоднае ўражанне засталося ад выканання ёю песень з рэпертуара Ганны Герман, выклікала асалоду, міжвольнае жаданне падпяваць спявачцы. Атрымалася цудоўна. А потым прачыталі свае творы Аляксандра Панасенка, Марыя Палуян, Васіль Генак, Ганна Козел, Галіна Калтунова, Алена Толмач, якая выказала пажаданне, каб вершы ў «Рэчаньку» плылі», каб яна не мялела, а каб шырыла свае берагі». Пранікнёна прагучаўшыя з вуснаў аўтараў вершы кранулі да глыбіні душы, стварылі атмасферу сардэчнасці, духоўнага яднання сэрцаў, што стала чарговым доказам таго, што наша родная Карэліччына багатая на таленты. Іскрамётны ж вершаваны гумар Марыі Палуян настроіў на навагоднія цуды, якія абавязкова прыйдуць у нашы душы. Напрыканцы сустрэчы Аляксандра Панасенка па-мацярынску прачула падзякавала Святлане Моніч за тую радасць, якую дорыць яна слухачам дзякуючы свайму рознабаковаму таленту і тым самым нясе святло душы адпаведна дадзенаму ёй пры нараджэнні імені, і выказала спадзяванне, што талент жанчыны ў новым годзе заззяе яркай зорачкай за межамі раёна.

На развітанне кожны прысутны адным словам ахарактарызаваў наступаючы новы год, якім бы хацелася яго бачыць: мірным, здаровым, добрым, ураджайным, стабільным, радасным. Праводзячы гасцей, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Л. К. Арцюх звярнулася да іх з цёплымі словамі віншаванняў з надыходзячымі зімовымі святамі, пажадала ўсім натхнення, новых твораў, здароўя, міру і згоды, а таксама ўнесла прапанову ладзіць такія сустрэчы часцей і запрасіць на адну з іх да сябе ў госці членаў літаб’яднання з г. Баранавічы, з чым усе аднадушна пагадзіліся.

Галіна КАЛТУНОВА
Фота Сяргея СТОЛЯРА