Заслужаны работнік БДУ Уладзімір Навумовіч спявае гімн роднай вёсцы Баўцічы

Хата стаіць пятай ці шостай з краю сяла пад № 68. Раней тут было паселішча родных ці знаёмых. Сем’і былі вялікія, таму разбудоўваліся, сыны жаніліся, дзяўчаты выходзілі замуж, маладыя рупіліся як мага хутчэй паставіць новую хату. Быў той самы час, калі Беларусь атрымала незалежнасць, станавілася сапраўды суверэннай дзяржавай. Арганізоўваліся Карэліцкія чытанні, наладжваліся экскурсіі па мясцінах выдатных людзей роднага краю. Запала ў памяць адкрыццё мемарыяльнай дошкі паэту-франтавіку, які загінуў ужо ў канцы вайны, — Алесю Мілюцю, з якім мая маці хадзіла ў школку. Давялося і мне разам з народным пісьменнікам Янкам Брылём ды вясковымі актывістамі выступаць на вялікім мітынгу, куды сабраліся жыхары вёсак Скорычы, Баўцічы, Воўчае Балота, Зарэчча.

Пайшлі адзін за другім выданні пра Яна Чачота, Адама Міцкевіча. Чацвёртыя ды іншыя чытанні раённага маштабу. Зборнікі і зараз захоўваюцца ў мяне.

Са сваёй вясковай хатай у вёсцы Баўцічы роднага раёна помніцца многае. Маленства, школьныя, студэнцкія гады. У бацькоўскай хаце дыхалася лёгка, натхнёна, тут вяліся цікавыя дыскусіі, праводзіліся сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі раёна і сельскага савета, вясковымі актывістамі, звычайным вясковым людам. Ладзіліся канструктыўныя гаворкі пра свет і народ у свеце. Маці — настаўніца Скорыцкай васьмігодкі, закончыла Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, 32 гады адпрацавала на адным месцы. Марыя Гаўрыілаўна Самец вельмі любіла Карэліцкія настаўніцкія чытанні ў жніўні кожнага лета, перад пачаткам новага навучальнага года, куды яна пазней ужо ездзіла з дачкой і зяцем, якія працавалі настаўнікамі ў сваім раёне, у Варончы.

Бацька, Самец Аляксандр Раманавіч, ветэран вайны, будаўнік у калгасе, любіў сваё котлішча. Разбудоўваў, гадаваў унукаў.

Сюды часта завітвалі партызаны. Не адно лета мы разам з ім ладзілі склеп на два канцы: з аднаго боку захоўвалася бульба, а з другога — яблыкі розных гатункаў з бацькоўскага саду, якіх хапала да канца зімы. Сад у нас быў выдатны: яблынь дваццаць пяць, вішняк, слівы чароўныя, маліна. Усё гэтае багацце мясцілася на вялікім участку пад дзівосным разложыстым ясенем, які даўно ўжо раскідаў сваё насенне па ўсім агародзе. Перад домам — калодзеж. У хаце часта збіраліся госці. Калі яшчэ не было клуба, адразу пасля вайны ў прасторнай хаце ладзіліся танцы пад гармонік, бубен. Бубенчык з бразготкамі, свістульку, дудачку давалі мне ў рукі, абы не плакаў, каб не перашкаджаў, каб даўжэй цягнулася вечарына. У пасляваенны час, калі ўтвараліся калгасы, у бацькоўскай хаце доўгі час мясцілася кантора. Вёскі вялікія. Пачатак усіх пачаткаў — Баўцічы, пры ўездзе з Міра, калі ўбаку заставаліся Скорычы, Воўчае Балота, Зарэчча. Тут пачыналіся вёскі над Ушой і Нёманам. Цэлая плойма вёсак: Баўцічы, Малая, Вялікая Вобрына, Ярэмічы — ніхто не ведае, дзе заканчваецца адна з іх, а дзе пачынаецца іншая. Пагарэлка, Маласельцы, Новае Сяло, Лядкі. Усе гэтыя вёскі ляжаць паўз бераг ракі Уша аж да ўпадзення ў Нёман. Ды і Нёман тут «штукар» яшчэ той, як пісаў пра яго Якуб Колас: вынырваў з лесу, цягнуўся аж да Ярэміч, а потым заварочваў па другі бок праз сенажаць, дзе на тым баку ляжалі вёскі Сіняўская Слабада, Антанёва, Рудзьма. Там пачыналася Налібоцкая пушча, дзе ў вайну мясціліся партызанскія атрады брыгады Жукава, Першы Камсамольскі, Другі Камсамольскі, атрад кавалерыстаў Дзмітрыя Дзенісенкі. Былыя партызаны, настаўнікі часта заходзілі ў нашу хату з гармонікам, блішчастым акардэонам, які часта пакідалі ў нас. Прыгадвалі, як жылі людзі ў блакаду, калі бацька партызаніў, а маці з двума дзецьмі і такімі ж партызанскімі сем’ямі хаваліся цягам двух тыдняў не адзін раз на Рудзьме, у лесе. Хата не аднойчы цудам не згарэла ў вайну. Выстаяла ў вогненным часе.

Адсюль, з бацькоўскай хаты, ездзілі ў Маскву з класам, разам з класным кіраўніком Пятром Паўлавічам Сачыўкам, з сябрукамі — на нарады селькораў у Карэлічы, вечары, фестывалі, злёты. Тут згулялі вяселле з дзяўчынай з суседняй вёскі Навумовіч Людмілай Арсеньеўнай, на якое прыехала студэнцкая моладзь з БДУ. Студэнты з журфака і філфака, хімфака выкралі курэй з дому нявесты, якія несліся ў жаніха яшчэ доўгі час.

Адсюль, з бацькоўскай хаты, ішоў і ехаў на працу настаўнікам Беражэнскай васьмігадовай школы.

Адсюль, з бацькоўскай хаты, будучы ўжо дацэнтам БДУ, выпраўляўся я ў замежную камандзіроўку ў ЗША, першым з роднага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў складзе вялікай дэлегацыі з Масквы. Нью-Йорк, Вашынгтон, Чыкага…

Сапраўды, хочацца праспяваць велічны гімн роднай хаце на вёсцы, дзе нарадзіўся і вырас, адкуль пачыналіся дарогі па жыцці. Гімн настаўнікам, бацькам, вяскоўцам.

Уладзімір НАВУМОВІЧ,

лаўрэат медаля Францыска Скарыны Рэспублікі Беларусь, медаля Максіма Багдановіча, Заслужаны работнік БДУ, Заслужаны работнік асветы, член Саюза пісьменнікаў