Галіна Калтунова пра тое, чаму важна пакінуць нашчадкам Скарб Памяці

Нядаўна ў магазіне «Тавары для ўсёй сям’і» назірала, як маладыя тата і мама падбіралі абутак і вопратку для дачкі пяці-шасці гадоў. Асартымент тавараў у магазіне вялікі, выбраць неабходныя рэчы было няцяжка, і ў хуткім часе дзяўчынка радасна круцілася перад люстэркам, ёю залюбаваліся і я, і наведвальнікі крамы, бо ў новым ружовым пухавічку, у тон яму вязанай шапачцы і боціках яна выглядала як сапраўдная Снягурачка. «Мамачка, татачка, дзякуй вам! — званочкам разносіўся голас дзяўчынкі. — А за смакатой пойдзем?» Аказалася, што смакатой яна называе нейкае асаблівае пячэнне, якое ёй заўсёды купляюць у кандытарскім аддзеле аднаго з магазінаў, наведваючы гарадскі пасёлак. «Канешне», — з замілаваннем гледзячы на дзяўчынку, адказалі бацькі, у іх вачах ззяла шчасце. Яно міжволі перадалося і нам, пакупнікам, таму што няма на свеце большай каштоўнасці, чым бачыць радасныя твары дзяцей і дарослых, не ведаўшых гора і страт, пакутаў ваеннага ліхалецця.

Імкліва імчацца гады. Адно пакаленне змяняецца другім, пакідаючы нашчадкам Скарб Памяці, і вельмі важна, каб захавалася ў гэтым скарбе разуменне: для дасягнення сённяшняга шчасця пройдзены складаны, нялёгкі шлях. Таму ў Год міру і стварэння нельга сціраць з успамінаў лёс пакалення, чыё дзяцінства прыйшлося на гады Вялікай Айчыннай вайны, галодны пасляваенны час. Пакалення, якое стала прыкладам адданасці Радзіме, вялікай духоўнасці, на чые плечы лягла адказнасць за аднаўленне шматпакутнай роднай зямлі, за яе працвітанне, умацаванне дабрабыту людзей. Гэтае пакаленне цягнулася да ведаў, вызначалася неверагоднай працавітасцю, не пасавала перад цяжкасцямі, жыло з незгасальнай верай у заўтрашні лепшы дзень, з дабрынёй у сэрцах. Яно было пазбаўлена дзіцячай радасці ад прыгожага адзення і смакаты.

Дзяцінства

Канец 40-50-х гадоў. Далёкія, незабыўныя, цяжкія, як і шчаслівыя. Гады майго дзяцінства…

Цяпер успамінаючы іх, не раз думаю: няўжо гэта было ў маім жыцці, а не з’яўляецца кадрамі з трагедыйнага фільма? Міжволі задаюся пытаннем: як вытрымалі, выстаялі, не скарыліся выпрабаванням, насуперак усяму сталі людзьмі.

…Далёкі 1948 год прынёс у нашу хату непапраўнае гора: ад атрыманага раней цяжкага ранення памёр тата. Старэйшай сястры — 4 гады, мне — 2. Усе клопаты ляглі на кволыя плечы маці, спаўна паспытаўшай горкую долю салдацкай удавы, а такой у роднай вёсцы Падгайна з’яўлялася кожная другая жанчына, адметная ад іншых ранняй сівізной у валасах, чорнай вопраткай, чорнай хусцінай на галаве. Таму трымаліся адна адной, дзяліліся апошнім: адзеннем, абуткам, харчам. Калі ў некага хварэлі дзеці, а хварэлі часта, асабліва зімой (і на ангіну, і свінку, і коклюш, грып і вятранку), лячылі іх, што называецца, усім светам, бо бліжэйшая бальніца знаходзілася за паўсотню кіламетраў і да доктара ні даехаць, ні дайсці. Неслі хворым націранні, гаючыя травяныя адвары, рэдкія на той час пачастункі: хто лыжачку мёду, хто некалькі кавалачкаў цукру, слоічак малака і па-сапраўднаму неверагодны цуд — камячок цукерак-падушачак ці счарсцвелы мятны пернік. Хвароба адступала.

Мы, маленькія, не ўсведамлялі тады кошт гэтай людской супольнасці, мамінай мужнасці (разуменне прыйшло пазней), а жылі сваімі дзіцячымі радасцямі. Звязала мама новыя шкарпэткі ці рукавічкі — радасць! Прынеслі суседкі валёначкі і кажушок сваіх падросшых дзетак — радасць: значыць, і ў мароз можна будзе выскачыць на вуліцу, дзе ўжо чакаюць самаробныя санкі і лыжы! Радаваліся, калі ў сцюжу ў хаце было цёпла, пахла варанай бульбай, свежаспечаным хлебам, зашквараным булёнам, неверагодна смачнымі аладкамі  з жытняй мукі, стоўчаным пражараным ільняным семем. А ўжо калі мама расцілала на стале саматканы белы абрус і збіралася раскатваць замешанае на вадзе цеста для локшыны (лапшы), настрой зашкальваў, бо матуля ў гэты дзень была вясёлая, давала нам з сястрой па кавалачку цеста, і мы, вымазаныя па вушы ў муку, круціліся каля яе, ляпілі з цеста шарыкі. І потым некалькі дзён не маглі дачакацца, калі высахне ўмела нарэзаная локшына, і мама будзе гатаваць з яе смачную вячэру. Асаблівую радасць прыносіў снежань месяц, таму што ў ім выдавалі за заробленыя за год (!) працадні мізэрныя грошы і пэўную колькасць цукру і пшанічнай мукі. Вось тады ўдосталь наядаліся жаданым ласункам: скібачкай змочанага ў вадзе і пасыпанага зверху цукрам хлеба!

Другакурсніца Галіна Калтунова (злева) з сяброўкай на ўборцы бульбы, 1966 год

У 50-ыя гады стала лягчэй: набылі з дапамогай радні, сяльчан карову, самую вялікую каштоўнасць у гаспадарцы, выратавальніцу ад голаду, набылі парсючка, завялі, апроч таго, курэй, качак, гусей, авечак. На стале з’явіліся смятана, сметанковае масла, сала, мяса, найсмачнейшая ў свеце дамашняя каўбаса. Каб усё гэта мець, працавалі шмат, без адпачынку, ад цямна да цямна. Шкада было маму, бачылі, як цяжка было ёй без дужых мужчынскіх рук, таму з усіх сіл стараліся частку абавязкаў па доме, па гаспадарцы ўзяць на сябе, змалку прызвычаіліся да працы; навучыліся выконваць і мужчынскую работу: калоць дровы, касіць, сціртаваць салому, сушыць зерне на таку; з пяці гадоў пасвілі кароў, а з сямі ўжо побач з дарослымі палолі калгасныя буракі, жалі жыта, ірвалі лён. Ганарыліся тым, што налічаныя нам працадні брыгадзір запісваў на маму, што значна павялічвала яе заробак, і не верылі, што дзяцінства можа быць зусім іншым; марылі, каб выспацца, не капрызілі, адводзілі душу ў гульнях, знаходзячы для іх свабодныя хвілінкі. Гулялі ў чыжыка, лапту, хованкі, выбівалкі, даганялкі, у садоўніка, а зімой гойсалі дапазна на лыжах і санках, вечарам з мамай шылі лялькі з абрэзкаў тканіны, засыналі пад яе песню ці казку… На нашых вачах змянялася ў лепшы бок жыццё, мы ж марылі, каб хутчэй пайсці ў школу, вывучыцца, набыць прафесію, стаць надзейнымі памочнікамі матулі, у рэшце рэшт аблегчыць яе долю, каб яна часцей усміхалася, ганарылася намі, скінула чорную вопратку.

Галіна Калтунова ў якасці паварыхі ў студэнцкім атрадзе. Казахстан, станіца Раздольная, 1967 год

Школа

Як я зайздросціла сястры, калі яна пайшла ў першы клас! Мама пашыла ёй цудоўную сукеначку (са сваёй, адзінай выхадной), але самае галоўнае — купіла дачцы новыя чаравікі, праўда, навыраст, яны праслужылі ёй два гады, потым і я яшчэ фарсіла ў іх цэлы год. А так хацелася новых! Мара здзейснілася: у 1953 годзе ў першы клас я пайшла ў чорных бліскучых чаравічках, падораных дзядулем, сукенка дасталася ад сястры. Ішла па вуліцы, здавалася, што ўсе любаваліся маёй абновай…

Пачатковая школа ў тыя гады ў Падгайне размяшчалася ў хаце нашых суседзяў. У прасторным пакоі былі расстаўлены драўляныя парты з адкідной крышкай. Настаўніца адначасова вяла ўрокі для 1-3 класаў. Пакуль аднаму тлумачыла новы матэрыял, два другіх выконвалі самастойнае заданне. Не памятаю, каб хтосьці парушаў дысцыпліну, усе стараліся быць прыкладам у вучобе і ў паводзінах. Настаўніцу ж лічылі святой. Пісалі спачатку хімічнымі алоўкамі, пазней з’явіліся сшыткі спецыальна для пачатковых класаў, чарніла і ручкі для іх. Трэці клас падгаенскія дзеці заканчвалі ўжо ў будынку новай школы-прыгажуні, пабудаванай на ўскрайку вёскі. Першакласнікам быў адведзены асобны пакой, 2-гі і 3-ці класы па-ранейшаму займаліся разам, іх вучыла ўжо другая настаўніца. Мы любілі школу, любілі ўрокі працы, на якіх асвойвалі майстэрства вышывання, вязання кручком, аздаблення насовак мярэжкай. Свае вырабы дарылі мамам і бабулям на 8 сакавіка, прыносячы радасць і ім, і сабе. Мы любілі ладзіць ім святы, развучвалі пад язык танцы «Лявоніху», «Крыжачок», «Польку», песні, атрымоўваючы ад гэтага вялікае задавальненне. Незабыўныя дні! Шчаслівыя!

Пасля была Цырынская сярэдняя школа, да яе ад Падгайны напрасткі — 4 кіламетры. У час разводдзя, у снежныя зімы прыходзілася рабіць круг на 7 кіламетраў, таму ўставалі рана, у 6 гадзін, каб не спазніцца на заняткі, і так на працягу васьмі гадоў, напоўненых калейдаскопам, няхай складаных, але шчаслівых школьных дзён. Школа ў Цырыне размяшчалася ў вялікім драўляным будынку (захаваўся да сённяшняй пары), падзеленым на класы тонкай фанерай. Класы налічвалі па 30 чалавек, займаліся ў дзве змены, дамоў мы прыходзілі позна. Перакусіўшы, дапамагалі па гаспадарцы маме, потым да ночы пры газавай лямпе вучылі ўрокі (электрычнасць і радыё правялі ў в. Падгайна толькі ў канцы 50-х гадоў), умомант засыналі; сяннік, набіты саломай, на якім спалі, здаваўся пярынай, а ў 6 гадзін раніцы — ізноў пад’ём…

Апраналіся бедна, цёплай вопраткі і абутку не мелі, часта прастуджваліся, хварэлі, у бездарожжа хадзілі ў гумовых ботах на некалькі памераў большых, чым патрэбна, каб можна было абуваць іх на тоўстыя вязаныя шкарпэткі ці на наматаныя на ступні анучы. Школьная форма для хлопчыкаў і дзяўчынак была ўведзена ў канцы 50-х гадоў, яна нейкім чынам згладзіла беднасць, а дагэтуль — і ў адных, і ў другіх — картовыя шаравары,  у дзяўчат — хусцінка на галаве, у хлопцаў — гумовыя боты, адзенне з чужога пляча, але на гэта ніяк не звярталі ўвагі, не дапускалі здзекаў, існавала неверагодная прага да ведаў. Да таго ж у школе працавалі цудоўныя настаўнікі, яны з’яўляліся для нас не толькі сейбітамі ведаў, але і сапраўднымі надзейнымі сябрамі, клапатлівымі, надзейнымі, шчырымі, добрымі, чулымі. Жыццё ў школе кіпела, штодзённа адкрывала штосьці новае, выпрацоўвала ўпэўненасць у сваіх сілах, таму большасць выпускнікоў без праблемаў паступала ў ВНУ, атрымоўвала вышэйшую адукацыю і вярталася працаваць у родныя мясціны, не шукала лёгкага хлеба, усяго дабіваліся сваім розумам і працай.

Студэнцтва, паўгалоднае, без празмернасцяў, таксама не назавеш для нас лёгкім, але з дзяцінства закладзеныя ў характары імкненне і ўменне — на прыкладзе бацькоў — пераадольваць цяжкасці дапамаглі стаць людзьмі. Мы выхоўваліся на ідэях патрыятызму, на традыцыях піянерскага і камсамольскага руху, на прыкладзе герояў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, сапраўдных ідэалаў для пераймання; на сапраўдных каштоўнасных вартасцях тагачасных твораў мастацтва і літаратуры. Для нас недапушчальнымі былі здрада Радзіме, абыякавасць да яе лёсу. Да гэтага хочацца пакланіцца далёкім тым гадам і пакінуць іх у памяці нашчадкаў.

Галіна КАЛТУНОВА

Фота з архіва аўтара