2 февраля — 80 лет со дня окончания Сталинградской битвы. 99-летняя ветеран Великой Отечественной войны Анастасия Яковлевна Гришина вспоминает о битве за Сталинград

80 гадоў таму, 2 лютага 1943 года, савецкія войскі разбілі найбуйнейшую групоўку гітлераўцаў у Сталінградскай бітве. Дзвесце дзён і начэй на берагах Дона і Волгі, а затым ля сцен Сталінграда і непасрэдна ў самім горадзе працягвалася гэтая жорсткая бітва. Сталінградская бітва — адна з найбуйнейшых значных падзей у Вялікай Айчыннай вайне. Пачаўся карэнны пералом у жорсткім супрацьстаянні з фашызмам. Пасля Сталінграда нямецкія войскі ўжо не змаглі акрыяць, хоць і рабілі адчайныя спробы.

Сталінград быў названы горадам-героем упершыню 1 мая 1945 года ў загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Медалём «За абарону Сталінграда” былі ўзнагароджаны больш за 700 тыс. удзельнікаў гэтай бітвы, сярод іх і жыхарка г.п. Карэлічы 99-гадовая ветэран Вялікай Айчыннай вайны Анастасія Якаўлеўна Грышына.

Анастасія Якаўлеўна Грышына (у дзявоцтве Кірэева) нарадзілася 20 мая 1923 года ў раённым цэнтры Цялегіна Пензенскай вобласці. У чэрвені 1941 года скончыла 8 класаў. У гэтым жа месяцы, за два тыдні да пачатку вайны, памерла яе мама. Бацька як раскулачаны знаходзіўся ў ссылцы. Анастасія пасялілася ў старэйшай сястры. Каб выжыць у той няпросты час, трэба было працаваць. Каб уладкавацца на працу, ёй, 16-гадовай дзяўчынцы, прыйшлося прыбавіць сабе два гады. Разам са сваімі землякамі капала супрацьтанкавыя рвы. Затым рабочых перавялі на такую ж працу пад Саратаў. Вярнулася ў свой раён толькі ў лютым 1942 года. У сакавіку-красавіку малацілі зерне, якое адпраўлялі на фронт. 19 мая 1942 года Анастасія і яе аднакласнікі былі прызваны на фронт. Амаль месяц ехалі да Варонежа пад пастаяннымі бамбёжкамі. У чэрвені прыбылі на месца.

Анастасія Грышына (справа) з сяброўкай

— Тут нас адправілі ў лазню, пастрыглі, выдалі ваенную форму: гімнасцёркі, спадніцы, — успамінае ветэран. — У мястэчку Валаконаўка Харкаўскай вобласці мы прыступілі да службы ў 691 батальёне палка авіяцыйнага базіравання. Прайшлі двухтыднёвы каранцін, прынялі прысягу.

Дзяўчаты працавалі на аэрадроме ў складзе так званай «пажарнай брыгады»: хавалі загінулых лётчыкаў. Неўзабаве перабазіраваліся ў горад Паўлаўск, бліжэй да Дона, дзе Анастасія засталася сувязной пры штабе. Тут у дзяўчат была іншая задача — нацягваць маскіровачныя сеткі над самалётамі. Затым зноў новае месца службы — Верхняя Ахтуба на левым беразе Волгі. Бітву за Сталінград Анастасія Якаўлеўна ўспамінае так:

— Пасля нямецкіх бамбёжак горад моцна гарэў. З усіх бакоў рваліся да Сталінграда нямецкія танкі. Зампаліт выдаў усім, нават нам, дзяўчатам, карабіны і гранаты. Было страшна, усюды гінулі людзі…

Анастасія Грышына з мужам Мікалаем

Пасля вызвалення Сталінграда баявы шлях Анастасіі Якаўлеўны пралёг праз Беларусь, Літву, Польшчу. У горадзе Алітус у 1944 годзе яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Мікалаем Паўлавічам Грышыным. Ён быў камандзірам сапёрнага ўзвода, а яна — сувязной пры штабе. Перамогу Анастасія Якаўлеўна сустрэла ва Усходняй Прусіі. Неўзабаве дзяўчына выйшла замуж, і маладая сям’я прыехала ў Карэліцкі раён, куды мужа накіравалі дырэктарам падсобнай гаспадаркі вайсковай часці. Пасля вайны Анастасія Якаўлеўна працавала загадчыцай школьнай бібліятэкі ў Цырыне, затым бухгалтарам Карэліцкага грамадскага харчавання. У сям’і Грышыных нарадзілася чацвёра дзяцей: два сыны і дзве дачкі. З цягам часу сям’я стала яшчэ большай: сёння ў ветэрана вайны 8 унукаў і 11 праўнукаў. Адзін з унукаў Аляксей жыве з Анастасіяй Якаўлеўнай, ва ўсім ёй дапамагае:

— Бабуля добра памятае маладыя гады і асабліва вайну, але не любіць пра гэта ўспамінаць, бо вайна забрала столькі яе знаёмых і блізкіх людзей.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з сямейнага архіва А. Грышынай