На планерке у председателя: готовность посевной техники до 25 марта, три сухопала и ремонт местных дорог

Да 25 сакавіка павінна быць гатова 100% пасяўной сельскагаспадарчай тэхнікі. Пра гэта яшчэ раз нагадаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай працоўнай нарадзе з адміністрацыяй раёна і кіраўніцтвам аграпрамысловага комплексу.

— Для правядзення веснавой сяўбы да 25 сакавіка трэба забяспечыць гатоўнасць усёй сельскагаспадарчай тэхнікі, уключаючы энерганасычаныя трактары і пасяўныя агрэгаты, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — Сёння ў раёне праводзіцца завяршальная работа па падрыхтоўцы агрэгатаў да выхаду ў поле.

Для правядзення яравой сяўбы ў раёне неабходна 1154 т насення зерневых і зернебабовых культур, у наяўнасці маецца 2957 т, або 256%. Усё яно ачышчана і праверана. Патрэба ў насенні лёну-даўгунцу складае 372 т, маецца 500 т, або 134% ад патрэбы.

Пры ўстойлівай станоўчай тэмпературы ў канцы тыдня ў СВК “Свіцязянка-2003”, ДП «Лукі-Агра» і КУСП “Чарняхоўскі-Агра” плануецца прыступіць да сяўбы зерневых культур.

Зараз на палях ідзе падкормка азімых збожжавых (25%), азімага рапсу (21), азімай свірэпіцы (100), шматгадовых траў (60), сенажацяў і пашы (17). Шматгадовыя травы падсеяны на 520 га.

Пад яравую  сяўбу ўнесена азотных угнаенняў на плошчы 4168 га, фосфарных — 5771 га, калійных — 9536 га. Маецца 57% азоту, 26 фосфару, 90 калію.

Кіраўнік раёна даручыў узяць на асаблівы кантроль харчаванне работнікаў масавых прафесій падчас пасяўной:

— Людзі павінны атрымліваць якасныя, смачныя і недарагія стравы прама ў полі і галоўнае — своечасова. Цяпер усе, пачынаючы ад кіраўнікоў і заканчваючы паляводамі, павінны быць нацэлены на адну задачу — якасна і ў тэрмін правесці пасяўную.

Асаблівая ўвага падчас нарады была нададзена прафілактыцы палаў сухой расліннасці. У бягучым годзе на тэрыторыі раёна адбылося ўжо тры ўзгаранні: у вёсках Пагарэлка Ярэміцкага сельсавета, Любанічы і Крышылоўшчына Лукскага.

— У мінулым годзе на Карэліччыне ліквідавана 19 сухапалаў, устаноўлены два вінаватыя, якія аштрафаваны на 10 базавых велічынь кожны, — адзначыў начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік.

— У памяці яшчэ свежае надзвычайнае здарэнне, якое адбылося ў красавіку 2020 года ў вёсцы Нарчы Шчучынскага раёна, — нагадаў Генадзій Шатуеў. — 70-гадовы мясцовы жыхар у двары свайго дома паліў сухую траву, што прывяло да пажару. У выніку згарэлі 21 дом і 24 гаспадарчыя пабудовы. Трэба памятаць, што спальванне сухой травы катэгарычна забаронена! Спальванне смецця павінна адбывацца ў прысутнасці гаспадароў у зацішнае надвор’е, пад рукой трэба мець рыдлёўку і вядро з вадой. Ад будынкаў трэба трымацца на значнай адлегласці.

Яшчэ адно хвалюючае ўладу і жыхароў пытанне — рамонт дарог, стан якіх пасля асенне-зімовага перыяду заканамерна пагаршаецца. З пачатку года ДРБУ-158 для правядзення ямачнага рамонту выкарыстана 34 т халоднай сумесі, работы праведзены на 295 метрах квадратных. З 23 сакавіка ў раёне пачне працу цэх па вытворчасці асфальту. У бліжэйшых планах — рамонт пад’езда да агр. Турэц, дарог Турэц-Ярэмічы-Скорычы, Райца-Цырын-Навасёлкі.

Іна ЛЕЙКА