Пра дзяржаўную падтрымку сем’яў з дзецьмі расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш

15 мая  краіна адзначыць Дзень сям’і. Ці праўда, што беларусы – сямейная нацыя? Колькі грошай выдзяляе дзяржава, калі ў сям’і нараджаецца дзіця?  Пра гэта распавяла карэспандэнту газеты “Полымя” начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш.

– Іна Аляксандраўна, наколькі  карэліччане  цэняць сям’ю і колькі дзяцей часцей заводзяць?

– Паводле звестак сацыялагічных апытанняў, сям’я з’яўляецца прыярытэтам для абсалютнай большасці беларусаў. 98% насельніцтва лічыць яе найважнейшай часткай жыцця. У сем’ях пражывае каля 80% грамадзян. У нашым  раёне на 01.05.2023 г. пражывае 212 мнагадзетных сем’яў. З іх 170 выхоўвае траіх спадчыннікаў, 30 — чацвярых, 10 — пецярых і  дзве — шасцярых. Усяго ў  шматдзетных сем’ях выхоўваецца 692 дзіцяці.

– Ці шмат сродкаў траціць дзяржава на матэрыяльную падтрымку сем’яў з дзецьмі? Для якіх катэгорый гэтая дапамога найбольш важкая?

– Пры нараджэнні першага дзіцяці выплачваецца 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (далей БПМ), а пры з’яўленні на свет другога і наступнага дзіцяці — 14 БПМ) Пры нараджэнні адразу двух і больш немаўлят дзяржавай прадугледжана аднаразовая выплата на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці,  выплачваецца па два БПМ на кожнае дзіця.

Пры нараджэнні першага дзіцяці гадавая сума дзяржаўнай падтрымкі ў першыя 12 месяцаў складае амаль дзесяць тысяч рублёў. Пры нараджэнні другога або наступнага — амаль дванаццаць тысяч рублёў.

Пры выхаванні ў сям’і дзіцяці з інваліднасцю ва ўзросце да трох гадоў на дзіця выплачваецца 45% ад сярэдняй заработнай платы.

Памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў пераразлічваюцца два разы на год (з 1 лютага і 1 жніўня), а іншых дапамог, якія вылічваюцца з бюджэту пражытачнага мінімуму, — штоквартальна.

— Найбольшы аб’ём матэрыяльных выплат прыпадае на перыяд выхавання дзяцей ва ўзросце да трох гадоў,  і ён узрастае з нараджэннем другога або наступнага дзіцяці.

— Выплата дапамог — гэта сістэмны механізм падтрымкі сям’і. Калі ж бацькі з дзецьмі апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пераадолець праблемы дапаможа сістэма дзяржаўнай адраснай дапамогі. Людзі могуць разлічваць на штомесячную і аднаразовую сацыяльныя дапамогі, дапамогу на набыццё сродкаў гігіены для дзяцей-інвалідаў з IV ступенню захворвання, забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. У 2022 годзе  адрасную дапамогу атрымалі  837 чалавек  на суму 406,08 тыс.  рублёў. У першым квартале бягучага года такую дапамогу атрымалі 288 чалавек на 133,09 тыс. рублёў.

— Гэта што тычыцца грошай. Але, акрамя матэрыяльных выплат, якія, вобразна кажучы, сем’і атрымліваюць у рукі, прадугледжаны шэраг іншых сацыяльных гарантый. Дзяржава пэўныя патрэбы фінансуе са свайго бюджэту, такім чынам эканомячы сродкі з кашалька сям’і. Нагадайце пра іх.

— Адна з іх — субсідзіраванне сістэмы адукацыі. У ліку іншых сацыяльных гарантый — бясплатнае медабслугоўванне, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне непаўналетніх дзяцей, забеспячэнне лекамі малых да трох гадоў і дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў. Плюс ільготы ў працоўнай і падатковай сферах.

— З першага студзеня 2015 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 572 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей”, устаноўлена дадатковая дзяржпадтрымка. Самая, мабыць, надзённая тэма — жыллё для шматдзетных. Як указ дзейнічае ў нашым раёне?

— Сёння  шматдзетныя сем’і ў першую чаргу забяспечваюцца жыллём. Рашэннем Кіраўніка дзяржавы прадугледжана накіраванне іх на будаўніцтва на працягу аднаго года з даты пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу. Так,  з 2015 года сямейны капітал прызначаны 224 сем’ям, з іх 99 сем’яў скарысталіся ім датэрмінова: 88 сем’яў — на будаўніцтва жылля, 4 — на атрыманне адукацыі, 7 — на атрыманне медыцынскіх паслуг.  Акрамя гэтага, шматдзетныя сем’і маюць магчымасць атрымаць дзяржпадтрымку ў выглядзе аднаразовай бязвыплатнай  субсідыі,  ільготны крэдыт на  набыццё жылога памяшкання,  будаўніцтва або рэканструкцыю жылля.

Матэрыяльная падтрымка сем’яў з дзецьмі вельмі важная, але не менш важным з’яўляецца ўмацаванне інстытута сям’і і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, павышэнне ступені ўцягнутасці бацькоў у працэс выхавання і догляду за дзецьмі, развіццё ўмоў для гарманічнага балансу “сям’я — праца”. Практыкі па сумяшчэнні занятасці і бацькоўства прадугледжаны ў рамках падпраграмы “Сям’я і дзяцінства” дзяржпраграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека”. На яе рэалізацыю, а таксама з улікам выплаты дапамог сем’ям з дзецьмі за пяць гадоў дзяржава плануе накіраваць больш за 18 мільярдаў рублёў.

Кацярына КУКАНАВА

Фота з архіва рэдакцыі