У бягучым годзе з Карэліцкага раёна на экспарт адправяць 1870 тон кароткага льновалакна

У бягучым годзе з Карэліцкага раёна на экспарт у Кітай і Расію адправяць 1870 тон кароткага льновалакна. У мінулым годзе экспарт паўночнага шоўку склаў 1721,4 тоны. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

— У мінулым годзе атрыманы рэкордны ўраджай ільнотрасты, дзякуючы якому вытворчыя магутнасці завода былі загружаны на 100%, — 16,1 тысячы тон ураджайнасцю 47,6 ц/га, — адзначыў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч. — Сёлета пасяўныя плошчы засталіся на ўзроўні леташніх, аднак адсутнасць вільгаці адбіваецца на развіцці культуры. Калі ў мінулым годзе ў гэты час вышыня сцябла дасягала 15 сантыметраў, то ў бягучым толькі 6-7.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Быліч далажыў сітуацыю ў будаўнічай сферы. За 4 месяцы бягучага года аб’ём  падрадных работ вырас у 4,2 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, тэмп росту будаўніча-мантажных работ склаў 117%. Уведзена ў эксплуатацыю 1565 квадратных метраў жылля, заданне выканана на 58%.

Іна ЛЕЙКА