Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока: «Наша стратэгія – гэта ў першую чаргу бяспека і справядлівасць»

Адзінства і згуртаванасць – на гэтых асноўных складніках павінны будавацца ўзаемаадносіны паміж краінамі – членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, — лічыць член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока. — Пра гэта ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з членамі Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ. Абстаноўка ў свеце застаецца вельмі напружанай, і таму вельмі важна аб’яднаць намаганні для сумеснага вырашэння актуальных праблем і складаных крызісных сітуацый, каб захаваць суверэнітэт і незалежнасць сваіх краін.

Каля нашых заходніх межаў неспакойна, і мы разумеем, што Захаду трэба адно – вайна. Ды яны і не хаваюць гэтага, адкрыта нарошчваючы ваенны патэнцыял. У той час такія сур’ёзныя арганізацыі, як ААН і АБСЕ, якія пазіцыяніруюць сябе прыхільнікамі захавання міру і бяспекі ў Еўропе, бяздзейнічаюць, Беларусь заклікае вярнуцца да мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Мы ўпэўнены: толькі ўзаемапаважлівы і раўнапраўны дыялог зможа спыніць канфрантацыю і дапаможа ўмацаваць як рэгіянальную, так і глабальную бяспеку. Расія, дарэчы, да мірных ініцыятыў гатова.

Падчас сустрэчы наш Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў важную ролю адзінства ў АДКБ для процідзеяння знешняму ціску і заходнім санкцыям і адзначаў, што наша стратэгія – гэта ў першую чаргу бяспека і справядлівасць. Самае важнае — гэта захаваць мір.

 Іна ЛЕЙКА