У ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» праведзена ўрачыстая лінейка «Апошні званок -2023»

У сярэдняй школе № 2 райцэнтра сабраліся вучні, педагогі, бацькі, госці. Свята першага званка пачынаецца. Выносіцца сцяг Рэспублікі Беларусь. Гучыць гімн краіны.
2022-2023 навучальны год увойдзе ў летапіс краіны як Год гістарычнай памяці і Год міру і стварэння. На рахунку вучняў навучальнай установы — шмат дасягненняў, перамог, узнагарод.

Слова прадастаўляецца дырэктару школы Вікенцію Браніцкаму для падвядзення вынікаў года і віншавання з нагоды заканчэння навучальнага года. Кіраўнік навучальнай установы ўручае граматы актывістам, спартсменам, выдатнікам: Уладзіславу Ульянку —за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны; Дар’і Лейка, Мацвею Сап’яніку, Мікіце Ложачніку, Генадзію Лістуку, Станіславу Макарчыку, Аляксею Пахольчыку, Аляксею Палуяну — за актыўны ўдзел у мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнага накірунку; Максіму Грушэўскаму, Ільі Карасю, Мікіце Ложачніку, Дар’і Казарэз, Уладзіславу Крывапусту — за актыўны і рэзультатыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

На свята завітала начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч. «Кім бы вы ні сталі ў дарослым жыцці, захавайце дабрыню і павагу, цаніце, што маеце, і самае важнае — сям’ю», — заклікала прамоўца і пажадала бацькам падтрымліваць заўсёды сваіх дзяцей, а выпускнікам — поспеху і ўдачы. Педагогаў падзякавала за працу і ўручыла навучальнай установе сертыфікат на набыццё палаткі для адпачынку дзяцей.

«Вы — новае пакаленне, імкніцеся больш даведацца аб нязведаным і не спыняйцеся на дасягнутым», — сказала намеснік старшыні КСУП «Малюшычы» па ідэалагічнай рабоце Святлана Казак і падзякавала бацькам, якія працуюць у сельгаспрадпрыемстве. Ідэолаг урычыла школе ў якасці падарунка сертыфікат на набыццё дзвюхмесных палатак.

Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік выказаў спадзяванне, што дзяўчынкі і хлопчыкі добра адпачнуць падчас летніх канікул, а бацькі праявяць пры гэтым пільнасць і ўважлівасць да сваіх непаўналетніх дзяцей, і ўсім лета будзе ў радасць.


Благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса зычыў выпускнікам захоўваць пачуццё ўдзячнасц да педагогаў і памятаць пра сваіх бацькоў. Заклікаў не забываць пра Бога і пажадаў цярпення, стойкасці, старанняў, і каб усё ў жыцці атрымалася. «Лета — добры час для душы і цела. Дапамогі Боскай і крэпасці сіл!» — пажадаў святар.


Галоўныя на свяце — выпускнікі школы, пра кожнага гучыць аповед, да іх у гэты дзень асаблівая ўвага. Класны кіраўнік Ларыса Каркозава жадае дзяўчатам і юнакам шчаслівай дарогі і знайсці сябе ў жыцці: каб новая кніга жыцця была напоўнена цікавымі падзеямі, а бацькам падзякавала за супрацоўніцтва.
Ад імя бацькоў слова трымала Наталля Адамцэвіч, якая пажадала юнакам і дзяўчатам ісці ўпэўнена да пастаўленай мэты і дасягнуць значных поспехаў. Нагадала пра тое, што на свеце ёсць куточак, дзе іх заўсёды чакаюць і падзякавала школе за веды. Усім пажадала добрага лета і мірнага неба.

Дзесяцікласнікі заклікаюць выпускнікоў не забываць родную школу, а першакласнікі — не губляць радасці і творчых пошукаў.
Шчыры вялікі дзякуй выпускнікі выказваюць настаўнікам школы.
Юнакі і дзяўчаты кружацца ў вальсе.
Дзевяцікласнікі выконваюць флэшмоб «Беларусь Незалежная».
Права даць апошні званок прадастаўляецца першакласніцы Веры Макарчык і адзінаццацікласніку Аляксею Палуяну.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Ларысы ШУГЛІ