В Кореличском районе начали уборку трав первого укоса (+видео с высоты)

Як вядома, поспехі жывёлаводаў залежаць не толькі ад працы спецыялістаў, але і ад нарыхтаванай кармавой базы. Карыстаючыся яснымі пагодлівымі днямі, работнікі СВК “Свіцязянка-2003” ад раніцы і да вечара шчыруюць на палях, імкнучыся нарыхтаваць як мага больш корму для кароў.

Галоўны аграном прадпрыемства Дзмітрый Волк кажа, што цяпер перад работнікамі СВК стаіць задача не проста забяспечыць галіну жывёлагадоўлі цэнтнерамі кармавых адзінак. Трэба, каб кармы былі пажыўнымі. Для гэтага неабходна не толькі вырасціць, але ўбраць і захаваць якасны прадукт. Каб дасягнуць гэтага, зялёную масу нарыхтоўваюць строга па тэхналогіі, накіраванай на захаванне ў сенажы ўсіх пажыўных рэчываў.




Пасля таго як траву скасілі, яна павінна падсохнуць да вільготнасці 55-60%. Дзе гэта неабходна, карыстаюцца сеноразбівалкамі. Правяленую масу зграбаюць ў валкі, затым яна паступае ў падборшчык і дастаўляецца ў спецыяльныя траншэі для захоўвання. Дзмітрый Мікалаевіч адзначае, што нарыхтоўка сенажу адбываецца з выкарыстаннем біялагічнага кансерванту, каб не дапусціць росту шкодных і гніласных бактэрый, і корм лепш захаваўся.

— На сённяшні дзень скошана 394 га, закладзена 1440 тон сенажу, — дзеліцца Дзмітрый Волк. — З першага ўкосу плануецца закласці 12542 тоны. Спачатку касілі злакавыя расліны, цяпер убіраем люцэрну.

Каб захаваць сянаж ад усіх магчымых шкоднікаў, на дно ямы кладуць плёнку з сінтэтынага каўчуку, сянаж накрываюць двума відамі плёнкі — вакуумнай і двухбаковай. Зверху — сетка і сіласныя мяшкі. Атрымліваецца добра загерметызаваная траншэя.

Якасная работа ў гаспадарцы залежыць не толькі ад тэхналогій, але і ад працоўнага калектыву. На касавіцы задзейнічана 35 чалавек. На касьбе траў разам шчыруюць Дзяніс Савоська і Валерый Калеснік. За трактарамі, якія зладжана косяць парай, кладуцца роўныя пракосы. На трактары Дзяніса Савоські — новая касілка. Мужчына, які працуе механізатарам ужо дзесяць гадоў, кажа, што ў працы яму дапамагае жаданне дасягнуць новых вяршыняў.

Валерый Калеснік і Дзяніс Савоська

Паводле інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама, першы ўкос траў у раёне пачалі 19 мая. Аграрыямі Карэліччыны скошана 1056 га траў (7%), нарыхтавана 2160 тон сенажу (1%) і 2614 тон сіласу (2%). Уборка азімых культур на кармавыя мэты праведзена на 817 га, нарыхтавана 4452 тоны зялёнай масы. Выкарыстана 3656 тон зялёнай масы на корм жывёле, у тым ліку 2012 тон пашавай зялёнай масы.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара