Кореличский районный центр гигиены и эпидемиологии: «Несанкционированная торговля представляет опасность для человека»

9 чэрвеня санітарна-эпідэміялагічная служба раёна, прадстаўнікі аддзела эканомікі Карэліцкага райвыканкама і супрацоўнікі РАУС правялі чарговае абследаванне месцаў ажыццяўлення несанкцыянаванага гандлю.

У гэты раз мабільная брыгада накіравалася ў бок г.п. Мір. Нелегальны гандаль па дарозе да гарпасёлка — праблема не новая. Таму вырашаем вывучыць абстаноўку ў самых папулярных месцах, якія аблюбавалі прадаўцы.

Вось вёска Пясочная, тут вельмі часта мясцовыя жыхары арганізавоўваюць “прыдарожны сервіс” па збыце агародніны, яек і прадуктаў харчавання. Сёння чамусьці такіх кропак выявіць не ўдалося, але вось у канцы вёскі ўбачылі, як мужчына на самаробным абсталяванні развешвае сухую і вэнджаную рыбу, а частка яе распакаваная па папяровых пакетах ляжыць на стале. Накіраваліся да яго.

— Па чым рыбка? І што за яна?

— Па цане дамовімся, якую вам? Вось карп, лешч. А вось гэта дзікі карась, якога нідзе больш не купіце, — і дэманструе голымі рукамі адну за другой рыбіны. Потым мужчына падвёў нас да машыны і паказаў, што большая частка вэнджанай рыбы захоўваецца ў халадзільніку. Але ў продажы і тая, што цэлы дзень “на вітрыне”. Страшна ўявіць, як можна есці яе пасля тых гадзін, якія яна правісела ў пыле каля цэнтральнай дарогі.

Далей накіраваліся ў г.п. Мір. Уздоўж дарогі, недалёка ад каледжа, каля жылога дома, стаіць вядро з бульбай, а побач яшчэ сетка і шыльда: “Прадаецца бульба. Звяртайцеся па тэлефоне*******”. Хіба не ведаюць жыхары, што вулічны гандаль з рук у Беларусі афіцыйна забаронены? А згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях рэалізацыя фізічнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце, а таксама ў іншых грамадскіх месцах па-за рынкам — цягне накладанне штрафу ў памеры да трох базавых велічынь. Гэтую інфармацыю давялі зацікаўленыя службы да ведама тых, хто лянуецца ехаць на рынак.

Падчас рэйдавай праверкі пабывалі і на прывакзальнай плошчы ў г.п. Мір. Там гандляваць дазволена, але неабходна прытрымлівацца ўмоў захоўвання прадуктаў харчавання.
Памочнік урача-гігіеніста Кацярына Варанцова адзначыла:

— Несанкцыянаваны вулічны гандаль уяўляе сур’ёзную небяспеку для здароўя чалавека. Прадукцыя рэалізуецца без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, адсутнічае маркіроўка, не выконваецца тэмпературны рэжым і ўмовы захоўвання. Усё гэта можа прывесці да заражэння кішэчнымі інфекцыямі. Акрамя таго, ужыванне кансерваваных і вяленых прадуктаў хатняга прыгатавання, у тым ліку рыбы, можа стаць прычынай заражэння арганізма таксінам батулізму, што можа прывесці нават да смяротнага зыходу. Каб пазбегнуць такіх праблем, лепш не рызыкаваць і нічога не купляць з рук. Даказаць нешта потым будзе праблематычна. Захаванне правоў спажыўца ў гэтым выпадку ніхто гарантаваць не можа.

Паводле слоў спецыяліста аддзела эканомікі райвыканкама Рады Ярмолы, у раёне вызначаны месцы для гандлю садавіна-агародніннай прадукцыяй. Для пенсіянераў, якія займаюцца продажам ураджаю з уласных падворкаў, за іх нават не трэба плаціць.

Зрэшты, раз такія гандляры ўсё яшчэ працуюць на вуліцах, значыць у іх ёсць кліенты. А вы купляеце прадукты з рук?

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара