В Кореличском районе из-за засухи страдают сельхозкультуры

Другі месяц у Гродзенскай вобласці стаіць сухое надвор’е. З-за глебавай засухі “гараць” пасевы. У самым разгары нарыхтоўка травяністых кармоў, таму аграрыі раёна з усіх сіл імкнуцца ўбраць і захаваць травы, каб забяспечыць жывёлу якаснымі кармамі.

— На сёння ў раёне адзначаецца ачаговая гібель цукровых буракоў, яравых і азімых культур, — кажа начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі Карэліцкага райвыканкама Ілья Самуйлік. — Дзе-нідзе адзначаецца гібель раслін, якіх дажджы ўжо не выратуюць. У дадзены момант праводзіцца абследаванне сельскагаспадарчых пасеваў на прадмет гібелі, але сітуацыя з кожным днём пагаршаецца.

— Сітуацыя няштатная, — каменціруе сітуацыю старшыня СВК «Свіцязянка-2003» Аляксандр Мяцеліца. — У нас прыкладна паўтара месяца не было дажджоў. Пасевы «гараць», асабліва на палях, размешчаных на пяшчаніках. Цяпер гэта выяўляецца на шматгадовых травах, азімых культурах. Рапс пачаў скідаць стручкі, якія ўжо завязаліся. Цукровыя буракі спыніліся ў росце. Гэта сведчыць аб тым, што запланаваны ўраджай атрымаць будзе цяжка. Там, дзе сабралі травы першага ўкосу, уносім азотныя ўгнаенні, каб трохі палепшыць сітуацыю. Палову шматгадовых траў ужо падкармілі, рыхтуемся да другога ўкосу. На землях, дзе ўнеслі ўгнаенні, ужо ёсць вынік.

Працаўнікі вёскі дзень за днём з надзеяй зазіраюць у метэаралагічныя зводкі ў чаканні дажджу. Аднак на бліжэйшы тыдзень сіноптыкі абяцаюць яснае, сонечнае надвор’е, а значыць глеба працягне губляць вільгаць. Моцных дажджоў пакуль не прадбачыцца.

 Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара