Сярод лідараў па нарыхтоўцы кармоў у Карэліцкім раёне знаходзіцца КСУП “Племзавод Карэлічы”

Сезон зялёнага жніва набірае абароты. Першы ўкос шматгадовых траў асабліва важны для сельскай гаспадаркі — у гэты перыяд будучы сянаж найбольш пажыўны і сакавіты.

У ліку лідараў па нарыхтоўцы кармоў на ўмоўную галаву ў раёне — КСУП “Племзавод Карэлічы”. Тут нарыхтавалі 5,1 ц карм. адз., што на 2,89 ц карм. адз. больш, чым летась. Па гэтым паказчыку прадпрыемства займае трэцяе месца ў раёне (на першым месцы СВК «Маяк-Заполле» (6,05 ц карм. адз.), на другім — ДП «Чарняхоўскі-Агра» (5,92 ц карм. адз.). Аграрыі разумеюць: забяспечанасць кармамі — заклад харчовай бяспекі.

На ўборцы зялёнага ўраджаю ў КСУП “Племзавод Карэлічы” працуе 11 чалавек. Аграрыі спяшаюцца своечасова сабраць травы першага ўкосу, пакуль яны не страцілі сваю сакавітасць і пажыўнасць. Баяцца ёсць чаго: палі пакутуюць ад засухі, глеба ператвараецца ў пыл, а маладыя травы выгараюць пад сонцам.

Сяргей Лагута працуе на корманарыхтоўцы ўжо 31-ы сезон. 17 з іх мужчына ад’ездзіў на “Ягуары”. Механізатар кажа, што працаваць яму падабаецца, на ўборку зялёнай масы выязджае з задавальненнем. У дзень збірае ў сярэднім 300 тон зялёнай масы.

Работа на палях арганізавана так, каб кормаўборачны камбайн не прастойваў. Каля поля, дзе ідзе падбор травы, стаяць напагатове грузавыя аўтамабілі і трактары з прычэпамі. Адным з іх кіруе механізатар Валерый Гайдыш.

— Я ўжо трэці год працую на трактары, — кажа Валерый. — Тэхніка добрая, працуе, як гадзіннік.

Па словах галоўнага агранома КСУП “Племзавод Карэлічы” Івана Кошура, першы ўкос тут плануюць завяршыць да 15 чэрвеня.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара