Унікальныя традыцыі народнай творчасці прадставілі майстры Гродзеншчыны на ХІV Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных рамёстваў «Вясновы букет»

Унікальныя традыцыі народнай творчасці прадставілі майстры Гродзеншчыны на ХІV Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных рамёстваў «Вясновы букет»

Актыўны ўдзел у імпрэзе прынялі каля 30 майстроў з Гродзенскай вобласці.

Традыцыйны ХІV Рэспубліканскі фэст-кірмаш «Вясновы букет» адбыўся 3 чэрвеня ў Мінску і аб’яднаў больш за 350 майстроў з усёй краіны. Актыўны ўдзел у імпрэзе прынялі і каля 30 майстроў з Гродзенскай вобласці. Як адзначылі ў Гродзенскім метадычным цэнтры народнай творчасці, фестываль стаў адным з самых буйных рэспубліканскіх святаў традыцыйнай культуры.

– На фестывалі-кірмашы была прадстаўлена вялікая колькасць традыцыйных беларускіх вырабаў з саломы і дрэва, ткацкіх станкоў і ганчарных вырабаў. Атмасфера на свяце была асабліва каларытная: увесь час спявалі музыкі, танчылі плясуны. Гараджан і гасцей сталіцы аб’яднаў сапраўдны беларускі народны дух, – рассказала намеснік дырэктара Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. – Тэматычная пляцоўка Гродзенскай вобласці на фестывалі была прадстаўлена экспазіцыямі выстаў народнага мастацтва Астравецкага, Зельвенскага, Лідскага, Смаргонскага, Свіслацкага, Карэліцкага, Шчучынскага, Мастоўскага, Дзятлаўскага і  Навагрудскага раёнаў. На свята прыехалі таленавітыя майстры сваёй мясцовасці, якія на высокім узроўні прадставілі нашу вобласць на фестывалі.

0-02-05-e98e0467cee52b3fcc9f507cc46dbddd7c638d7e0a87abba4f10309fe036fa0d_6e63e5d01324aaab.jpg

І сапраўды, Гродзеншчыне ёсць чым падзяліцца на фестывалі народных рамёстваў. Так, дыпломам першай ступені былі ўзнагароджаны народныя майстры Беларусі Людміла і Аляксандр Мускіх са Смаргоні, якія на конкурсе ў чарговы раз прадставілі сваю ўражваючую калекцыю работ з лазы.

Поспеху на фестывалі дасягнула і супольнасць Мастоўскага раёна, якая здаўна ганарыцца такімі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі як традыцыйная тэхналогія ткацтва падвоўных дываноў і мясцовым танцавальным стылем «Котчынская кадрыля». На конкурсе ад гэтай мясцовасці былі прадстаўлены творчыя калекцыі роспісу і выцінанкі Алены Садаўнічай, якая, дарэчы, з’яўляецца адной з носьбітаў традыцыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Беларускае мастацтва выцінанкі».

0-02-05-7951aea1fe4503e42fcdf418d11de276ad305f006103284907675a0196fe1f6c_2182ffa4a306da25.jpg

Акрамя гэтага Мастоўскі раён прадставіў тэхніку вязання на спіцах Лідзіі Парамонавай, калекцыю вышыўкі і сувенірных лялек-абярэгаў Ірыны Фядзюк, а таксама тэхналогію спіральнага пляцення з прыродных матэрыялаў (травы, лазы) Ірыны Славута, якая са сваімі работамі заняла на фестывалі другое месца.

0-02-05-d7ba086a0d356009fc01aae8a10e58d061753b6232c2f8a1ed76d85209a39d06_edf199c2b0de1268.jpg
0-02-05-ecc369f27801a0cf06df600cdfb2cc565ab20e505643a82cdd10351e5efafe05_af8f8a9bc8725862.jpg

Увагі заслугоўвае і культурная спадчына Лідчыны. Сваю калекцыю карунак, вывязаных шыдэлкам па аўтэнтычных узорах з этнакалекцыі аддзела раместваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, прадставіла Марыя Шылкоўская, якая заняла на фестывалі-кірмашы 3 месца.

Акрамя Марыі Шылкоўскай майстэрства Лідчыны дэманстравала народны майстар Беларусі Валянціна Сільвановіч – адна з носьбітаў традыцыі белаўзорыстага ткацтва Панямоння, што занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

З годнасцю прадставілі Гродзеншчыну і майстры з Астравецкага раёна, які шырока славіцца сваёй культурай саломапляцення. Напрыклад, майстар Аксана Вакуліч прадэманстравала на конкурсе сваю тэхніку інкрустацыі саломкай па дрэве.

А вось Зэльвенскі раён прадставіў на фестывалі свае набыткі ў галіне ганчарства і мастацкай керамікі.

Дзятлаўшчына заявіла на фестываль сваіх выбітных майстроў па вырабу паясоў, вышаванню, карункапляценню, лозапляценню і не толькі.

0-02-05-ec946fc16057a99e295a7f7bb93b8ac2653da68bc67eb78d80d1979eb328c69f_1ff306285d0083d7.jpg

Цікавыя майстар-класы па вырабу народных паясоў на ніту і «на калодзе» на конкурсе прадставілі майстры Карэліцкага раёна Анастасія Есьман і Каміла Варатнікова. А вядомы на Гродзеншчыне майстар Аляксандр Заблоцкі здзівіў прысутных сваёй мастацкай разьбой па дрэве.

Пастаянныя ўдзельнікі рэспубліканскага фестываля народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет» – майстры Навагрудчыны. А ўнікальная мясцовая традыцыя «навагрудская выцінанка-выбіванка», якая сёння занесана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткаю традыцыйнай культуры Гродзеншчыны. Галоўнай захавальніцай і пераемніцай гэтай традыцыі з’яўляецца народны майстар Наталля Клімко са сваей дачкой Веранікай Фраловай.

Своеасаблівым сімвалам ганчарнага рамяства Свіслацкага раёна, які таксама прыняў удзел у фестывалі, з’яўляецца чорнаглянцавая кераміка. На свяце калекцыю сваіх работ прадставіў ганчар-кераміст Яўген  Мяцяшук. Акрамя гэтага, Свіслаччына славіцца і сваімі майстрамі па саломапляценню, ткацтву паясоў і мастацкай апрацоўцы тэкстылю.

Шчучынскі раён прадставіў на фестывалі экспазіцыю работ вядучых майстроў па саломапляценню Вольгі Каранкевіч і Вольгі Роліч, а таксама сваю выставу габеленаў.