З унікальнымі традыцыямі народнай творчасці пазнаёміла гродзенцаў рэгіянальнае свята «Ад прадзіва да ткацтва»

З унікальнымі традыцыямі народнай творчасці пазнаёміла гродзенцаў рэгіянальнае свята  «Ад прадзіва да ткацтва»

Свята сабрала знакамітых ткачых з усёй вобласці.

Рэгіянальнае свята народнай творчасці «Ад прадзіва да ткацтва», прымеркаванае да Году міру і стварэння, прайшло сёння ў Гродна ў рамках рэалізацыі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці ў сучасных умовах.

photo_2023-06-10_19-32-59.jpg
photo_2023-06-10_19-33-02.jpg

У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Клімовіч, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Хільмончык, а таксама майстры народнай творчасці з усіх раёнаў Гродзеншчыны.

photo_2023-06-10_19-32-56.jpg

– Сёння мы сабраліся, каб сказаць аб самых цудоўных, таленавітых, вельмі добрых людзях нашай Гарадзеншчыны, якія сваёй творчасцю аднавілі, захоўваюць і папулярызуюць традыцыі ткацтва нашага краю. Узоры нашага ткацтва занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Усё гэта дзякуючы людзям з нашых вёсак, вялікіх і маленькіх, людзям з нашага города Гродна і з раённых цэнтраў, – сказала начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Клімовіч. – Тое, што гэта свята ў абласным цэнтры, гаворыць аб тым, што не толькі вы, майстры, людзі культуры, але і жыхары, і госці горада дакрануцца да той сапраўднай творчасці, нашай беларускай культуры, на якой трымаецца наша дзяржава і мы, беларусы. 

photo_2023-06-10_19-33-10.jpg
photo_2023-06-10_19-33-14.jpg

Як адзначыла дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Катярына Хільмончык, прыярытэтным напрамкам работы Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра стала традыцыйная культура Гродзеншчыны. Вынікам плённай працы супрацоўнікаў устаноў культуры Гродзенскай вобласці стала тое, што сёння 22 элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія існуюць у рэгіёне, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

photo_2023-06-10_19-32-43.jpg

– Праца па адраджэнні традыцый ткацтва будзе працягнута. Дзякуючы асаблівай падтрымцы дзяржавы і ўпраўленню культуры нашага Гродзенскага аблвыканкама па гранце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нам выдзелены сродкі на рэалізацыю праекта «Ад прадзіва да ткацтва». Мы вельмі ганарымся самабытнай і багатай традыцыйнай культурай Гродзеншчыны, і сёння на свяце мы адзначаем самых вядомых ткачых нашай вобласці, – сказала Катярына Хільмончык.

Свята сабрала знакамітых ткачых з усёй вобласці, якія не пакідаюць спрадвечны жаночы занятак, і тых, хто рупліва і грунтоўна засвойвае мясцовыя традыцыі па-сапраўднаму народнага рамяства – ткацтва.

photo_2023-06-10_19-33-17.jpg
photo_2023-06-10_19-33-38.jpg

На мерапрыемстве таксама ўзнагародзілі майстроў ткацтва з усёй вобласці. Сярод іх – старэйшы народны майстар Рэспублікі Беларусь Вера Белакоз з вёскі Ляткі Мастоўскага раёна. Вера Ігнатаўна – асноўны захавальнік традыцыі ткацтва падвойных дываноў на Мастоўшчыне.

photo_2023-06-10_19-33-24.jpg

Сённяшняе свята зладжана і дзякуючы плённай працы Алены Шунейка – метадыста Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, унікальнага майстра габеленаў, стварэннем якіх яна займаецца з 1982 года. Творчасць Алены Шунейка па вырабу габеленаў у традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

З Зельвы на свята сёння прыехала Антаніна Пенцяк, народны майстар Рэспублікі Беларусь. Ганаровае званне ёй прысвоілі ў 2004 годзе. Як гаворыць сама Антаніна Пятроўна, далі за тое, што вельмі актыўна ўдзельнічала ў развіцці народных рамёстваў: ездзіла на фестывалі народнай творчасці, навучала моладзь.

photo_2023-06-10_19-32-53.jpg

– Каля 13 гадоў таму мяне запрасілі ў Дом рамёслаў. Там я займаюся ткацтвам і прадзівам дагэтуль, і таксама гэтаму навучаю. Маладыя нават прыходзяць да мяне дадому, каб пераняць мае веды. Я таксама ўдзельнічаю ў конкурсах,  кірмашах: і ў Гудзевічы ездзіла, дзе заняла другое месца па ткацтву, і ў Мінск, і на Ганненскіх кірмашах у Зэльве я пастаянны госць. Народная творчасць – гэта вельмі важна. Маладым патрэбна больш дакранацца да культуры і традыцый краіны, – сказала Антаніна Пятроўна.

Кожны жадаючы мог завітаць на ткацкі падворак кожнага раёна, пабачыць тэкстыльныя вырабы, атрымаць майстар-клас па ткацтву, вырабу народнага пояса. Таксама для гасцей свята працаваў імправізаваны музей пад адкрытым небам «Бацькоўскую спадчыну захаваем на вякі», дзе можна было пабачыць прылады па апрацоўцы лёну, прыстасаванні для прадзення і снавання пражы.

Прэзентавалі на мерапрыемстве і тэкстыльнае палатно «Квецень Панямоння», якое складаецца з міні-габеленаў, падрыхтаваных майстрамі ткацтва з 17-ці аддзелаў рамёстваў і традыцыйнай культуры раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці.

photo_2023-06-10_19-33-44.jpg