Как дети отдыхают в лагере «Вясёлка»

У прыгожым і маляўнічым куточку Карэліцкага краю размясціўся дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка». Ужо сама прырода спрыяе таму, каб дзяўчынкі і хлопчыкі добра адпачылі, паправілі здароўе, знайшлі сяброў.

І ім гэта ўдаецца зрабіць, бо за іх у адказе дзяржава, службы, дарослыя. Іх дні напоўнены незабыўнымі ўражаннямі і цікавымі справамі, і іх яшчэ доўга будуць саграваць цёплыя ўспаміны.

ЖЫЦЦЁ — УСЯМУ АСНОВА

Напачатку гутарым з выконваючай абавязкі дырэктара дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка» Вольгай Матусевіч. Пра сябе паведала, што на гэтай пасадзе першы год. Дзесяць гадоў была намеснікам дырэктара лагера, пэўны час інструктарам па спорце і старшым выхавальнікам. Працуе настаўнікам фізкультуры ў ДУА «Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна».

Як адзначае кіраўнік лагера, сёлета ў лагеры плануюцца тры змены. У першую адпачывала 50 дзяцей, у другую — 120, на трэцюю змену ідзе набор. Дзяўчынак і хлопчыкаў чакае шмат цікавых мерапрыемстваў. Сярод іх — «Міс лагера», «Містар лагера», «А ну-ка, парачкі», важацкі канцэрт, Дзень Нептуна, выязныя паездкі ў КСУП «Малюшычы» на вытворчасць хлебабулачных вырабаў, у сядзібу «Літоўка» Навагрудскага раёна і іншыя. Адным словам, кожны дзень будзе напоўнены значнымі культурна-масавымі і спартыўнымі мерапрыемствамі.

Са станоўчага боку суразмоўца адзначыла і кадравае пытанне. 3 22 выхавальнікаў — шэсць практыкантаў з Нясвіжскага педагагічнага каледжа, адзін сталічны педагог, астатнія з Карэліцкага раёна. У штаце працуючых таксама культарганізатар, педагог-арганізатар, педагог-псіхолаг, два інструктары па спорце. Па яе словах, гэта адна вялікая сям’я, што дазваляе зрабіць адпачынак дзяцей карысным і цікавым. Дапамагае ў рабоце і супрацоўніцтва з РАУС, РАНС, святарамі раёна. Другая змена мае свой накірунак — асновы бяспекі жыццядзейнасці, а жыццё, як вядома, — усяму аснова.

СМАЧНЫЯ СТРАВЫ

Вялікае значэнне ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка» надаецца харчаванню адпачываючых. У сталовай на чале з шэф-поварам Рытай Каменко шчыруюць работнікі харчовага блока. Яны імкнуцца, каб стравы былі разнастайнымі, каларыйнымі і падабаліся дзецям. Сярод новых — сасіскі ў цесце, піца, шашлычок, піражкі, пяльмені. З мясных страў прыходзяцца даспадобы гняздзечкі з сырам і агароднінай, катлеты «Пяшчота» і «Дружная», філе з птушкі «Смак», курыныя нагетсы, фрытата (амлет з каўбасой, зялёным гарошкам і сырам) і іншае. Сярод першых страў — боршч, расольнік, капуста, крупяныя, малочныя супы, з агародніны, зацірка.
У меню ўключаюцца апельсіны, бананы, нектарыны, грушы, яблыкі, а таксама глазіраваныя сыркі, ёгурты, натуральныя сокі. З прысмакаў дзеці атрымліваюць зефір, мармелад, пячэнне, пернікі, сушкі.

Харчаванне пяціразовае — сняданак, абед, падвячорак, вячэра, другая вячэра. Яго кантралююць члены бракіражнай камісіі, у яе састаў уваходзяць шэф-повар, намеснік дырэктара лагера, медыцынская сястра. Арганізавана вітамінізацыя — у абед выдаюцца вітаміны.

АДКРЫЛІ ДРУГУЮ ЗМЕНУ

5 ліпеня ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка» адкрылі другую змену, мерапрыемства праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. Адпачываючыя і работнікі лагера сабраліся на цэнтральнай пляцоўцы. З гэтай нагоды да іх завіталі прадстаўнікі мясцовай улады.

Камандзіры атрадаў здаюць рапарты намесніку дырэктара лагера Алене Хвеська, а яна — выконваючай абавязкі дырэктара Вользе Матусевіч аб гатоўнасці да правядзення гэтай падзеі.

Камандзіры атрадаў узнімаюць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гучыць гімн краіны.

Кіраўнік лагера Вольга Матусевіч віншуе ўсіх з пачаткам другой змены і выказвае ўпэўненасць у тым, што праведзеныя дні будуць незабыўнымі, дзяцей чакае шмат карысных і цікавых сустрэч. Жадае добра адпачыць і знайсці новых сяброў.

Начальнік аддзела адукацыі раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч назвала другую змену самай масавай, пажадала дзецям добрага адпачынку, а калектыву лагера — усё зрабіць для гэтага.

«Цікавых мерапрыемстваў, вялікіх уражанняў, і каб сюды хацелася вярнуцца ў наступным годзе», — заклікала Ірына Валер’еўна.

Свае пажаданні выказаў з нагоды адкрыцця другой змены лагера і намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан: дзяўчынкам і хлопчыкам — добрых уражанняў, а работнікам лагера — каб праца была ў радасць. Прадстаўнік мясцовай улады адзначыў, што ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка» створаны добрыя ўмовы для адпачынку, таму праведзеныя дні павінны прайсці весела і хутка.

«Добра адпачыць, з карысцю для душы і цела» — выказаў пажаданні святар Анатолій Шэлест з аграгарадка Лукі і асвяціў прысутных святой вадой.

Свята прадоўжылася на летняй эстрадзе, дзе пад гучныя апладысменты гледачоў гучалі цудоўныя мелодыі.

З першых вуснаў

Дзмітрый НЕНАРТОВІЧ,
выхавальнік пятага атрада «220 вольт»:


— У атрадзе — 27 чалавек ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў. Накірунак змены — асновы бяспекі жыццядзейнасці, і тут для нас лепшымі памочнікамі з’яўляюцца супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і раённага аддзела ўнутраных спраў. Хочацца адзначыць, што адпачываючых чакае шмат цікавых сустрэч. Да прыкладу, у рамках правядзеня ШАГа (школы актыўнага грамадзяніна) плануецца сустрэча з намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгенам Чычканом, які падзеліцца меркаваннямі пра тое, як стаць актыўным грамадзянінам сваёй краіны.

Аляксандр ШАБАН:


— У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка» мне падабаецца. У пяты раз прыехаў і завітваў бы сюды зноў і зноў. Тут адпачываю, удзельнічаю ў мерапрыемствах розных накірункаў: спартыўных, музычных, захапляльных. Адным словам, з карысцю праводжу вольны час.

Дар’я КУЗЬМІЧ:


— Тут вельмі здорава. Кожны дзень праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, ад якіх атрымліваю шмат станоўчых эмоцый. Наперадзе чакаюць спаборніцтвы, конкурсы, гульні, і гэта вельмі радуе.
Выхавальнікі — аднадумцы, якія дапамагаюць наладзіць наш адпачынак.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ