На планерке у председателя: готовность зерноуборочных комбайнов, ремонт школ и детсадов к новому учебному году, возведение МТФ «Остухово»

Падрыхтоўка сельгасарганізацый Карэліцкага раёна да масавай уборкі збожжавых культур знаходзіцца на фінальнай стадыі. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

Умовы надвор’я складваюцца вельмі спрыяльныя, вільготнасць на палях дасягнула ўжо даволі нізкіх значэнняў. На гэтым тыдні пастаўлена задача актывізаваць тыя палявыя работы, якія можна завяршыць да пачатку страды. Напрыклад, завяршыць другі ўкос траў, падсеяць травы.
Стартаваць жніво павінна дакладна ў належны тэрмін. Але для гэтага неабходна забяспечыць поўную гатоўнасць тэхнікі. Па стане на раніцу 11 ліпеня гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў склала 94%, зернесушыльных комплексаў — 97.
— Камбайнавы парк раёна павінен быць гатовы на 100% у самы бліжэйшы час, — завастрыў увагу інжынернай службы кіраўнік раёна. — Трэба нарасціць тэмпы падрыхтоўкі тэхнікі, аказаць дапамогу гаспадаркам, якія адстаюць.
На 11 ліпеня ў раёне намалочана 6315 тон азімага ячменю. Ураджайнасць складае 58,6 ц / га. Абмалочана 1078 гектараў з 1540 — 70 працэнтаў усіх плошчаў азімага ячменю. Летась на гэтую дату было 30 працэнтаў пры ўраджайнасці 42,4 ц/га, але тады пасеваў азімага ячменю было ў 2 разы менш. Шэсць сельгаспрадпрыемстваў раёна ўжо завяршылі абмалот гэтай культуры.
Наступны этап работы — уборка азімага рапсу. Ім у раёне засеяна 3938 га.
Зараз намаганні аграрыяў накіраваны не толькі на ўборку азімага ячменю, але і на нарыхтоўку травяных кармоў з другога ўкосу траў. З 10035 гектараў на сённяшні дзень скошана 5954 гектара (59%).
Абмеркавалі на нарадзе і гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года. На сёння іх гатоўнасць складае 50%, работы ідуць у планавым рэжыме, таму абноўленыя школы і дзіцячыя сады традыцыйна расчыняць свае дзверы 1 верасня.
Далажылі кіраўніку раёна аб і ходзе будаўнічых і рамонтных работ. Так, рытмічна вядзецца ўзвядзенне новай малочна-таварнай фермы “Востухава” ў СВК “Маяк-Заполле”, дзе з пачатку будаўніцтва асвоена 4 млн рублёў. Працягваецца рамонт кацельні на вул. Гагарына ў Карэлічах, аддзялення гемадыялізу Карэліцкай ЦРБ. Рамонтныя работы праводзяцца на дахах васьмі жылых дамоў раёна. У трэцім квартале плануецца завяршэнне капітальнага рамонту трох жылых дамоў у райцэнтры.

Іна ЛЕЙКА