Районный праздник «Чудеса в купальскую ночь» собрал сотни кореличчан в агрогородке Красное

Сотні карэліччан далучыліся да святкавання Купалля ў аграгарадку Краснае.
Купальская ноч на Карэліччыне сапраўды выдалася цудоўнай. Спачатку госці траплялі на купальскі кірмаш, дзе можна было набыць сувеніры, сплесці вянок і падсілкавацца. Асабліва прыцягваюць да сябе незвычайныя тэкстыльныя лялькі, якія прывезла на свята мастрыха з Дзятлаўшчыны Вольга Жыгала.

Найбольш каларытныя з іх, вядома ж, Бабкі Ёжкі. Нягледзячы на тое, што іх клічуць у народзе нячысцікамі, выглядаюць лялькі вельмі пазітыўнымі і могуць упрыгожыць сучасны інтэр’ер.

Побач з выставай лялек размясцілася кафэ пад адкрытым небам, дзе найбольшай папулярнасцю карыстаецца кола фартуны. Пакруціўшы за ручку, можна атрымаць прыз, напрыклад, сродак для мыцця (венік) або залаты запас (шакаладную цукерку ў бліскучай абвёртцы). На стале і маладзільныя яблычкі. Як сцвярджае мясцовая жыхарка Таццяна Бязмен, яны дораць другую маладосць і шмат жыццёвай энергіі.


На суседняй пляцоўцы адбываецца майстар-клас па побытавых танцах. І дзеці, і дарослыя ахвотна ідуць упляс, як калісьці рабілі гэта іх продкі падчас святаў.

Шматлюдна і на гульнёвай пляцоўцы, дзе вядучыя закружылі гасцей свята ў народных гульнях, назвы якіх лашчаць слых: “Карагод”, “Дзяркач”, “Купальскі поцяг”, “Перахоп”, “Круцік”, “Хвасты”.
Не забыліся і пра даўнюю традыцыю шукання папараць-кветкі. Згодна з народнымі вераваннямі, гэтая чароўная расліна надавала чалавеку магічныя якасці: ён пачынаў разумець мову жывёл і дрэў, бачыць скрозь зямлю схаваныя скарбы, лячыць людзей ад розных хвароб, ведаць будучыню.

 

 

 

 

Завяршылася свята на эмацыйнай ноце — запальваннем вялікага вогнішча, у якім згарэлі ўсе нягоды, вясёлым карагодам і дыскатэкай пад адкрытым небам.

Инна ЛЕЙКО

Фото автора

1