У КСУП «Лукі-Агра» адбылося свята «Зажынкі»: тут дадзены старт жніву (+відэа)

 

На велізарнай і добраўпарадкаванай тэрыторыі мехмайстэрань КСУП «Лукі-Агра» ладзілася свята «Зажынкі». Тут сабраліся ўдзельнікі сёлетняга жніва, камбайнеры і вадзіцелі, а таксама прадстаўнікі працоўнага калектыву, раённай улады, культработнікі, святары — яны маюць дачыненне да гэтай важнай падзеі і спадзяюцца, што сёлета жніво пройдзе на высокім узроўні.

Дырэктар КСУП «Лукі-Агра» Мікалай Гавіна адзначыў, што з асаблівым хваляваннем сустракае гэтае жніво, і гэта ўжо 38-я ўборачная кампанія ў яго працоўнай дзейнасці. Кіраўнік гаспадаркі далажыў, што да сёлетняй уборачнай кампаніі падрыхтаваліся 5 ліпеня. Мікалай Аляксандравіч гарантуе паважлівыя адносіны да кожнага ўдзельніка жніва, а яны ў сваю чаргу — да хлеба, і выказаў упэўненасць, што ва ўсіх усё атрымаецца.

Мікалай Гавіна нагадаў пра заробак працаўнікоў сельгаспрадпрыемства. За шэсць месяцаў бягучага года сярэдняя заработная плата склала 1328 рублёў, з пачатку года ў механізатараў — 1700 рублёў, у чэрвені — 2100 руб. Сёлета на палях гаспадаркі будуць працаваць дзесяць камбайнавых экіпажаў, ім трэба ўбраць 3200 гектараў збажыны і 700 гектараў азімага рапсу. «Давайце не падвядзём малую радзіму, будзем працаваць добрасумленна і з павагай да Хлеба», — заклікаў прамоўца і падкрэсліў у сваёй прамове, што сёлетні заробак павялічаны ў параўнанні з мінулым годам і прадугледжаны прэміі ўдзельнікам жніва. Выказаў словы ўдзячнасці за падрыхтоўку да жніва і падкрэслі важнасць пастаўленых задач і ўпэўненасць у тым, што ўсё павінна атрымацца: вырашчаны ураджай у тэрмін і без страт будзе сабраны з палёў.

3авіталі на свята і прадстаўнікі раённай улады, якія выказалі словы пажаданняў у адрас лукскіх хлебаробаў. Старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў назваў «Зажынкі” святам і нагадаў аб тым, што збожжа заўсёды цанілася. Кожная ўборка адрозніваецца ад мінулагодняй, на гэта ўплывае шмат фактараў, у тым ліку і ўмовы надвор’я. Лукскія хлебаробы першымі пачынаюць жніво, і кіраўнік раёна пажадаў ім важкага коласу і лёгкай працы. “Добрыя выраслі збожжавыя, на пасевы прыемна паглядзець. Вы робіце першыя крокі, і паспяховага вам жніва», — пажадаў Генадзій Мікалаевіч.

Асноўным сярод сельскагаспадарчых работ было і засталося жніво. Нездарма ў народзе гавораць: «Хлеб — усяму галава». Есць упэўненасць у тым, што лукскія хлебаробы з пастаўленымі задачамі справяцца, і ўборачная кампанія ў гаспадарцы пройдзе на самым высокім узроўні», — выказаў упэўненасць старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў і пажадаў яго ўдзельнікам моцнага здароўя і Боскага благаслаўлення.

Хлеб — наша жыццё, таму адносіны да таго, як вырасціць будучы ўраджай і сабраць з палёў, вельмі шчырыя і адказныя. Як і прамовы работнікаў сельгаспрадпрыемства, якія гучалі падчас правядзення свята «Зажынкі». Намеснік дырэктара Анатолій Анікій назваў жніво адказнай парой і пажадаў усім здароўя і дабра, а галоўны аграном Павел Тананка — добрых намалотаў і каб уборка прайшла на высокім узроўні і без страт. «Самае галоўнае — здароўе і жыццё. Захоўвайце правілы бяспекі на жніве і клапаціцеся аб напарніку», — заклікаў галоўны інжынер Генадзій Жыгала. Вядучы інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі Леанід Стульскі яшчэ раз нагадаў: каб жніво прайшло без праблем, трэба строга выконваць правілы тэхнікі бяспекі і захоўваць працоўную дысцыпліну. Пра аплату працы падчас правядзення ўборачнай кампаніі яе ўдзельнікам паведаміла галоўны эканаміст гаспадаркі Марыя Гарагляд.

Зажынкі — гэта сапраўднае народнае свята. На ім першы сноп быў уручаны старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзію Шатуеву і дырэктару гаспадаркі Мікалаю Гавіне, удзельнікам жніва — каласкі-абярэгі, каб абаранялі ад паломак і дрэннага надвор’я, узнімалі настрой і прынеслі добрыя вынікі.

«Важкага коласу і лёгкай працы», — пажадалі святары Лукскай і Цырынскай цэркваў Анатолій Шэлест і Алег Сушко. Яны благаславілі хлебаробаў на збор ураджаю і асвяцілі збожжаўборачную тэхніку. Прагучала малітва.

Права ўзначаліць і правесці ў поле камбайны прадастаўляецца знакамітаму земляку, узнагароджанаму Ордэнам Пашаны, Андрэю Штэйну.

… Накіроўваемся за камбайнавымі экіпажамі на поле першага вытворчага ўчастка КСУП Лукі-Агра». Пачынаецца жніво — і кіпіць работа: першыя зярняткі сыплюцца ў кузавы аўтамабіляў, неўзабаве з’яўляюцца і першыя рулоны саломы. Прыемна, што на лукскай зямлі ўмеюць працаваць, і ёсць упэўненасць, што яна аддзячыць яе гаспадароў добрым ураджаем.

Галіна СМАЛЯНКА 

Фота і відэа Ларысы ШУГЛІ