Как в Кореличском районе заботятся о безопасных условиях проживания граждан

У ДУК “Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры” адбылося чарговае пасяджэнне рабочай групы па арганізацыі і каардынацыі дзейнасці назіральных камісій па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян. Адзінокія і адзінока пражываючыя, пажылыя людзі, неблаганадзейныя сем’і і сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, заўсёды знаходзяцца пад пільнай увагай зацікаўленых асоб. У полі зроку суб’ектаў прафілактыкі заўсёды быў і застаецца кожны чалавек і кожны дом.

Перад прысутнымі выступіў начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік, які азнаёміў з аператыўнай абстаноўкай па ўзнікненні пажараў у вобласці і Карэліцкім раёне. Так, па стане на сёмага ліпеня ў раёне зарэгістравана 13 пажараў, у выніку якіх загінулі два чалавекі, два атрымалі траўмы. Пажары часцей за ўсё адбываюцца ў дамах, гаспадары якіх злоўжываюць спіртнымі напоямі. Таксама Дзяніс Аляксандравіч давёў да ведама, што за шэсць месяцаў бягучага года назіраецца рост пажараў у наступных сельскіх Саветах: Райцаўскі (з 1 да 4), Ярэміцкі (з 0 да 2), Мірскі (з 0 да 1, адзін загінулы).

Каб пазбегнуць далейшага росту пажараў на тэрыторыі раёна, рэкамендавана актывізаваць работу назіральных камісій і абследаваць дамы, у якіх пражываюць адзінокія і адзінока пражываючыя, пажылыя людзі, неблаганадзейныя сем’і і сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

Другая частка пасяджэння была прысвечана аналізу недахопаў, выяўленых абласной мабільнай групай у рабоце назіральных камісій. Адзначалася, што, нягледзячы на працу суб’ектаў прафілактыкі па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання жыхароў раёна, парушэнні па-ранейшаму выяўляюцца.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня рабочай групы Яўген Чычкан адзначыў:

— Працу назіральных камісій варта прызнаць станоўчай, і гэта прыемна. Але ўсё ж па-ранейшаму яшчэ выяўляюцца выпадкі няправільнай эксплуатацыі электраправодкі, парушэнні пячнога ацяплення, няспраўнасці аўтаномнага пажарнага апавяшчальнага. Калі, да прыкладу, рамонт печы можна рабіць на працягу летняга перыяду, то да рамонту электраабсталявання, якое знаходзіцца ў пастаяннай эксплуатацыі, неабходна прыступаць неадкладна. Грамадзяне павінны таксама разумець, што спраўны АПА — гэта гарант іх бяспекі. Варта звярнуць асаблівую ўвагу на бяспеку пражывання дзяцей у шматдзетных сем’ях. Неадкладна неабходна праверыць наяўнасць АПА ў жылых памяшканнях такіх дамоў.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара