Пяціразовы Чэмпіён Беларусі па паўэрліфцінгу, трэнер Карэліцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дзмітрый Бязмен: «II Гульні краін СНД сталі свайго роду міні-Алімпіядай»

II Гульні краін СНД, якія праводзяцца гэтымі днямі ў Беларусі, сталі свайго роду міні-Алімпіядай. Бо адчуць дух гэтага грандыёзнага мерапрыемства, паўдзельнічаць у ім можа кожны, — лічыць пяціразовы Чэмпіён Беларусі па паўэрліфцінгу, трэнер Карэліцкага фізкультурна-спартыўнага клуба Дзмітрый Бязмен.

На адкрыцці II Гульняў краін СНД Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чарговы раз нагадаў аб тым, што Беларусь верная алімпійскім ідэалам, якія будуюцца на ўзаемнай павазе і справядлівасці. У гэтыя жнівеньскія дні яна ветліва прыняла спартсменаў, якія гатовыя адстойваць гонар сваёй краіны, яе заваяванні і векавыя традыцыі. Гэтыя гульні даказваюць, што на нашай планеце яшчэ ёсць месца братэрству і ўзаемападтрымцы.

Сапраўдны парад сілы і гонару можна было ўбачыць у дзень адкрыцця спаборніцтваў, калі вядучыя спартсмены 20 краін свету ішлі па «Мінск-Арэне» пад сваімі нацыянальнымі сцягамі. Тут панавала атмасфера адзінства і сяброўства.

Па словах Дзмітрыя Бязмена, поспехі беларусаў яго радуюць, бо другое месца пасля такога спартыўнага гіганта, як Расія дарагога каштуе.

— Я як аматар цяжкай атлетыкі асабліва пільна сачу за паядынкамі менавіта ў гэтым відзе спорту, — адзначае наш зямляк. — Выдатна выступілі беларускія цяжкаатлеты, якія 6 жніўня заваявалі тры залатыя медалі. На вышэйшую прыступку п’едэстала падняліся Дзіяна Майсяевіч, Ягор Папоў і Генадзій Лапцеў. Акрамя таго, срэбра здабыла Аліна Шчапанава, а бронзавымі прызёрамі сталі Кацярына Якушава і Ілья Жарноўскі.

Акрамя сваіх спартыўных рэкордаў, у дні правядзення II Гульняў краін СНД Беларусь таксама прадэманструе свой патэнцыял сучаснай еўрапейскай краіны, якой пад сілу арганізацыя і правядзенне такіх маштабных спартыўных мерапрыемстваў.

Іна ЛЕЙКА