Школы Кореличчины готовятся к новому учебному году

Лета паволі ідзе на спад, але ў школьнікаў застаецца яшчэ амаль месяц для адпачынку. А вось у школах праца не спыняецца ні на дзень: тут актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года. Работы хапае: правесці бягучы рамонт, добраўпарадкаваць тэрыторыю. Сёлета ў раёне за парты сядуць 1579 хлапчукоў і дзяўчынак, 128 з іх пераступяць школьны парог упершыню.

Жухавіцкая сярэдняя школа сустракае нас пахам свежай фарбы. Загадчык гаспадаркі Аляксандр Саковіч расказвае аб работах перад новым навучальным годам:

— Праводзіўся планавы касметычны рамонт кабінетаў, калідораў, спартыўнай залы і сталовай. Былі праведзены рамонтныя работы на прышкольнай тэрыторыі: афарбоўка спартыўнага абсталявання на стадыёне, плота вакол стадыёна, а таксама жалезабетоннага плота вакол школы. Прыгажосць наводзілі рукамі тэхнічных работнікаў.

Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай гатова сустрэць вучняў. На падлозе першага паверха, побач з кабінетамі малодшых класаў, намаляваны каляровыя класікі, каб малыя маглі пагуляць на перапынках.

На сцяне — персанажы вядомых мультфільмаў.

На сценах кабінетаў другога паверха — яркія малюнкі, якія дазваляюць зразумець, што за прадмет тут выкладаюць. Так, сцяна ў кабінеце беларускай мовы ператварылася ў вясковую хатку, а са сцяны кабінета гісторыі глядзяць Юрый Гагарын і Афіна Палада.

— Усе малюнкі выканаў наш настаўнік Генадзій Кожух, — распавядае намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце Алена Крэнь.

Пакуль я разглядаю выявы, Алена Генадзьеўна распавядае пра тое, якія работы праводзіліся ў школе летам:

— Былі афарбаваны сцены, падлога ў калідорах і класах. Паправілі мэблю, якая ў гэтым мела патрэбу, абнавілі фарбу на лаўках і парэнчах ва ўнутраным дворыку, на помніку Ганны Сташэўскай. Усе работы выкананы рукамі работнікаў школы.

Паказваюць мне і новы STEAM-кабінет. Школьнікам даступныя наборы для робататэхнікі, тэлевізар для дэманстрацыі навучальных матэрыялаў, 3D прынтар. На паліцах стаяць цацкі, створаныя і раздрукаваныя на прынтары навучэнцамі школы.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара