Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў запатрабаваў вырашыць пытанне з уборкай смецця ў г.п. Мір

На рабочай нарадзе старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў запатрабаваў вырашыць пытанне з уборкай смецця ў г.п. Мір і даў тыдзень на вырашэнне праблемы.

— Штодня Мірскі замак наведваюць госці, колькасць якіх у выхадныя дні павялічваецца ў разы. Аднак смецце, якое з’яўляецца на верхняй аўтамабільнай стаянцы, псуе ўсё ўражанне ад турыстычнага пасёлка. Калі трэба больш урнаў для смецця, павялічце іх колькасць! Уборка адходаў павінна праводзіцца па графіку, за санітарным станам грамадскіх месцаў трэба сачыць больш пільна, — сказаў ён.

Таксама кіраўнік раёна пацікавіўся ў старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў, як праводзіцца работа са старымі дамамі, пустуючымі ўчасткамі, барацьба з інвазіўнымі раслінамі – баршчэўнікам Сасноўскага і залатарнікам. Асаблівую заклапочанасць выклікаюць пустуючыя будынкі, у якіх калісьці размяшчаліся арганізацыі і гандлёвыя аб’екты. Трэба шукаць жадаючых іх набыць, каб даць ім другое жыццё. Да некаторых уладальнікаў такіх будынкаў, якія набылі іх літаральна за капейкі, таксама ёсць шэраг пытанняў. Напрыклад, часта на прылеглых да іх тэрыторыях расце пустазелле, на дахах — дрэвы.

На планёрцы старшыні райвыканкама далажылі аб ступені гатоўнасці малочнатаварнай фермы “Востухава” на 610 галоў, якая будуецца ў СВК “Маяк-Заполле”. З 1 верасня тут пачнуць мантаж даільнага абсталявання, здача аб’екта ў эксплуатацыю запланавана на кастрычнік бягучага года. Да пачатку ацяпляльнага сезона пачнуць працаваць новыя кацельні ў агр. Райца і сярэдняй школе № 2 райцэнтра.

Асобна завастрыў увагу Генадзій Шатуеў на тэме бяспекі дзяцей і пажылых людзей:

— Бяспека дзяцей у большай ступені залежыць ад іх бацькоў. А вось клопат пра адзінокіх пажылых людзей цалкам бярэ на сябе дзяржава. У доме кожнага такога карэліччаніна павінен быць устаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік, адрамантаваны печ і электраправодка.

Іна ЛЕЙКА