Бібліятэкар Карэліцкай раённай бібліятэкі Марына Пісарык — пра любімыя кнігі, сям’ю і кветкі

Калі вядуць размову пра бібліятэкара,  служыцеля кніжнага свету, то  ўяўляюць людзей устойлівага штампа: сціплыя, мілыя, бескарыслівыя. Але часы змяніліся, змяніў аблічча і  бібліятэкар. Цяпер ён настойлівы, актыўны, валодае сучаснай тэхнікай, здольны бачыць новыя патрабаванні чытачоў і хутка на іх адгукаецца. Магчыма,  праца бібліятэкара не так прыкметна, як праца доктара або настаўніка, і нельга ўбачыць нейкі яе канчатковы вынік,  але  той уплыў, які аказвае яна на грамадства,  нельга ацаніць адначасна.

Напярэдадні прафесійнага свята  хочацца расказаць пра  бібліятэкара Карэліцкай раённай бібліятэкі Марыну Пісарык, якая  прысвяціла жыццё бібліятэчнай справе.

Маладая жанчына да працы ў  раённай бібліятэцы прыступіла ў 2009 годзе пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага  каледжа. Родам яна з Магілёўшчыны,  прыехала ў райцэнтр    маладым  спецыялістам  — і засталася на ўсё жыццё.

– Выбар прафесіі быў невыпадковы, – расказвае Марына Сяргееўна. – Любоў да кнігі прывіла маці, якая вельмі шмат чытала. А першы прачытаны мною твор – гэта  раман Жуля Верна “Пятнаццацігадовы  капітан”, менавіта з яго пачалася кніжная любоў  і цікавасць да прафесіі бібліятэкар.

За час работы  яна дасканала вывучыла кніжны фонд, можа падабраць патрэбную кнігу і параіць літаратуру. Працуе заўсёды захоплена, з веданнем сваёй справы.  Чытачоў заўсёды сустракае з усмешкай, для кожнага знаходзіць патрэбныя словы і ўвагу.

– Да дзяцей патрэбны асаблівы падыход, – адзначае бібліятэкар. – Напрыклад, прыходзяць   дзеці з бацькамі да нас у першы раз,  наша задача – зацікавіць іх такім чынам,  каб яны вярнуліся. Уступаю з юнымі чытачамі ў дыялог, падыходзім да стэлажоў з маляўнічымі выданнямі. Не-не, ды і пацягнуцца ручкі да  кнігі, якая спадабалася, пачынаюць гартаць. Бываюць дзеці з асабістымі запытамі:  хтосьці хоча літаратуру толькі пра дыназаўраў, нехта пра вясёлкавых адзінарогаў,  поні і Барбі. Бываюць выпадкі, калі складана параіць кнігу,  бо інтарэсы ва ўсіх розныя. Таму пачынаю распытваць чытача, чым ён захапляецца, якія жанры цікавыя. У мяне асабіста любімых твораў шмат. Чытаю класіку і паэзію, у тым ліку беларускую.

Сучасныя бібліятэкі ператвараюцца ў своеасаблівыя  культурныя цэнтры,  дзе часта ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, праводзяцца розныя  тэматычныя  мерапрыемствы і  віктарыны для маленькіх чытачоў. Для таго, каб прывіць іх цікавасць,   мы нават зрабілі шашкі з выявамі казачных герояў, а таксама  прапануем згуляць у  кніжнае лато.

Асаблівае месца ў сваёй рабоце адводзіць жанчына краязнаўству: тэматычныя паліцы па гісторыі Карэліччыны, аб традыцыях і звычаях, аб вядомых людзях. На гэта яна звяртае ўвагу  чытачоў, бо лічыць, што ўсё гэта  садзейнічае духоўнаму адраджэнню, выхаванню ў падрастаючага пакалення любові да малой радзімы. Энтузіяст сваёй справы пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых форм работы.

Вядома, жыццё Марыны Сяргееўны не абмяжоўваецца толькі працай. Яна выдатная гаспадыня, аматар-кветкавод і агароднік.  А самае галоўнае —  пяшчотная, клапатлівая і  любячая мама чацвярых дачушак.

Складаючы партрэт  гераіні, каб ён не здаўся ўжо такім ідэалізаваным, я выбрала момант і спытала яе:

— І ўсё ж, шчыра, былі моманты,  калі даводзілася засмучацца, расчаравацца ў прафесіі?

— Так, у кожнай рабоце ёсць свае  цяжкасці, але ўсё гэта пераадольна, — спакойна адказвае суразмоўніца.

Чаму людзі працуюць у бібліятэцы? Ці зразумее хто іх? Хто ведае, што займацца любімай справай – вялікае шчасце,  той зразумее. Самае галоўнае ў бібліятэчнай рабоце — старацца жыць светам кніг, а не  тэлевізарам або інтэрнэтам, як жывуць сёння многія, больш чытаць і не пакідаць ні аднаго пытання без адказу. Вучыцца трэба ўсё жыццё.  Напрыканцы хочацца выказаць асаблівую ўдзячнасць  Марыне Сяргееўне за яе спагадлівасць, мудрыя парады, не кажучы ўжо пра прафесіяналізм, пажадаць ёй моцнага здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара