Геннадий Шатуев: «Формула успеха молочной отрасли заключается в кормах, кадрах и дисциплине»

Для поспеху ў малочнай галіне неабходны тры складнікі: добрая кармавая база, стабільныя кадры сярод кіраўнікоў і персаналу, а таксама тэхналагічная і вытворчая дысцыпліна. Аб гэтым сказаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай аператыўнай нарадзе са сваімі намеснікамі.

06-02-2023 Фото Алексея Бибикова. Гродненская область, г.п. Кореличи. Геннадий Шатуев, председатель Кореличского райисполкома.

— Як відаць, нічога звышнатуральнага: своечасова накарміць, своечасова падаіць і своечасова прыйсці на працу, — адзначыў кіраўнік раёна. — Аднак у шэрагу сельгаспрадпрыемстваў гэтага няма, затое квітнее расхлябанасць. Свежы прыклад на адной з ферм раёна: хаткі для цялят, паміж якімі неабходна вытрымліваць 45-сантыметровую адлегласць, стаяць ушчыльную. Але ж дастаткова расставіць іх у шахматным парадку, і адлегласць будзе вытрымана. Вось з-за такіх элементарных парушэнняў тэхналагічнай дысцыпліны і адбываецца падзёж маладняку.

Генадзій Шатуеў задаў рытарычнае пытанне раённай службе па жывёлагадоўлі: чаму ў раёне да гэтага часу не выкаранены падзёж цялят? У чым яго прычына?

— Калі ў адной гаспадарцы не могуць як след паклапаціцца аб цялятах, перадайце іх у іншую, дзе захаваюць маладняк. Гэта дазволіць нам павялічыць пагалоўе, а значыць і вытворчасць прадукцыі, — сказаў ён.

Кіраўнік раёна выказаў незадаволенасць і вытворчасцю малака.

— За 8 месяцаў вытворчасць малака павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на 8,3%, але гэта дзякуючы такім паспяховым прадпрыемствам, як СВК «Свіцязянка-2003», «Жухавічы». А ў асобных гаспадарках ад каровы атрымліваюць усяго па 10-12 літраў. Гэта ўжо не карова, а каза.

Кіраўнік раёна запатрабаваў узмацніць кантроль з боку спецыялістаў за тэхналагічным рэгламентам і падрыхтаваць падрабязную аналітычную запіску, у якой будуць указаны прычыны недапрацовак і шляхі выхаду з сітуацыі.

На пасяджэнні ішла размова і аб сяўбе азімых збожжавых культур, якую неабходна завяршыць да 30 верасня. Аднак на сёння работы праведзены толькі на 59 працэнтах плошчаў. Недастатковымі тэмпамі ідзе і ўборка кукурузы на сілас (42 працэнты), якая з цягам часу страчвае свае пажыўныя ўласцівасці. Тая ж сітуацыя з уборкай бульбы і яблыкаў.

— Нябесная канцылярыя падарыла аграрыям цёплы верасень без маразоў. Трэба скарыстацца ўмовамі надвор’я і закласці добры сілас для грамадскага пагалоўя, а яблыкі і бульбу адправіць у сховішчы, каб на паліцах магазінаў была наша гародніна і садавіна па даступнай цане.

Іна ЛЕЙКА