Воспоминания подпольщицы, борца с белопольской оккупацией Зинаиды Шевко из деревни Заполье

У выніку польска-савецкай вайны і ў адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам, заключаным 18 сакавіка 1921 г., 113 тыс. кв. км тэрыторыі Заходняй Беларусі з насельніцтвам 4,6 млн чалавек адышло да Польшчы.

Правячыя колы Польшчы імкнуліся хутчэй каланізаваць заходнебеларускія землі, паланізаваць беларускае насельніцтва. У адказ на антынародную палітыку народ падняўся на барацьбу. КПЗБ заклікала сельскагаспадарчых рабочых праводзіць забастоўкі ў памешчыцкіх маёнтках, патрабаваць павышэння аплаты за працу ў памешчыкаў і асаднікаў або не ісці да іх на работу, заклікала адмаўляцца плаціць падаткі і штрафы. Так, жыхары Заполля Карэліцкай гміны адмовіліся плаціць падаткі 2 жніўня 1931 г.

У 1932 г., 1933 г. у вёсках Тупалы, Новыя Руткавічы, мястэчку Цырын, у 1934 г. у вёсках Агароднікі, Тупалы, Баяры сяляне прагналі секвестратараў.

Сяляне адмаўляліся выконваць шарваркі – павіннасці па рамонце дарог і мастоў. У маі 1933 г. жыхары вёсак Белая і Малыя Тупалы адмовіліся выконваць шарваркі, выбралі сялянскі камітэт, які ўзначаліў жыхар вёскі Белая І. Станкевіч.

У час эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. узмацніліся пратэсты сялян вёсак Пагарэлка, Новае Сяло, Лядкі, Вялікая Слабада, Некрашэвічы, Тарасавічы, Вялетава, Малюшычы, Машэвічы, Валокі, Яруга. Барацьба працоўных за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне сустрэла супраціўленне з боку польскіх улад.

З успамінаў Зінаіды Мікалаеўны Шэўка (сястры П.М. Шэўка), былой падпольшчыцы:
“Моладзь нашай вёскі Заполле ўжо ў 1926 г. уключылася ў актыўную барацьбу з польскімі акупантамі. Мая сяброўка Марыя Трафімчык стварыла ў нашай вёсцы камсамольскую ячэйку, у якую ўвайшлі Марыя Арабей (маці Э.А. Араб’я), Марыя Смалянка, Кацярына Рахманько, Марыя Мазур, Анфіса Пілько і я.

Члены ячэйкі распаўсюджвалі літаратуру і лістоўкі ў Равінах, Востухаве, Пагор’і і іншых вёсках. Заполле было падзелена на дзесяцідворкі – кожны камсамолец быў замацаваны за пэўнымі сялянскімі дварамі. У дзвярных клямках хат і хлявоў, на вазах – у самых розных месцах людзі знаходзілі лістоўкі з заклікам да барацьбы за свае правы, за лепшы лёс сваіх дзяцей.

Яшчэ адной формай барацьбы былі масоўкі – сход моладзі ў гаях, на берагах Сэрвачы.
У 1932 г. я ўжо была членам КПЗБ. 5 мая гэтага ж года мяне арыштавалі. Прыгаварылі да 3 гадоў турэмнага зняволення.

26 кастрычніка 1934 г. выйшла з турмы. У той жа вечар мяне сустрэлі падпольшчыкі з вёскі Прыдаткі (цяпер Краснае) Уладзімір Чужаўка і Мікалай Кужалевіч.
Я зноў уключылася ў партыйную работу. У гэты перыяд пазнаёмілася з упаўнаважанай ЦК КПЗБ Нінай (Хаяй) Стронгінай, сакратаром Навагрудскага акруговага камітэта КПЗБ А.І. Багданчуком (Віктарам). Як высокі давер успрыняла абранне мяне членам Шчорсаўскага РК КПЗБ. Аднак дзейнічала і паліцыя. Правакатар Якаў Стральчук (Дзімка) выдаў падполле ў многіх мясцінах. Той самы Стральчук, у якога на судовым працэсе ў Вільні страляў С.В. Прытыцкі.

8 жніўня 1935 г. я зноў трапіла ў турэмныя засценкі. На гэты раз атрымала 6 гадоў. Паспытала турэмнага хлеба ў Навагрудскай, Баранавіцкай, Седліцкай турмах. Аднак асаблівыя здзекі давялося перажыць у Фардонскай турме. Сядзелі тут і дзеці. Камеры цесныя. Калі адна зняволеная ходзіць, дык усе астатнія павінны быць на нарах, інакш не размінешся. За самае малое непадпарадкаванне – карцар, хлеб, вада.
1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. Турэмшчыкі зачынілі турму на замкі, а самі ўцяклі. Тады мы сталі выбіваць дзверы. Некалькі сутак штурмавалі турэмныя краты. З цяжкасцю, але выйшлі на волю.

Мы яшчэ не ведалі, што Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Калі перайшлі Буг і трапілі ў абдымкі чырвонаармейцаў, то радасці не было канца. У Свіслачы нас добра апранулі, забяспечылі транспартам. 28 верасня я была ў родным Заполлі.”

Чытаю гэтыя ўспаміны і думаю: сотні патрыётаў, такіх як З. Шэўка, а іх можна так назваць, кожны міг гулялі са смерцю. Не таму, што не любілі жыццё. Любілі. Але ў іх паняцці жыццё – гэта барацьба і самаадданасць змагара, гатовага ісці да сваёй мэты нават цаной свайго ўласнага жыцця. Яны, шмат год прабыўшыя ў турмах, канцлагерах, пасля неаднаразовых арыштаў і катаванняў, знаходзілі ў сабе сілу вяртацца і працягваць барацьбу. Нельга не захапляцца гэтымі людзьмі: імя ім камуністы і камсамольцы.

Марыя БЕЛЕНАВА, сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі КПБ.
Матэрыял узяты з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, кнігі “Памяць”