В редакции газеты «Полымя» наградили победителей фотоконкурса «Я и мое лето»

Гэтым летам рэдакцыя газеты “Полымя” і РК ГА “БРСМ” другі год запар праводзілі фотаконкурс “Я і маё лета”. З 1 чэрвеня па 30 жніўня ўсе жадаючыя маглі даслаць на электронны адрас рэдакцыі свае фотаработы, якія перадаюць самыя яркія моманты летняга адпачынку. За гэты час нам адправілі 30 цудоўных і жывых фота, на якіх былі адлюстраваны не толькі юныя жыхары, але і госці Карэліччыны. У апошні дзень лета было абвешчана анлайн-галасаванне, па выніках якога вызначылася тройка лепшых фотаработ, аўтары якіх атрымалі памятныя падарункі.

Перад узнагароджаннем да аўтараў работ звярнулася галоўны рэдактар газеты “Полымя” Іна Лейка, якая падзякавала ім за актыўны ўдзел у конкурсе і галасаванні і выказала надзею, што конкурс стане добрай традыцыяй, а ўдзельнікаў з кожным годам будзе становіцца больш. Таксама павіншала пераможцаў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан.

Трэцяе месца ў конкурсе заняла Марыя Каляда з г.п. Карэлічы.

— У нас быў невялікі сямейны адпачынак, які мы правялі ў Мінску, — кажа тата Марыі Аляксандр. — За гэтыя два тыдні мы наведалі вельмі шмат культурных і гістарычных месцаў, былі ў парках Горкага, Чалюскінцаў, каталіся на катары па Камсамольскім возеры. Пры наведванні Батанічнага саду заўважылі прыгожую кветкавую паляну, і мама Машы вырашыла зрабіць там фота, якое мы і даслалі на конкурс.

Конкурснае срэбра атрымалі Дар’я Казак і Яўген Альшэўскі з агр. Малюшычы.

— Фота было зроблена на полі КСУП “Малюшычы”, — распавядае мама Дашы Святлана. — Гэта быў пачатак уборачнай кампаніі 2023 года. Мы з дачкой прыехалі на поле, дзе быў сын нашага камбайнера Сяргея Альшэўскага, і я прапанавала зрабіць фота нашых дзяцей на стозе саломы.

Здымак Ганны Дунец з райцэнтра заняў першае месца. Аня расказвае, што фота было зроблена на фотазоне Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”:

— Гэта вельмі цікавае месца, дзе было знята вельмі шмат фільмаў. Там вельмі шмат лакацый для фота. Прагульваючыся па студыі, мы заўважылі старое кола ад воза і вырашылі зрабіць здымак, на якім я быццам сапраўдная вясковая дзяўчынка.

Аня распавядае, што гэтае лета было вельмі цікавым: дзяўчынка адпачывала ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня”, хадзіла з бацькамі ў паход з палаткамі, наведала шмат цікавых месцаў.

Сяргей СТОЛЯР

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ