Аператар па штучным асемяненні свінакомплекса “Лукі” Алена Пасталоўская перамагла ў рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства

 

Алена Пасталоўская (другая злева) падчас узнагароджання

У Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці адбыўся рэспубліканскі конкурс майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні жывёл. Удзел у ім прынялі спецыялісты раённых груп і гаспадарчых звёнаў па штучным асемяненні жывёл, аператары па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы і свіней, якія перамаглі ў абласных этапах.

У конкурсе перамагла аператар па штучным асемяненні  свіней свінакомплекса “Лукі” ДП “Лукі-Агра” Алена Пасталоўская. Жанчына расказвае, што на працягу двух дзён, пакуль знаходзілася на Шклоўшчыне, вельмі перажывала:

— Нам сказалі, што 25 балаў было налічана за нашы вытворчыя паказчыкі. Яшчэ 75 балаў мы маглі атрымаць за тэст, у якім было 75 пытанняў.

Дарэчы, у Алены Міхайлаўны вельмі высокія паказчыкі за 2022 год. Абслугоўваемае пагалоўе свінаматак і свінак — 2021 галава, выхад парасят на 100 асноўных свінаматак — 3560 галоў, на адну свінню, якая апарасілася, атрымлівала 13 парасят, эфектыўнасць асемянення — 86%. За тэст, які цягнуўся гадзіну, жанчына атрымала 73 бала і ў выніку заняла першае месца.

Пасля конкурсу для ўдзельнікаў зладзілі цікавую культурную праграму. Яны наведалі радзіму Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, пабывалі ў школе, дзе ён вучыўся, пабывалі каля знакамітай Трафімавай крыніцы, завіталі ў Спаса-Праабражэнскую царкву.

Пасля экскурсій канкурсантаў запрасілі ў глядзельную залу, дзе праходзіла цырымонія ўзнагароджання. Алена Міхайлаўна кажа, што да апошняга моманту не ведала, аб перамозе. І да гэтага часу не верыць, што заняла першае месца, абыйшла калег з усёй краіны. Узнагароду жанчына прымала ад першага намесніка Міністра сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Сяргея Федчанкі.

— Безумоўна, вельмі прыемна і пачэсна атрымаць такую ўзнагароду, — кажа Алена Пасталоўская.

Сяргей СТОЛЯР

Фота прадастаўлена рэдакцыяй газеты “Ударны фронт”