Пісьменнік, крытык і педагог Уладзімір Навумовіч з вёскі Баўцічы святкуе 80-годдзе

29 кастрычніка будзе адзначаць свой 80-гадовы юбілей наш зямляк Навумовіч Уладзімір Аляксандравіч – беларускі пісьменнік, празаік, літаратуразнаўца, крытык, педагог, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

09.11.2018 г. минск. бгу. литературовед. председатель приемной комисии спб наумович владимир. Фото Владимира Наумовича

Нарадзіўся ў в. Баўцічы Карэліцкага раёна ў сям’і рабочага-будаўніка і настаўніцы. Вучыўся ў сямігодцы ў в. Скорычы Карэліцкага раёна. У 1960 г. скончыў Ярэміцкую сярэднюю школу. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры васьмігодкі ў в. Беражна.

Вучыўся на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філфака БДУ (1961-66 гг.). У час вучобы займаўся навукова-даследчай дзейнасцю. З дакладамі выступаў на студэнцкіх канферэнцыях. Працаваў на камсамольскай рабоце ў Мінску – загадчыкам аргаддзела Ленінскага райкама ЛКСМБ (1965-66 гг.), загадчыкам сектара культмасавай работы Мінскага абкама ЛКСМБ (1966-69 гг.), лектарам ЦК ЛКСМБ (1969-70 гг.). У 1973 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ, у наступным годзе абараніўшы кандыдацкую дысертацыю па філалогіі (тэма «Проза “Маладняка”»). З 1973 г. выкладаў на гэтай жа кафедры, а з 1978 г. – дацэнт кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ.

У 1982-1983 гг. – загадчык кафедры рускай мовы для замежных студэнтаў, у 1989 г. – загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры для прыродазнаўчых факультэтаў, у 1989-2000 гг. – загадчык кафедры беларусазнаўства філалагічнага факультэта БДУ.

У 1990-1994 гг. адначасова заснаваў і ўзначальваў Міжнародную школу беларускай мовы, літаратуры і культуры пры БДУ, слухачамі якой сталі вучоныя-славісты Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, ЗША, Канады, Расіі, Украіны, Швейцарыі, Японіі, што стварылі ў сваіх краінах беларусазнаўчыя цэнтры. У 2003-2008 гг. з’яўляўся саветнікам рэктара БДУ. Цяпер дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ.

Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

У 2013 г. яму прысвоена званне “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”.

Cфера навуковых інтарэсаў Уладзіміра Навумовіча рознабаковая. Ён займаецца праблемамі развіцця беларускай літаратуры ХХ ст., літаратурных рухаў 1920-х гг., ідэйна-эстэтычнай эвалюцыі беларускай аповесці, этычна-канцэптуальных асноў усёй беларускай паэзіі і прозы. Захоплены мастацтвам слова, яго сутнасцю, даследчык дасягнуў у сваіх літаратуразнаўчых працах высокага ўзроўню.

Як папулярызатар беларускай літаратуры і культуры Уладзімір Аляксандравіч добра вядомы далёка за межамі рэспублікі. Па запрашэнні Лонданскага ўніверсітэта чытаў лекцыі па беларускай літаратуры ў Англіі, працаваў у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане, шмат разоў удзельнічаў у працы моўных семінараў у былой Югаславіі, наладжваў навуковыя кантакты з вядучымі ВНУ Германіі, Аўстрыі, Венгрыі, Польшчы і іншых краін. На працягу многіх гадоў з’яўляўся нязменным лектарам і прапагандыстам таварыства «Веды», арганізатарам і актыўным удзельнікам шматлікіх навуковых і навукова-метадычных канферэнцый, студэнцкіх дыспутаў, літаратуразнаўчых і краязнаўчых віктарын, а таксама штогадовага свята студэнтаў-філолагаў у Вязынцы і інш.

Літаратурны дэбют – апавяданне «Навыраст» у навагрудскай райгазеце «Новае жыццё» (1964 г.), у тым жа годзе дэбютаваў у рэспубліканскім друку (газета «Чырвоная змена»). Аўтар літаратуразнаўчых і публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, апавяданняў, аповесцяў, раманаў, літаратурнакрытычных артыкулаў, манаграфій, зборнікаў тэзісаў, матэрыялаў навуковых канферэнцый. Яго кніга “Университет – феномен цивилизации” (2011 г.) узнагароджана дыпломам “Лепшая кніга года” ў намінацыі “Краязнаўства”. Распрацаваў новыя курсы “Беларусазнаўства” – усё пра беларусаў і Беларусь, нацыянальны характар, ментальнасць, правасвядомасць, беларусы ў свеце, архетып беларусаў, гісторыя дзяржаўнасці, фальклор, традыцыі, прыгожае пісьменства на Беларусі. Распрацаваў праграмы, выдаў падручнікі. У 2013 г. стаў лаўрэатам Рэспубліканскай літаратурнай прэміі  «Залаты Купідон» за вучэбны дапаможнік новага пакалення «Беларуская літаратура» з электронным дадаткам. Яго дасягненні можна пералічваць бясконца.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны ў 2018 годзе.

У шлюбе з жонкай Людмілай больш 50-ці гадоў, выгадавалі дзвюх дачок.

Алена МАКАРЧЫК, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»

Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц