Захавальніца добрага настрою. Знаёмцеся: загадчык аддзела культуры і вольнага часу “Лукскі Дом культуры“ Іна Башко

Калі пачынаюць гаварыць пра работнікаў культуры, то адразу прыходзяць на памяць маляўнічыя, вясёлыя і ўрачыстыя мерапрыемствы і канцэрты. І здаецца, што ў культработнікаў не работа, а свята кожны дзень. Але за ўсімі ўрачыстасцямі стаіць карпатлівая праца. Колькі часу ідзе на пошук матэрыялу, колькі рэпетыцый, колькі бяссонных начэй, у якіх прыходзяць думкі і ідэі, — не злічыць! Вось і дзівішся невычэрпнай энергіі людзей і адданасці сваёй прафесіі.

Хто ж ён, клубны работнік на сяле? “І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”. Словы з вядомай прымаўкі як нельга поўна характарызуюць абавязкі работнікаў  сельскага Дома культуры. Працаваць тут няпроста. Забавак у вёсцы небагата, таму спакон веку сельскі клуб быў і застаецца галоўным месцам адпачынку. І ад таго, як арганізавана яго работа, шмат у чым залежыць культурнае жыццё вёскі.

Гаспадыня сельскага вольнага часу — менавіта так можна назваць загадчыка аддзела культуры і вольнага часу “Лукскі Дом культуры“ Іну Башко. Без яе жыхары аграгарадка  Лукі  не ўяўляюць сваё жыццё. Ведаюць, што яна здолее знайсці да душы кожнага нітачку, сцежку, якая звяжа чалавека, няхай гэта будзе школьнік,  дарослы або пенсіянер, са светам прыгожага.  А дапамагае ёй усіх аб’яднаць сельскі клуб, у якім Іна Аляксандраўна  ужо сямнаццаць гадоў з’яўляецца захавальніцай добрага настрою.

Гераіня  аповеду родам з горада Гродна. Прыехала на Карэліччыну ў 1997 годзе  па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага вучылішча мастацтваў.  Пачынала  загадчыкам Некрашэвіцкага сельскага клуба. Прымаючы справы, дзяўчына  перажывала — ці атрымаецца ў яе, ці здолее яна? Усё асвойвала з азоў: вучылася быць кіраўніком, займалася дакументацыяй і справаздачнасцю, імкнулася зрабіць культурнае жыццё вёскі цікавым і разнастайным. І ўсё ў яе атрымалася!  У  Лукскі Дом культуры прыйшла ў 2006 годзе  ў якасці мастацкага кіраўніка, і амаль год —  як кіраўнік установы.  За час работы   стала паўнапраўнай гаспадыняй у клубе. Моладзь яе слухае і любіць. Ды і як не паважаць чалавека-завадатара, пра якую так і  кажуць на сяле? Іна Аляксандраўна заўсёды была  прыкладам сельскага культработніка ва ўменні арганізаваць прыгожы адпачынак для аднавяскоўцаў. На яе рахунку сотні канцэртаў, святочных вечароў, цікавых мерапрыемстваў. Клуб стаў сэнсам яе жыцця.

Загадчыца Дома культуры працуе ў цесным кантакце з балетмайстрам  Ірынай Кляноўскай і бібліятэкарам Галінай Крывапуст. Аб’ядноўвае гэтых мілых жанчын любоў да сваёй справы, да сяла і яго людзей, жаданне зрабіць жыццё аднавяскоўцаў разнастайным і вясёлым. Яны разам  праводзяць навагоднія балі, мітынгі, прысвечаныя Дню Перамогі, ставяць канцэрты, арганізуюць тэматычныя фотавыставы.  Для культработніка, які ўкладвае ў падрыхтоўку святаў усю душу і сілы, сапраўднае шчасце, калі ў Доме вольнага часу збіраюцца аднавяскоўцы. Іна Аляксандраўна заўсёды перажывае, як пройдзе мерапрыемства. Яна чалавек невычэрпнай энергіі. У яе заўсёды шмат новых ідэй, планаў. Пытаюся ў  суразмоўніцы: “Сёння, з вышыні сваіх гадоў, захацелі б выбраць іншую прафесію?”   Яна адказала:  “Дарыць людзям свята і ствараць добры настрой не менш важна, чым іншыя прафесіі. Таму мой лёс, маё пакліканне — праца ў сферы культуры. Я — культработнік”.

У  гераіні дружная, моцная сям’я. Яна — добрая гаспадыня, любячая жонка, клапатлівая маці. З мужам Аляксандрам выгадавалі і выхавалі трох сыноў. Радуе душу ўнучка.

Шмат грамат, дыпломаў і падзяк у скарбонцы  Іны Аляксандраўны. Але самая галоўная для яе ўзнагарода — гэта прызнанне і любоў родных і блізкіх, сяброў і аднадумцаў.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара