Жители Кореличского района активно переходят на электроотопление домов

Нельга ўявіць вясковую хату без печы. Яна займае цэнтральнае месца ў будынку, з ёю звязана шмат традыцый, павер’яў і прыкмет. Сцюдзёнай зімовай парой яна сагравала ўсю вялікую сялянскую сям’ю, у ёй гатавалі ежу, яна служыла ложкам і была месцам, якое збірала вакол сябе ўсіх дамачадцаў.

І цяпер над многімі вёскамі падымаецца ўзімку шызы дымок. Каб ацяпліць хату, неабходна загадзя нарыхтаваць дроў, прынесці іх, распаліць агонь. На жаль, большасць жыхароў невялікіх вёсак — людзі сталага ўзросту, якім ужо складана гэта рабіць. Да таго ж, цвёрдае паліва каштуе грошай. Альтэрнатывай пячному ацяпленню стала газавае, але не ўсе вёскі газіфікаваны. І тут на дапамогу вяскоўцам прыходзіць электрычнасць.

 Сярод жыхароў вёскі хапае тых, хто ацаніў жыццё ў хаце, якую грэюць кілаваты. Дзяржава імкнецца падтрымаць тых, хто выкарыстоўвае электрычнасць для ацяплення. У красавіку 2020 года быў падпісаны Указ № 127 «Аб кампенсаванні расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду», які распрацаваны ў мэтах стымулявання грамадзян да пераходу ў сваіх жылых дамах на выкарыстанне электрычнай энергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Згодна з ім грамадзянам вяртаецца частка расходаў на выкананне работ па электразабеспячэнні. Памер кампенсацыі для непрацуючых пенсіянераў, шматдзетных сем’яў і іншых катэгорый грамадзян, якія патрабуюць павышанай увагі, — 40%, для астатніх грамадзян — 20% ад кошту выкананых работ. З увядзеннем у экплуатацыю БелАЭС у краіне з’явіліся дадатковыя аб’ёмы чыстай электрычнай энергіі, такім чынам Беларусь імкліва ўварвалася ў атамную эліту свету па вытворчасці атамнай энергіі. Краіна стала менш залежаць ад прыроднага газу і далучылася да сусветнага трэнду па пераходзе на чыстую энергію.

Жыхары вёскі Некрашэвічы Турэцкага сельсавета ўжо ацанілі выгаду электрычнага ацяплення. У гэтым годзе яно з’явілася ў хаце пенсіянера, былога вадзіцеля КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Уладзіміра Іванавіча Матусевіча. Падключэннем займаўся яго сын настаўнік Лукскай СШ Уладзімір Уладзіміравіч.

— Тата ўжо пажылы, сёлета яму споўніцца 91 год. Зразумела, што яму складана нарыхтаваць дроў, прынесці іх у хату, распаліць печ. Таму мы і вырашылі падключыць электрычнае ацяпленне, — кажа Уладзімір Уладзіміравіч.

Ва ўтульнай цеплыні Уладзімір Іванавіч Матусевіч любіць іграць на акардэоне

Мужчына расказвае, што для афармлення неабходных папер звярталіся ў службу “Адно акно” Карэліцкага райвыканкама. Працэдура заняла паўтара месяца. Райвыканкам разгледзеў заяву — і працэс пайшоў. Прыязджаў спецыяліст з Карэліцкага раёна электрычных сетак, правяраў, ці дастатковая прапускная здольнасць сетак знешняга электразабеспячэння. Устаноўкай батарэй займалася фірма з Баранавіч. Пасля ўстаноўкі прыехалі спецыялісты з энерганагляду, затым сістэму падключылі да лініі. Цяпер у хаце цёпла ад батарэй.

Дом абаграваюць пяць электрычных батарэй. На кожнай з іх устаноўлены тэрмарэгулятар, які дазваляе выставіць неабходную тэмпературу і падтрымлівае яе пастаянна.

—  У нас цагляны дом, таму цяпло вельмі хутка выходзіла — кажа Уладзімір Уладзіміравіч. — Зімой прыходзілася прыязджаць два разы на дзень, каб прапаліць печ. Увогуле, каля яе прайшло маё дзяцінства. Зімой прыходзіш з хакею — адразу да печы, каб сагрэцца. Цяпер заходзіш — у хаце цеплыня і ўтульнасць.

За ўстаноўку неабходнага абсталявання Матусевічы заплацілі каля 5 тысяч рублёў. Электрычнае ацяпленне “наматала” 1500 кВт за месяц, што роўна прыкладна 70 рублям. Але Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што бачыць у ім толькі плюсы:

— Цяпер не трэба клапаціцца пра нарыхтоўку дроў, ведаеш, што абсталяванне працуе, і я ўпэўнены, што ў бацькавай хаце цёпла. Калі паліў тату печ, то ўсё роўна было хваляванне за тое, ці добра яна прапалілася, ці не пойдзе ў хату дым. Цяпер не трэба хвалявацца.

Яшчэ аднымі шчаслівымі ўладальнікамі электрычнага ацяплення сталі Мікалай і Галіна Крывапуст. Гаспадар расказвае, што аб такім ацяпленні даведаўся ад суседзяў.

— Афармленне папер заняло каля двух месяцаў, — кажа Мікалай Аляксандравіч. — Справа зацягнулася, бо мы чакалі майстра, які б устанавіў нам абсталяванне.

Электрычнасць грэе дом сям’і Крывапуст ужо месяц. Гаспадары кажуць, што вельмі гэтаму рады.

— У нас было паравое ацяпленне, — расказвае Мікалай Крывапуст. — Прыходзілася вельмі рана прачынацца, каб распаліць кацёл. Днём усе ішлі на працу, цяпло выходзіла, таму вечарам зноў распальвалі кацёл, каб было цёпла ноччу.

— Затое цяпер — прыгажосць, — дадае Галіна Уладзіміраўна. — Прыехаў з працы і можаш быць упэўнены, што ў доме цёпла. Распранаешся і займаешся сваімі справамі, не думаеш аб тым, што трэба паліць кацёл, падкладаць паліва, сачыць.

— Каб ацяпліць наш дом, неабходна было замовіць тры машыны дроў і дзве з паловай тоны брыкету. Гады ідуць, калоць дровы ўжо складана, а з часам складана стане нават насіць іх. Цяпер мы ўстанавілі сем батарэй, і ў хаце цёпла. За работу заплацілі каля сямі тысяч рублёў.

Галіна і Мікалай Крывапуст задаволены электраацяпленнем

Суседні дом, дзе жыве стараста вёскі Анатоль Сямёнавіч Палуян, таксама грэюць кілаваты. Пенсіянер расказвае, што даведаўся аб такім відзе ацяплення, калі яго ўсталёўваў сусед. Пагаварыў з майстрам і зацікавіўся. Звярнуўся ў службу “Адно акно” Карэліцкага райвыканкама, дзе напісаў заяву на падключэнне электрычнага ацяплення:

— У службе “Адно акно” працуюць вельмі граматныя спецыялісты, якія ўсё падрабязна падказалі, расказалі, дапамаглі з афармленнем неабходных папер.

Вельмі спадабалася мужчыну і праца майстра, які займаўся ўстаноўкай электраацяплення:

— Усё зрабіў сам спецыяліст, мы толькі назіралі. Нават мэблю, дзе гэта было неабходна, перасоўваў сам. Усё акуратненька, нават не скажаш, што там свідравалі сцены ці праводзілі якія-небудзь работы.

Электрычнаму ацяпленню гаспадар не можа нарадавацца:

— Выгада відавочная. Раней трэба было нарыхтаваць дроў, прынесці, распаліць печ, затым выбраць попел, вынесці. З гадамі гэта рабіць складана. Цяпер жа трэба проста выставіць на рэгулятары неабходную тэмпературу.

Анатоль Палуян з вёскі Некрашэвічы ўжо месяц ацяпляе дом электрычнасцю

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

— Нават крытыкі БелАЭС у Літве шкадуюць аб тым, што ў свой час закрылі сваю АЭС. І цяпер атамная энергетыка прызнана чыстай і зялёнай. А, напрыклад, у Польшчы запланавана будаўніцтва дзвюх АЭС. Мы БелАЭС пабудавалі. Добрая станцыя. Гэта — будучыня. Зразумела, што гэты край заўсёды будзе ў цэнтры ўвагі. Ён будзе развівацца.

Тры гады таму, запускаючы першы энергаблок, я гаварыў аб тым, што надышоў гістарычны дзень: пачалася эра мірнага атама (а сёння мы і ядзерная дзяржава па ядзернай зброі). І сапраўды, атрымаўшы ў няпростым 2020 годзе гэты выдатны аб’ект як падарунак да 7 лістапада і сёння другі блок, мы зрабілі правільна, стварыўшы гэты цуд.

Выгада атамнай энергетыкі відавочная: гэта дасць магчымасць прамысловасці і сельскай гаспадарцы працаваць больш эфектыўна і зробіць жыццё грамадзян у краіне больш камфортным за кошт таннай электраэнергіі.

Падчас рабочай паездкі ў Астравецкі раён Гродзенскай вобласці, 3 лістапада 2023 года.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара