Жители Кореличского района основали туристическую фирму «Налибоки не далеки» и открыли агроусадьбу «Мамины Крынки»

Аграэкатурызм — адзін з перспектыўных напрамкаў у турыстычнай галіне, які прадугледжвае спалучэнне сельскага турызму і экатурызму, калі наведвальнікі могуць пазнаёміцца з традыцыйным сельскім жыццём, культурай, побытам, нацыянальнай кухняй, а таксама прыродай і гісторыяй рэгіёна.

Карэліччанін Дзмітрый Манкевіч не навічок у турыстычнай галіне. Дзесяць гадоў ён працаваў у Мірскім замку, узначальваў экскурсійны аддзел, а нядаўна заснаваў прыватнае ўнітарнае турысцкае прадпрыемства “Налібокі не далёкі”, якое займаецца арганізацыяй тураў па Беларусі.

“Вакол Карэліч” — так называецца першы турыстычны накірунак, які распрацоўвае прадпрыемства. На карце Беларусі кола радыусам у 30 км займае зусім невялікую частку, у якой, аднак, знаходзяцца вядомыя ва ўсім свеце помнікі гісторыі і архітэктуры, праходзілі знакавыя падзеі, якія вырашылі далейшае развіццё нашай краіны, нарадзіліся людзі, якія пакінулі заметны след у сусветнай літаратуры, навуцы і палітыцы. “Налібокі не далёкі” хутка прапануюць гасцям пазнаёміцца з гісторыяй Мірскага, Навагрудскага і Любчанскага замкаў праз экскурсіі з элементамі анімацыі і дэгустацыі. Абавязковай часткай тура стане знаёмства з непаўторнай прыродай роднага краю, з азёрамі Свіцязь, Кромань, ракой Нёман.

Абавязковым месцам знаходжання турыстаў стане аграэкасядзіба “Маміны Крынкі”, якую Дзмітрый Манкевіч адкрыў не так даўно ў вёсцы Крынкі Турэцкага сельсавета. Журналіст “Полымя” наведаўся ў сядзібу, каб пагутарыць з гаспадарамі і даведацца, што яны прапануюць сваім гасцям.

У дзень паездкі надвор’е дарыла промні цёплага лістападаўскага сонца. Мы прыехалі ў Крынкі крыху раней, чым дамаўляліся з гаспадаром. На вуліцы было ціха і спакойна. Удалечыні шарэў лес, дзесьці падавалі голас восеньскія птушкі, з коміна суседняй хаты падымаўся ў неба шызы дымок. Праз некалькі хвілін пад’ехала машына гаспадароў. Першай справай Дзмітрый Міхайлавіч павёў мяне па сваіх уладаннях.

— Любая сядзіба — гэта хата і тэрыторыя вакол яе. Таму варта пачынаць знаёмства менавіта з двара, — кажа гаспадар. — Тут ёсць і невялікі агародчык, і бульба, расце рэмантантная маліна. Усяго на тэрыторыі 19 пладовых дрэў.

Каля плота расце старая вішня, абнятая драўлянай бочкай, зверху накрытай сталешніцай. На суседнім дрэве радуюць вока буйныя познія яблыкі.

— Сядзіба называецца “Маміны Крынкі”.Чаму Крынкі, зразумела. А вось у гэтай хаце, — гаспадар паказвае на суседскую сядзібу, — нарадзілася мая матуля, я правёў тут палову дзяцінства, таму Крынкі і “Маміны”.

Заходзім у хату. У пакоях цёпла, паўсюль стаяць рознага кшталту ўпрыгожванні: рамкі, фігуркі, кветкі. На сценах развешаны зёлкі і вянкі, сплеценыя з галінак. На кухні завіхаецца гаспадыня Аксана, прыемна пахне гарбатай. Промні сонца гуляюць у рознакаляровых вітражах, якімі ўпрыгожаны дзверы паміж пакоямі.

— Усё зроблена нашымі рукамі, — кажа Дзмітрый. — Акрамя печы, яна складзена з дзвюх. Атрымалася добрай. Цеплыню трымае два дні. І нам, і гасцям хочацца пасядзець, пагрэцца.

— Наша мэта — не стварыць штосьці новае, а захаваць тое, што ёсць, — уключаецца ў размову Аксана Анатольеўна.

— Усё, што вы бачыце вакол, рэканструявана з таго, што было, — расказвае Дзмітрый Міхайлавіч. — Новае таксама зроблена пад даўніну. Усё для таго, каб захаваць эка-этна-стыль.

Пакуль разглядаю пакоі, гаспадары падрабязна расказваюць пра мэблю, расстаўленую вакол. У самым вялікім пакоі стаяць ложкі, канапа. Каля печы размясціўся доўгі куфар, знешне падобны на шафу, якую паклалі спаць каля цёплай сценкі.

— Куфар — універсальная рэч, — расказвае Дзмітрый. — Звычайна ён выкарыстоўваецца для таго, каб захоўваць у ім бялізну. Калі хочаш, можна паставіць на ім паднос з кавай ці гарбатай. А можна заслаць на ім матрац і пасядзець ля печы, ці нават прылегчы.

У сядзібе дзевяць спальных месцаў. Спінка самага вялікага ложка змайстравана з моцных дошак.

— Гэты ложак зроблены з аполкаў, якія ляжалі без справы, — кажа Дзмітрый. — Дубовыя балясіны на суседнім ложку ляжалі на гарышчы. Усё пастараліся прыстасаваць для таго, каб стварыць камфорт. Не важна, адкуль да нас прыедзе госць — з Мінска, Масквы ці з суседняй вёскі — мы пастараемся задаволіць самыя высокія патрэбы.

Наша размова працягваецца за кубкам гарбаты. Дзмітрый кажа, што Крынкі — вельмі цікавае месца, пра якое можна шмат чаго расказаць гасцям:

— Дарога да вёскі заасфальтаваная, усяго восем кіламетраў ад Карэліч. Тут і ў навакольных вёсках адбылося шмат цікавых падзей, з якімі можна пазнаёміць гасцей. Побач — Некрашэвічы — радзіма былога Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Глядзім далей, Асташын — адна з самых старажытных вёсак Карэліччыны. За Крынкамі працякае рака Сэрвач, каля якой вельмі прыгожа, можна прагуляцца, падыхаць свежым паветрам, паслухаць птушак. Гістарычна па ёй у Першую сусветную вайну праходзіла лінія фронту. За ракой — прыгожы змешаны лес, недалёка ад якога калісьці былі раскопкі. Побач — Беразавец са сваёй знакамітай царквой, крынічкай. Асташын — радзіма бацькі польскай фатаграфіі Яна Булгака. Ён, дарэчы, успамінаў у сваёй кнізе, што ў Крынках адбылося вяселле пані Гелены Ліпніцкай з доктарам навук, прафесарам, членам- карэспандэнтам Акадэміі навук СССР Бенедыктам Дыбоўскім. Мэта нашай турфірмы “Налібокі не далёкі” — папулярызацыя побыту мінулага, гісторыі, архітэктуры і культуры. Першае мерапрыемства, якое мы плануем, раскажа аб вясельных традыцыях беларусаў. Мы плануем ахапіць вялікі прамежак часу — ад вянчання Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, якое адбылося ў Навагрудку, да вяселля Дыбоўскага. Зразумела, што не будзем баляваць тры дні, але раскажам пра тагачасныя традыцыі, кухню, напоі, тосты, біяграфію гістарычных асоб.

 

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара і з архіва герояў