Выпускница СШ г.п. Мир имени Анны Сташевской Ангелина Стельмах — о том, каким стал для нее уходящий 2023 год

Ангеліна СТЭЛЬМАХ, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

— Гэты год для мяне быў даволі напружаным, складаным, адказным. Па-першае, таму што я заканчвала 11 клас сярэдняй школы г.п. Мір, быў выпускны, развітанне са школай, усведамленне таго, што пачынаецца новае дарослае жыццё, трэба быць больш адказным. Па-другое, гэта звязана з паступленнем ва ўніверсітэт, новая ўступная кампанія, што з’яўляецца вялікім стрэсам, новы калектыў у групе, новыя знаёмствы, зусім іншы рытм жыцця. Цяпер у мяне пачаўся новы этап, так скажам, іншая прыступка ў жыцці, я вучуся ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Яшчэ ў школе я стала ўдзельніцай унутрыўніверсітэцкай алімпіяды, пераможцы якой маюць права паступіць ва ўніверсітэт без экзаменаў. Першы этап стартаваў у пачатку лістапада ў выглядзе тэсціравання. Потым я даведалася, што праходжу ў другі этап, які быў у лютым. Неабходна было прыехаць ва ўніверсітэт і выканаць прапанаваныя заданні. Канчатковыя вынікі прыйшлі ў канцы лютага, я атрымала дыплом трэцяй ступені. Радасці не было мяжы! Я разумела, што ўсё лета ў мяне будзе свабодным, ніякіх перажыванняў з нагоды паступлення, можна спакойна адпачываць.

Спачатку ў плане вучобы, вядома, усё было складана, нязвыкла, але я старалася і стараюся з гэтым спраўляцца. Мне падабаецца мая група, мы даволі дружныя, згуртаваныя, хоць і ведаем адзін аднаго досыць мала.

У цэлым, 2023 год быў для мяне важным, было шмат перамог, радасных падзей, але былі і няўдачы. Я вельмі ганаруся сваімі аднакласнікамі і аднагрупнікамі, якія ў гэты няпросты для нас год змаглі паступіць у ВНУ.

Яшчэ хачу падзякаваць сваім бацькам, якія пастаянна падтрымлівалі мяне, перажывалі ўсе этапы разам са мной, радаваліся маім поспехам, за тое, што далі магчымасць атрымаць тыя неабходныя веды, з дапамогай якіх я змагла дасягнуць сваіх мэтаў. Спадзяюся, што наступны 2024 год будзе лепшым і прынясе яшчэ больш поспехаў, радасных падзей!