К 125-летию со дня рождения Героя Советского Союза Яна Фогеля

Ян Янавіч Фогель – савецкі ваеначальнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1945 г.), генерал-маёр (1944 г.).
У 2023 годзе адзначаецца 125-годдзе з дня яго нараджэння.

Нарадзіўся 24 снежня 1898 г. на хутары Дурэ Валміерскага раёна, Латвія. З самага маленства Ян дапамагаў бацькам пракарміць сям’ю. Быў пастушком, пасля грузчыкам. Затым уладкаваўся працаваць на чыгунку. Простага і надзвычай кемлівага юнака адразу палюбілі ўсе рабочыя-рамонтнікі. На чыгунцы ён знаёміцца з рэвалюцыянерамі, актыўна ўключаецца ў работу падпольнай мясцовай арганізацыі РСДРП. У жніўні 1914 года становіцца членам партыі бальшавікоў. У гэты ж час паступае ў Валміерскую настаўніцкую семінарыю.

У 1916 годзе Яна Фогеля прызвалі ў армію. Пасля лютаўскай рэвалюцыі яго выбіраюць старшынёй салдацкага камітэта роты і членам палкавога камітэта, а таксама членам Валміерскага павятовага Савета.

Ян Фогель кіраваў рабочымі дэманстрацыямі і паўстаннем у Валміеры супраць прыгнёту баронаў і кулакоў.

Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Ян Янавіч працаваў у Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі Латвіі, рэдакцыі бальшавісцкай газеты «Цыня».
У 1933 годзе скончыў Ваенную акадэмію РККА імя М.В. Фрунзэ.

Усё жыццё аддаў ваеннай справе, займаў розныя палітычныя і камандныя пасты.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ян Янавіч прызначаецца начальнікам Упраўлення ўсенавуча Прыволжскай ваеннай акругі. У 1943 годзе брыгаднаму камісару прысвоена званне палкоўніка і ён прызначаны камандзірам 120-й стралковай дывізіі. Гэта вайсковае злучэнне ў тэрміновым парадку накіроўваюць з Бранска ў Беларусь. Дывізія граміла ворага на Гомельшчыне і ў самым пачатку 1944 года выйшла да Рагачова. У лютым 1944 года яна ўдзельнічала ў Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі ў вызваленні Рагачова.

Камандаванне высока ацаніла баявое майстэрства і адвагу камандзіра дывізіі. Ян Янавіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна і ўдастоены звання генерал-маёра. Стралковая дывізія атрымала назву Рагачоўская.

На досвітку 23 чэрвеня 1944 г. магутная артылерыйская і авіяцыйная падрыхтоўка абвясціла аб пачатку аперацыі «Баграціён». У пачатку ліпеня дывізія Я.Я. Фогеля была ўжо ў Карэліцкім раёне. Яна развівала імклівае наступленне ў накірунку Навагрудка, Карэліч, Дзятлава. Фашысты сцягвалі ўсё новыя і новыя сілы, каб любой цаной затрымаць савецкія войскі на водных рубяжах. Такую спробу гітлераўцы ўчынілі на рацэ Сэрвач у Карэліцкім раёне. Але ў генерала Фогеля быў ужо дакладны план дзеянняў. Да ракі дывізія падышла ўвечары, у начным баі прарвала абарону, ноччу фарсіравала раку, захапіла плацдарм і замацавалася на ім. Гвардзейцы 120-й дывізіі пагналі нямецка-фашысцкіх захопнікаў на захад.

З 24 чэрвеня да 8 ліпеня 1944 года дывізія пад яго камандаваннем прайшла з баямі ад ракі Друць да Навагрудка, вызваліла 250 населеных пунктаў, захапіла шмат варожай тэхнікі і зброі, узяла ў палон больш за 2800 нямецкіх салдат і афіцэраў, замкнула аблогу групоўкі праціўніка ў бабруйскі «кацёл».

Генерал Ян Янавіч Фогель быў заўсёды там, дзе вырашаўся зыход бою, непасрэдна ў баявых парадках палкоў. Асабістым прыкладам натхняў салдат і афіцэраў на безумоўнае выкананне атрыманага загаду.

Раніцай 8 ліпеня 1944 года каля вёскі Малюшычы генерала Фогеля напаткала варожая куля. Ён быў смяротна паранены.

Пахавалі Яна Янавіча Фогеля з усімі вайсковымі ўшанаваннямі ў г. Дзятлава.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 красавіка 1945 г. Яну Янавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Кожны год на полі імя Яна Янавіча Фогеля, каля агр. Малюшычы, адбываюцца мітынгі ў знак павагі герою, пад камандаваннем якога вызвалялі Карэліцкі раён.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч разам з членамі ВПК «Віцязь» на полі Фогеля

Алена МАКАРЧЫК, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»
Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц і архіва рэдакцыі