Евгений Чичкан: «Все выборы на Кореличчине проходили конструктивно»

Да першага ў гісторыі Беларусі адзінага дня галасавання засталося зусім нямнога часу, і ў Карэліцкім раёне працягваецца работа па азнаямленні насельніцтва з новаўвядзеннямі ў выбарчай кампаніі. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан правёў сустрэчу з калектывам ДУСА «Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў».

Намеснік старшыні райвыканкама больш падрабязна спыніўся на шэрагу інавацый, якія накіраваны на забеспячэнне электаральнага суверэнітэту Беларусі. Сярод іх — адмова ад утварэння ўчасткаў для галасавання за мяжой; забарона вылучэння на выбарныя пасады асоб, у якіх маецца дакумент, які прадастаўляе права на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю; забарона на вынас выдадзенага бюлетэня за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўленне фота — і відэаздымкі запоўненага бюлетэня і інш. Звярнуў увагу Яўген Мікалаевіч і на тое, што, калі выбаршчык сапсуе бюлетэнь, то замяніць яго можна будзе толькі адзін раз:

— Былі выпадкі, калі людзі наўмысна псавалі бюлетэні, штучна стваралі чэргі і перашкаджалі працы выбарчай камісіі. На шчасце, у нас такога не было, усе выбары на Карэліччыне праходзілі без непрыемных здарэнняў.

Расказаў Яўген Мікалаевіч і пра работу ўчасткаў для галасавання. У час датэрміновога галасавання, якое будзе праходзіць з 20 па 24 лютага, яны будуць працаваць з 12:00 да 19:00. 25 лютага можна будзе прагаласаваць з 8:00 да 20:00.

— Я заклікаю кожнага з вас прыйсці і прагаласаваць, бо мы будзем выбіраць людзей, якія будуць працаваць для нас, вырашаць нашы праблемы, даносіць іх да кіраўніцтва краіны, — завяршыў выступленне Яўген Мікалаевіч.