У Дзень роднай мовы карэліччане разважаюць пра яе каштоўнасць і ўзгадваюць самыя мілагучныя словы

Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.

Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.  Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, а мовы без яго носьбіта.

У Беларусі Дзень роднай мовы пачалі адзначаць з 2009 года, з таго часу з гэтай нагоды арганізуюцца розныя тэматычныя мерапрыемствы.

Як сведчаць вынікі перапісу насельніцтва, якi прайшоў у 2019 годзе, беларускую мову лічаць роднай больш за пяць мільёнаў жыхароў нашай краіны.  Яшчэ адна дзяржаўная мова — руская. Падчас перапісу яна была адзначана як родная амаль чатырма мільёнамі жыхароў рэспублікі. Карэспандэнт  газеты “Полымя”  спытала ў карэліччан,  як яны ставяцца да роднай мовы і якія словы лічаць самымі  прыгожымі і мілагучнымі.

Аксіння ЖДАН, першы сакратар  Карэліцкага раённага камітэта ГА ”БРСМ”:

– Час ідзе, пакаленні мяняюцца, і мова таксама не стаіць на месцы. Я ўпэўнена, што гэта    адзін з самых важных набыткаў чалавека. Вельмі важна зберагчы роднае слова ў годным выглядзе, бо беларуская мова — гэта спадчына, якая захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне.  Яна ўвабрала ў сябе ўсю гісторыю народа, яго настрой, думкі і падзеі.

Хоць у паўсядзённым жыцці  я больш карыстаюся  рускай мовай, але ў мяне ёсць  любімыя беларускія словы — гэта “каханне” і “шчасце”.  Без кахання, лічу, чалавеку ніяк. Падабаецца, што ў нашай мове гэта пачуццё названа асобным словам, а для азначэння сімпатый, прыхільнасці, адданасці ёсць іншае – “любоў”.  Шчасце для мяне – гэта быць сабой і радавацца жыццю: жыць сённяшнім днём, атрымліваць асалоду ад кожнай хвіліны і з удзячнасцю ўспрымаць тое, што дае  лёс. Часам бывае так, што жыццё падносіць нам непрыемнасці, але яно дае нам сілы, каб іх пераадолець.

Ларыса КУЗЬМІЧ,  дырэктар установы культуры  “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей”:

– Роднай мовай лічу беларускую, бо гэта мова маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, мова, якую я чую з калыскі і на якой заўсёды вучыла разважаць і размаўляць сваіх дачушак.  Спадзяюся, што на ёй жа будуць мець зносіны  і мае ўнукі,  і праўнукі.  Вельмі важна мець магчымасць штодня чуць, гаварыць, усведамляць родную мову. Лічу, што ў жыцці чалавека яна з’яўляецца нейкай сцяжынкай, якая злучае  з домам і блізкімі людзьмі. Яна адлюстроўвае менталітэт беларусаў, робіць наш народ адметным ад іншых. Хоць у нашай краіне афіцыйна ўжываюцца дзве мовы, роднай  усё ж лічу  беларускую. Хацелася б часцей чуць родную мову – яна ў нас такая прыгожая і мілагучная. А самае роднае і пяшчотнае для мяне слова “матуля”.  Яе вобраз  узгадваю і ў самыя светлыя, хвалюючыя хвіліны, і калі на душы сум.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара