Проект «Улица имени героя». Улица в г.п. Кореличи названа в честь Героя Советского Союза Александра Матросова

“Подзвіг Аляксандра Матросава”. Мастак У. Я. Памфілаў.

«Дарагая Ліда!

Толькі што скончыўся камсамольскі сход. Пачысціў аўтамат, паеў. Камбат кажа: “Адпачывайце лепш, заўтра бой”.

Я не магу заснуць. У акопным бліндажы нас шэсць чалавек, сёмы на пасту. Пяцёра ўжо спяць, а я сяджу каля пячуркі пры святле гасілкі і пішу гэты ліст. Заўтра, як устанем, перадам яго сувязному.

Цікава ведаць, што гэта ты парабляеш цяпер? У нас на фронце як сцямнее трохі, так і ноч. А ў вас у тыле — электрычнае святло. Напэўна, кладзецеся спаць гадзін у дванаццаць.

Я часта ўспамінаю цябе, Ліда, шмат думаю пра цябе. Вось і цяпер хочацца пагаварыць з табой пра ўсё, што адчуваю, што перажываю…

Ліда, я бачыў, як паміралі мае таварышы. А сёння камбат расказаў выпадак, як загінуў адзін генерал, загінуў, стоячы тварам на захад.

Я люблю жыццё, хачу жыць, але фронт такая штука, што вось жывеш, жывеш — і раптам кулі або асколак ставяць кропку ў канцы твайго жыцця. Але калі мне наканавана загінуць, я хацеў бы памерці так, як гэты наш генерал: у баі і тварам на захад.

Аляксандр».

(Прыводзіцца паводле кнігі “1941 — 1945. Говорят погибшие герои”: Государственное издательство политической литературы; Москва; 1990, С. 174-175)

Такі ліст напісаў 19-гадовы Аляксандр Матросаў сваёй сяброўцы Лідзе Курганавай, якая стала для яго не проста добрай сяброўкай, але якую ён пакахаў. Праважаючы юнака на фронт, яна прызналася яму ў сваіх пачуццях і абяцала чакаць з перамогай…

Супярэчлівае юнацтва

Гісторыкі не могуць прыйсці да згоды, калі размова ідзе пра час і месца нараджэння Аляксандра Матросава. Па афіцыйнай версіі нарадзіўся Саша ў горадзе Екацярынаслаў Кацярынаслаўскай губерні Украінскай ССР (цяпер г. Днепр) 5 лютага 1924 г. Савецкі башкірскі пісьменнік і журналіст Рауф Насыраў у Башкірскай энцыклапедыі піша, што сапраўднае імя Матросава — Шакір’ян Юнусавіч Мухамедзьянаў, а нарадзіўся ён у вёсцы Кунакбаева Цепцяра-Учалінскай воласці Башкірскай АССР. Існуе версія, што хлопчык нарадзіўся ў сяле Высокі Калок Высока-Калкоўскай воласці Самарскай губерні. У кнізе Ніны Дубовік “Усё роўна я буду чалавекам”, якая выйшла ў 2016 годзе, сцвярджаецца, што радзіма Матросава — сяло Зін Яр (цяпер не існуе).

Хлопчык рана застаўся без бацькоў, і яго дзяцінства прайшло ў Іванаўскім і Мялекскім дзіцячых дамах Ульянаўскай вобласці. У 14 гадоў за крадзеж дзяржаўнай маёмасці юнак трапіў у рэжымную калонію ў пасёлку Іванаўка. Пасля заканчэння школы Аляксандра накіравалі на вагонарэмонтны завод у г. Куйбышаў — працаваць фармоўшчыкам. Аднак юнаку там не спадабалася, і ён уцёк. За парушэнне пашпартнага рэжыму Матросаў быў асуджаны, яго на два гады адправілі ў Уфімскую дзіцячую працоўную калонію. Адтуль ён таксама хацеў уцячы, але быў спынены. Да сакавіка 1942 года Аляксандр шчыраваў вучнем слесара, паказаў сябе з добрага боку і быў назначаны памочнікам выхавальніка, а затым быў выбраны старшынёй цэнтральнай канфліктнай камісіі калоніі. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны юнак неаднаразова звяртаўся з пісьмовымі просьбамі адправіць яго на фронт.

У кастрычніку 1942 года Аляксандра прызвалі ў армію, і ён стаў курсантам Краснахолмскага ваенна-пяхотнага вучылішча. Разам з ім у пятай роце апынуліся выхаванцы Уфімскага дзіцячага дома: Пеця Бурдзін, Іван Кадышаў і іншыя. Хлопцы пасябравалі і акунуліся ў ваенную вучобу.

У лістападзе 1942 года Аляксандр Матросаў добраахвотнікам адправіўся на фронт.

18 студзеня 1943 года са станцыі Платаўка Чкалаўскай вобласці разам з курсантамі вучылішча, добраахвотнікам у складзе маршавай роты, адправіўся на Калінінскі фронт. 12 лютага 1943 года Матросаў прыбыў у часць, служыў у складзе 2-га асобнага стралковага батальёна (па іншых дадзеных у 1-й роце 3-га батальёна) 91-й асобнай Сібірскай добраахвотніцкай брыгады імя І. В. Сталіна (пазней 254-ы гвардзейскі стралковы полк 56-й гвардзейскай стралковай дывізіі, Калінінскі фронт), абраны групкамсоргам і прызначаны агітатарам узвода. 15 лютага 1943 года, у 18.00, 91-я брыгада выступіла ад станцыі Земцы ў напрамку горада Локня.

Бой за вышыню

1943 год. “Маланкавая вайна” гітлераўскай хеўры пазнала паражэнне, вораг адступае, але не жадае прызнаць свой правал. 17 студзеня войскі Калінінскага фронту вызвалілі горад Вялікія Лукі. На наступны дзень часці Ленінградскага і Валхоўскага франтоў прарвалі блакаду Ленінграда.

5 лютага радавому Аляксандру Матросаву споўнілася 19 гадоў.

Лёс вайны вырашаўся таксама і на Паўночным Захадзе краіны. Начальнік штаба Калінінскага фронту палкоўнік Міхаіл Аляксанкін дакладваў: “На працягу года праціўнік стварыў на пярэднім краі абароны шэраг вузлоў супраціўлення, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой добра арганізаванай сістэмай агню. Вузлы супраціўлення створаны праціўнікам на ўсіх вышынях, якія маюць тактычнае значэнне, а таксама ў населеных пунктах”. Савецкай Арміі прыходзілася рассякаць гэтыя вузлы. Чакаліся цяжкія баі ў Пскоўскім і Цвярскім краях. Матросаў і яго сябры рыхтаваліся да сечы не на жыццё, а на смерць. Неабходна было прарваць абарону фашыстаў каля вёскі Чарнушкі і перарэзаць чыгунку, па якой ворагі забяспечвалі свае войскі ў раёне Вялікіх Лук.

21 лютага адбыўся камсамольскі сход, на якім аб’явілі задачу камандавання. Размова зайшла пра штурмавыя групы і ўзаемную дапамогу. Матросаў папрасіў слова.

— Абяцаю змагацца з ворагам, пакуль б’ецца маё сэрца. А калі мяне заб’юць, — ціха прагаварыў ён, — няхай таварыш возьме маю зброю і б’е праклятых фашыстаў да поўнай перамогі!

25 лютага 91-я брыгада двума батальёнамі вяла наступальныя баі за населеныя пункты Чорнае і Брутава. 26 лютага 91-я брыгада часткаю сіл другога батальёна, абыходзячы в. Чарнушка Паўночная з усходу, выйшла ў раён вёскі Пляцень (Паўночны). Перад байцамі стаяла задача ўдарам у фланг знішчыць ворага, які абараняў вёскі Чарнушка і Чорная, і завалодаць гэтымі населенымі пунктамі. З фронта на Чарнушкі наступаў чацвёрты батальён. На падыходах да вёскі Пляцень немцы стварылі моцны апорны пункт: подступы да вёскі прыкрывалі тры дзоты. Не знішчыўшы варожыя дзоты, нельга было рашыць пастаўленую задачу, аднак любая спроба ўзяць дзоты ў лоб прывяла б да вялікіх страт. Дзоты мелі добры агляд, з прыстрэленымі на дыстанцыю пяхотнага ўзбраення межамі. Асабліва пад моцным агнём былі ўзлескі і лагчыны.

Другі батальён, які незаўважна прайшоў праз густы лес, выйшаў на ўзлесак, развярнуўся фронтам на Пляцень і трапіў пад моцны кулямётны агонь дзотаў. Напярэдадні, падчас начнога маршу, мінамётная рота другога батальёна згубіла мінамёты, і ў байцоў засталіся толькі супрацьтанкавыя ружжы. Штурмавыя групы здолелі знішчыць флангавыя дзоты, але кулямёт з цэнтральнага працягваў абстрэльваць лагчыну перад вёскай. У бок дзота папаўзлі чырвонаармейцы-аўтаматчыкі Пётр Агурцоў і Аляксандр Матросаў.

Агурцоў быў больш вопытным, разведчыкам, які ўдзельнічаў у многіх баях. Але куля-дура, якая не глядзіць, хто больш вопытны. На поступах да дзота яна спыніла Агурцова. Цяжка паранены, ён быў выратаваны пасля бою. Матросаў упарта набліжаўся да амбразуры. Таварышы ўспаміналі, калі ён паласнуў па агнявой кропцы аўтаматнай чаргой, там нешта ўзарвалася ці задымілася. Але кулямёт не змаўкаў. У заснежаным паўзмроку Матросаў бачыў толькі сваю мэту і спрабаваў падпаўзці да яго з флангу. Яму ўдалося наблізіцца, кулі праляталі міма.

Шырока размахнуўшыся, ён кінуў у бок дзота гранату, другую. Агонь змоўк. Натхнёныя чырвонаармейцы падняліся ў атаку, але кулямёт застракатаў ізноў. Тады Матросаў устаў у поўны рост і кінуўся на дзот. Магчыма, ён хацеў знішчыць кулямётчыкаў, закідаць іх гранатамі альбо перашкодзіць, спіхнуўшы дула нямецкай зброі, але ў любым выпадку Матросаў грудзямі пайшоў на агонь, каб выратаваць байцоў, якія ішлі за ім. У нямецкага кулямётчыка на некалькі імгненняў скараціўся сектар агляду — цела Матросава перашкаджала весці прыцэльную стральбу. Юнак загінуў, прастрэлены кулямётнай чаргой, прыкрыўшы сабой амбразуру.

Гэтыя імгненні вырашылі зыход бою. Вёска Пляцень была ўзята франтальнай атакай 4-га і флангавай атакай 2-га батальёна. Шлях на вёску Чарнушка быў адкрыты, і ў 13.00 сіламі чацвёртага батальёна вёска была ўзятая. Байцы паднялі над вёскай чырвоны сцяг, які Матросаў, сваім рыўком на некалькі хвілін наблізіўшы перамогу, на жаль, не ўбачыў.

Агітатар палітычнага аддзела 91-й стралковай брыгады старшы лейтэнант Пётр Волкаў паведаміў у палітычны аддзел пра подзвіг Матросава:

«У баі за в. Чарнушкі камсамолец Матросаў, 1924 года нараджэння, здзейсніў гераічны ўчынак — закрыў амбразуру дзота сваім целам, чым і забяспечыў прасоўванне нашых стралкоў наперад. Чарнушкі ўзяты. Наступленне працягваецца. Падрабязнасці далажу па вяртанні. Агітатар палітаддзела старшы лейтэнант Волкаў».

Аляксандр Матросаў першапачаткова быў пахаваны каля вёскі Чарнушкі, а ў 1948 годзе яго прах быў перапахаваны ў г. Вялікія Лукі.

У выніку ўпартых баёў 27 лютага 1943 года часцямі 91-й брыгады занятыя тры населеныя пункты: Чарнушка Паўночная, Чарнушка Паўднёвая, Чорнае Паўночнае і вышыня з адзнакай «85,4». 28 лютага ішлі баі за Чорнае Паўднёвае і Брутава. Страты брыгады за 27 лютага 1943 года: 1327 чалавек, з іх забітых: каманднага складу — 18, малодшага каманднага складу — 80, радавога складу — 313. Да зыходу дня 28 лютага 1943 года наступленне пад Локняй было спынена. Локня была вызвалена праз год — 26 лютага 1944 года.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза начальнікам і радавому складу Чырвонай Арміі” ад 19 чэрвеня 1943 года за “Узорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм” радавы Аляксандр Матросаў удастоены пасмяротна звання Героя Савецкага Саюза.

У загадзе Народнага Камісарыята Абароны СССР № 162 ад 8 верасня 1943 года было запісана: «Вялікі подзвіг таварыша Матросава павінен служыць прыкладам воінскай доблесці і геройства для ўсіх воінаў Чырвонай Арміі».

“Раўненне на Аляксандра Матросава!”

Пра подзвіг Матросава напісаў малады ваенны карэспандэнт газет “За Родину” і “Боевое знамя”, у будучым вядомы пісьменнік Міхаіл Бубеннаў:

«Што падштурхнула Матросава на гэты вялікі подзвіг? Можа быць, невыносны боль сціснуў яго сэрца, калі ён убачыў, як скапаная вось тут гітлераўцамі спакон веку спакойная зямля? Можа быць, ён убачыў вось гэтыя бярозкі і ўспомніў, як апаганьваюць іх ворагі, высякаючы на крыжы? Можа, ён зірнуў на змрочнае зімовае неба і падумаў, што ўсё яго задымілі ворагі, спальваючы нашы вёскі і гарады? Але мы ведаем: гвардыі радавы Аляксандр Матросаў кінуўся грудзьмі на амбразуру варожага дзота, дзе шалела смерць, з адным жаданнем — перамагчы яе, перамагчы ў імя жыцця.

Вечная слава Табе, вялікі рускі воін!

Мы на каленях стаім каля тваёй магілы». (Бубеннов М. С. Собрание сочинений в 4-х т., т. 3. — М.: Современник, 1982.).

На подзвіг радавога звярнуў увагу Вярхоўны галоўнакамандуючы. Сучаснікі пераказвалі рэпліку Іосіфа Сталіна: «Вось як трэба ваяваць! Раўненне на Аляксандра Матросава!».

У Імператарскай Расіі ў пачатку XIX стагоддзя склалася традыцыя: салдат, якія асабліва вызначыліся ў баі, пасля гібелі або смерці навечна залічвалі ў спісы часцей. У Чырвонай Арміі аднавілі гэтую традыцыю, і першым быў Матросаў. З тых часоў кожны дзень на пераклічцы байцы 1-й роты 254-га гвардзейскага палка называлі яго: “Радавы Аляксандр Матросаў!” І ў адказ гучала: “Загінуў у славу савецкай зброі ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі каля вёскі Чарнушкі”.

Слаўнаму 254-му гвардзейскаму стралковаму палку прысвоілі імя Матросава. Упершыню воінскае падраздзяленне атрымала імя радавога. Не палкаводца, не высокапастаўленага вяльможы, не знакамітага рэвалюцыянера, нават не камандзіра, а радавога байца, салдата — аднаго з мільёнаў, якія вытрымалі самыя цяжкія выпрабаванні вайны.

У гонар Матросава называюць вуліцы, стадыёны і мемарыялы, устанаўліваюць помнікі і памятныя знакі. У 1944 і 1963 гадах у СССР выпускаліся паштовыя маркі. У 1983 годзе да 40-годдзя з дня гібелі героя выпушчаны паштовы мастацкі маркіраваны канверт.

Аналагічныя подзвігі ў час вайны паўтарылі больш за 400 чалавек.

Імем Матросава названа вуліца ў г.п. Карэлічы.

Помнік А. Матросаву ў г. Вялікія Лукі

Сяргей СТОЛЯР

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц