В Кореличском районе прошли первые сессии сельских Советов

Першая сесія Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў  дваццаць дзявятага склікання прайшла 6 сакавіка ў аграгарадку Цырын. Удзел у яе рабоце прыняў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў  Аляксей Гаўрош.

Адкрыла сесію старшыня сельскай выбарчай камісіі Святлана Русак, якая адзначыла, што выбары ў сельвыканкаме прайшлі ў спакойнай абстаноўцы пры высокай актыўнасці насельніцтва. На тэрыторыі Цырынскага сельскага Савета выбрана шэсць дэпутатаў. 79%  выбаршчыкаў рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права па вызначэнні складу мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Ад імя сельскай выбарчай камісіі яна павіншавала  прысутных з абраннем дэпутатамі Цырынскага сельвыканкама і ўручыла пасведчанні дэпутатаў.

На сесіі былі абраныя сакратарыят і падліковая камісія, а затым дэпутаты перайшлі да галоўнага пытання парадку дня — выбару старшыні Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.

Слова ўзяў  старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў  Аляксей Гаўрош, які, павіншаваўшы ўсіх дэпутатаў з абраннем, прапанаваў ім для разгляду на абранне старшынёй Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў кандыдатуру Аксаны Гомзы, дэпутата па Быкевіцкай выбарчай акрузе № 1.

– Я думаю, што гэтая кандыдатура вам усім добра вядомая, — адзначыў Аляксей Іванавіч. — Аксана Віктараўна мае досвед працы ў органах мясцовай улады, зарэкамендавала сябе як кіраўнік, які ўмее ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам.

У бюлетэнь для тайнага галасавання па выбарах старшыні Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў  дваццаць дзявятага склікання была ўнесена кандыдатура Аксаны Гомзы, і яна аднагалосна была выбрана на гэтую пасаду.

Аляксей Гаўрош павіншаваў Аксану Віктараўну з абраннем, пажадаў ёй поспехаў на гэтай ніве і выказаў упэўненасць, што на пасадзе старшыні сельсавета яна праявіць свае лепшыя якасці і створыць згуртаваную каманду дэпутатаў, якая будзе эфектыўна ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння  выбаршчыкаў.

Затым паўнамоцтвы вядзення сесіі былі перададзены Аксане Гомзе, якая шчыра падзякавала дэпутатам за падтрымку і аказаны давер:

— Сваю задачу бачу ў тым, каб разам з вамі прадоўжыць работу па ўстойлівым развіцці нашага краю, садзейнічаць якаснай рэалізацыі намечаных планаў і задач у інтарэсах жыхароў нашага  сельвыканкама, — падкрэсліла Аксана Віктараўна.

Дэпутаты выбралі таксама намесніка старшыні Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў  —  ім стала Наталія Адамушка, дэпутат па Аканавіцкай выбарчай акрузе № 2.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара