В Кореличском районе начался ремонт дорог

Вясна — самы цяжкі перыяд для любой дарогі. Менавіта ў гэты час года дарожныя праблемы абвастраюцца ў разы. Звязана гэта з масавым раставаннем ільду і снегу, якія вядуць да пераўвільгатнення дарожнага палатна. Вада пранікае ў поры асфальтавага пакрыцця, а шматразовыя ваганні тэмпературы прыводзяць да разбурэння дарог.

— Дарогі пастаянна патрабуюць догляду і своечасовага рамонту. А няпростыя ўмовы надвор’я гэтай зімой дадалі нам клопатаў, — распавёў галоўны інжынер Карэліцкага ДРБУ-158 Юрый Бабанскі. — Для забеспячэння бяспекі дарожнага руху і, каб пазбегнуць яшчэ большых пашкоджанняў, рэгулярна ажыццяўляем ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця.

Перад работнікамі ДРБУ-158 стаіць задача адрамантаваць амаль 30 км мясцовых дарог, што ў два разы больш, чым у мінулым. На гэтыя мэты будзе выдаткавана 6,7 млн рублёў. Плануецца, што рамонтныя работы пройдуць на наступных участках дарог: Мір-Любна (2,3 км), Палужжа-Руднікі (2,1 км), пад’езд да в. Лыкавічы (1 км), Трашчычы-Вялікія Жухавічы-Цырын (1,5 км), Вышкава-Крышылоўшчына (1,6 км), Трашчычы-Вялікія Жухавічы-Цырын (2,3 км), Мір-Вялікая Мядзвядка-Хлюпічы (2,5 км), Ярэмічы-Сіняўская Слабада (2,8 км), Мір-Вялікія Жухавічы-Юравічы-Бурдзевічы (1,4 км), Застадолле-Дорагава (2,9 км), Тударава-Кальчычы (0,8 км), Карэлічы-Руціца-Амневічы (2,5 км), Міратычы-Дуброва-Райца (1,9 км), Раманы-Варонча-Літараўшчына (1,9 км).

11 сакавіка быў запушчаны асфальтабетонны завод ДРБУ № 158 магутнасцю да 25 тон у гадзіну. Выпушчаны асфальт будзе выкарыстаны пры рамонце дарожнай сеткі ў Карэліцкім і Навагрудскім раёнах, а таксама пры добраўпарадкаванні новага квартала “Зорны” ў г.п. Мір.

— Аб’ёмы выпушчанага заводам асфальта пастаянна павялічваюцца, — адзначае Юрый Уладзіміравіч. — Для параўнання: у 2022 годзе мы выпусцілі 16 300 тон, у 2023 — 18 600. Сёлета плануем выпусціць 32 тысячы тон.

Тым часам Карэліцкім РУП ЖКГ плануецца работа па рамонце вуліцы Савецкай у райцэнтры і вуліцы Міра ў г.п. Мір. Таксама карэліцкімі камунальнікамі будуць праведзены рамонтныя работы ў дварах па вуліцах Гагарына, 22 і Прытыцкага, 15 у райцэнтры. Па выніках абследавання вулічна-дарожнай сеткі будзе праведзены ямачны рамонт.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара