В Кореличах открыли выставку работ Павла Ободинского «Любімаму краю прысвячаецца»

У Карэлічах адкрылі выставу работ Паўла Абадзінскага «Любімаму краю прысвячаецца»

У выставачнай зале аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» пачала дзейнічаць выстава работ Паўла Абадзінскага пад назвай «Любімаму краю прысвячаецца». Яе адкрыццё адбылося 27 мая і выстава будзе працаваць да 10 чэрвеня.

Загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Юлія Баярэнка сказала:
— Мастацтва заўсёды адзіна і непарыўна звязана з чалавекам. Яно аб’ядноўвае людзей, дорыць прыгажосць і радасць. І сёння радасць творчасці дорыць нам таленавіты мастак Павел Абадзінскі. На жаль, мастака ўжо няма побач, але засталася спадчына ў выглядзе карцін, якія захавалі яго родныя. Выстава мастака «Любімаму краю прысвячаецца»(фотарэпрадукцыі карцін, жывапіс) праводзіцца ў рамках раённага праекта «80 мірных дзён».

Для адкрыцця выставы слова прадстаўляецца загадчыку сектара культуры Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Наталлі Шпакоўскай. Яна павіншавала ўсіх прысутных з гэтай падзеяй і адзначыла, што ўсе карціны на тэматыку любімага краю. Мастака няма побач з намі, але яго творчасць папулярызуецца. Выказала словы падзякі сыну Аляксандру Абадзінскаму за прадстаўленыя карціны.

Юлія Баярэнка паведала пра мастака. Павел Аляксеевіч Абадзінскі нарадзіўся 19 мая 1931 года ў вёсцы Турэц у простай сялянскай сям’і. У 1939 годзе закончыў першы клас. У ваенны час сям’і давялося пераехаць на Усход. Павел Аляксеевіч з сям’ёй жылі ў пасёлку Ніжні Інгаш Краснярскага краю. Бацька працаваў на ваенным аб’екце, маці — у бальніцы. Павел Аляксеевіч вучыўся ў мясцовай школе. Дзякуючы настаўніку малявання, з’явіўся інтарэс да жывапісу і творчасці ў цэлым. У 1946 годзе сям’я вярнулася на Радзіму.
Пасля заканчэння школы Павел Аляксеевіч паступіў у сельскагаспадарчы інстытут г.Гродна. Рашэнне было прынята пад уплывам бацькоў, якія хацелі, каб сын працаваў на зямлі. Вучоба ў інстытуце была даволі цікавай, але мастацтва заўсёды было ў душы Паўла Аляксеевіча. Гэта і вырашыла далейшы лёс мастака. Некаторы час ён працаваў у сельскай гаспадарцы, а пазней паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Працаваў пасля навучальнай установы настаўнікам працы, чарчэння і малявання. Затым з’явілася сям’я: жонка Ніна (таксама настаўнік), дзеці Алена і Аляксандр. Павел Аляксеевіч пабудаваў дом з майстэрняй, дзе пасля выхаду на заслужаны адпачынак стварыў цыкл прац пра родныя мясціны, якія сёння тут прадстаўлены.
На адкрыцці выставы сын Аляксандр падзяліўся ўспамінамі пра бацьку: «Гэта яго дар і талент. Усё жыццё прысвяціў творчасці, і гэтыя работы — пра Карэліччыну. Любоў настолькі моцная, што ёй могуць заразіцца акружаючыя. Бацька казаў, што трэба вучыцца і развіваць талент. Ён цікавіўся гісторыяй, на пенсіі быў загадчыкам музея ў вёсцы Турэц. Час на заслужаным адпачынку праводзіў плённа і вызначаўся вялікай працавітасцю.»

Аляксандр Абадзінскі падарыў кнігу бацькі «Не страчаны час. Турэц — радзімы мястэчка ў сэрцы» аддзелу рамесніцкай дзейнасці, а рэпрадукцыі карцін — сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы.
Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра народнай творчасці Наталля Гароднік адзначыла, што вельмі важна захоўваць спадчыну, ведаць гісторыю і ганарыцца ёю.

 

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА