Кореличские школьники сдали первый ЦЭ

27 мая выпускнікі ўсёй краіны здалі першы цэнтралізаваны экзамен. 76 навучэнцаў устаноў адукацыі Карэліччыны здавалі яго згодна свайго выбару па сямі прадметах: матэматыка – 40 чалавек, гісторыя Беларусі – 10, грамадазнаўства – 8, хімія і англійская мова – па 6, біялогія і фізіка – па 3. Карэспандэнт раённай газеты “Полымя” накіравалася ў ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”, на пункт правядзення ЦЭ, і даведалася непасрэдна з першых вуснаў, як усё прайшло, якія заданні трапіліся і чаго будучыя абітурыенты чакаюць ад важнага экзамену.

Са школы пасля ЦЭ адзін за адным выходзілі выпускнікі, якія ўжо “адстраляліся”. Першыя выйшлі з аўдыторыі праз гадзіну пасля пачатку выпрабавання. Хтосьці трымаўся да апошняга. Гледзячы на іх твары, адразу ўспомніліся хвалюючыя моманты са свайго асабістага жыцця. Настаўнікі выглядваюць сваіх выпускнікоў, раз-пораз даносяцца фразы: “Здала? Ну як усё прайшло?”, “Ты чаго так хутка?”, “Хоць пераправерыў сябе?”.


Навучэнцы-сябры Мікіта Гарбачоў, Яўгеній Малышка і Ягор Куліцкі з райцэнтра здавалі сёння матэматыку. Яны выйшлі з узнятым настроем, упэўненыя, што ў іх усё атрымалася. Юнакі ажыўлена расказалі, што большасць заданняў былі пад сілу, але былі і цяжкаватыя.
Адна з першых з экзамену па гісторыі Беларусі выйшла навучэнка СШ № 2 райцэнтра Мілана Кныш. Дзяўчына разлічвае на добры вынік. Ён абавязкова павінен адпавядаць 9-10 балам.


– Вынік павінен быць нядрэнным, я ўпэўнена ў гэтым. Падчас выканання заданняў прытрымлівалася пэўнай логікі: першыя думкі самыя правільныя. На тыя пытанні, на якія ведала адказы, адказвала адразу, а больш складаныя пакідала на фінал. Што тычыцца арганізацыі, то ўсё было строга, на высокім узроўні. Ніякіх праблем з афармленнем бланкаў у мяне не ўзнікла. Хваляванне, безумоўна, прысутнічала, але думаю, што наступны ЦЭ, здаваць будзе маральна лягчэй, – падзялілася выпускніца.


Будучы інжынер Дзяніс Царук з Красненскай сярэдняй школы выйшаў з аўдыторыі, правёўшы на экзамене амаль дзве гадзіны.
– Я здаваў матэматыку. Вырашыў доўга не сядзець, не мучыць сябе і выйшаў, як толькі справіўся з заданнямі. Выканаў практычна ўсё, праўда, не зусім ў поўным аб’ёме. Па складанасці экзамен быў як рэпетыцыйны, можа, трошкі складаней. Разлічваю атрымаць балаў 70. Сярэдні бал атэстата павінен быць 9. Буду спрабаваць паступаць у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, – сказаў юнак.
Сваю ацэнку арганізацыі і правядзенню першага цэнтралізаванага экзамену дала начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч:
– Усе 76 раней зарэгістраваных для здачы Цэнтралізаванага экзамену выпускнікоў сёння з’явіліся на пункт здачы экзамену. На ўваходзе быў арганізаваны жорсткі прапускны рэжым: праходзілі толькі тыя, у каго ў руках быў дакумент, які сведчыць асобу, і зарэгістраваны пропуск. Для іспытаў выдзелена шэсць кабінетаў. Суправаджаюць цэнтралізаваны экзамен больш за 30 школьных педагогаў. Асноўная іх функцыя – арганізацыя правядзення экзамену ў аўдыторыі. Ёсць педагогі, якія адказваюць за кантроль на ўваходзе. І ёсць дзяжурныя педагогі па калідорах. Яны сочаць за парадкам, суправаджаюць пры неабходнасці навучэнца, трымаюць сувязь з арганізацыйнай камісіяй. На тэрыторыі пункта працуе буфет, дзяжураць медыцынскія работнікі. Ва ўсіх аўдыторыях арганізаваны пітны рэжым і праводзіцца праветрыванне.
Для падвозу вучняў сельскіх школ задзейнічаны шэсць школьных аўтобусаў. Выпускнікоў на экзамен суправаджаюць педагогі. Для іх і навучэнцаў, якія справіліся з заданнем раней, на пункце адведзена памяшканне з асобным уваходам.


Увогуле, ЦЭ прайшоў у штатным рэжыме, грубых парушэнняў падчас яго правядзення не выяўлена.
Першы цэнтралізаваны экзамен здадзены. Яго вынікі Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў абяцае абвясціць не пазней за 10 дзён. Другі ЦЭ па рускай і беларускай мовах адбудзецца 30 мая.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара