Выпускники Циринской средней школы собрались на последнюю школьную линейку

Пра тое, што ў ДУА «Цырынская сярэдняя школа»  сёння свята  апошняга  званка, можна было зразумець,  толькі ступіўшы на тэрыторыю школьнага двара. Шмат кветак, паветраныя шары, музыка і  па-святочнаму  апранутыя  выпускнікі, іх бацькі,  вучнёўскі  калектыў,  ганаровыя госці – усё нагадвала аб важнай для кожнага чалавека падзеі – заканчэнні школы.

Калі для асноўнай масы навучэнцаў канец мая асацыіруецца з прадчуваннем прыемнага адпачынку, то для выпускнікоў, наадварот, – з пераходам на новы этап у іх жыцці. Ужо зусім хутка перад імі адкрыюцца сотні розных дарог, а самая шчаслівая пара – школьныя гады – застанецца толькі ва ўспамінах.

Ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай святу апошняга званка,  прынялі ўдзел начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, старшыня Цырынскага сельскага выканаўчага камітэта Аксана Гомза, настаяцель праваслаўнай царквы архангела Святога Міхаіла аграгарадка Цырын протаіерэй Алег Сушко, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна, начальнік ДАІ па абслугоўванні Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Дзмітрый Аскерка.

Якасць – гэта важны прыярытэт у палітыцы нашай краіны. Складаючымі якасці жыцця з’яўляецца якасць адукацыі.  У сваёй прамове-звароце дырэктар установы адукацыі Наталля Адамушка  выказала словы падзякі усім сацыяльным партнёрам за супрацоўніцтва і дапамогу. Звярнуўшыся да выпускнікоў, яна сказала, што галоўнае ў жыцці чалавека не тое, каб не памыляцца, а каб ніколі не здавацца, і пажадала поспеху выпускнікам.

Па выніках навучальнага года былі адзначаны вучні, педагогі, бацькі,  якія дасягнулі найлепшых поспехаў у вучобе, спорце, пераможцы і ўдзельнікі розных раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў.

Начальнік аддзела  адукацыі райвыканкама   Ірына Асташэвіч  упэўненая, што выпускнікі пранясуць праз усё жыццё тое дабро, якое выхавалі ў іх настаўнікі.

-Жадаю мэтанакіраванасці і настойлівасці ў дасягненні мэты. Кім бы вы ні сталі ў жыцці, памятайце бацькоўскі дом, любіце сваю маленькую радзіму, будзьце сапраўднымі патрыётамі нашай краіны, – заключыла  яна.

Ад РА ГА «Беларускі фонд міру» Ірына Валер’еўна ўручыла  ўстанове адукацыі  падарункавы сертыфікат і  Падзяку старшыні Карэліцкай РА РГА “Белая Русь”  вучаніцы Ксеніі Серай за ўдзел у конкурсе творчай моладзі “Залатое пяро  “Белай Русі”-2024”.

Дырэктар  ДП “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна, акрамя слоў віншавання у адрас выпускнікоў,  уручыў матэрыяныя дапамогі сельгаспрадпрыемства актыўным навучэнцам. Пажаданні   поспехаў у здачы экзаменаў, чыстага неба, яркага сонца, добрага настрою, Божага блаславення і бяспечнага летняга адпачынку гучалі ў адрас выпускнікоў і ад старшыні сельвыканкама Аксаны Гомзы, протаіерэя Алега Сушко і начальніка ДАІ Дзмітрыя Аскерка.

Шчаслівыя выпускнікі ў адказ на віншаванні і сказаныя  словы  падарылі прысутным апошні школьны вальс.

Вось і празвінеў апошні званок, які абуджаў у душы кожнага складанае пачуццё суму, радасці і хвалюючай невядомасці дарослага жыцця.

Свята апошняга званка назаўжды застанецца светлым і радасным успамінам.