К 110-летию со дня рождения художника из Кореличей Валентина Романовича

Мастак-графік Валянцін Рамановіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1911 года на Навагрудчыне ў мястэчку Карэлічы  ў праваслаўнай сям’і  беларуса Сцяпана Рамановіча і Аляксандры Зотавай, якая паходзіла з роду маскоўскіх іканапісцаў. Альдона Рамановіч у творчасці свайго мужа бачыла працяг мастацтва яго продкаў —  іканапісцаў і адзначала рысы, характэрныя для творчай манеры Валянціна Рамановіча, — чыстату выканання, дакладнасць і пэўную скрупулёзнасць пры накладанні колеру ў карцінах.

Некаторы час бацькі Валянціна настаўнічалі на Палессі, і будучы мастак жыў у Давыд-Гарадку. У 1921 годзе, калі сям’я Рамановічаў вярнулася з Палесся на Навагрудчыну, у Падкасоўе, Валянцін пайшоў у мясцовую школу. Пазней сям’я перабралася ў Карэлічы, дзе Сцяпан Рамановіч выкладаў матэматыку ў польскай сямігодцы, у якой вучыўся  і Валянцін. У 1924 годзе ён паступіў у Навагрудскую польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Ужо там праявіўся яго мастацкі талент. На адной з выстаў у гімназіі былі змешчаны малюнкі будучага мастака.

Пасля заканчэння гімназіі Валянцін стаў студэнтам мастацкага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. У час вучобы Валянцін Рамановіч  праслухаў тэарэтычны курс лекцый па гісторыі мастацтва, класічнай археалогіі, мастацкай анатоміі і кансервацыі помнікаў. Пачынаючы з 1-га курса, вывучаў малюнак і жывапіс. Акрамя таго, займаўся мастацкім фотаздымкам, курс якога выкладаў наш зямляк з Навагрудчыны Ян Булгак. На 3-м і 4-м курсах пачаў вывучаць графіку. Настаўнікамі Валянціна Рамановіча былі таленавітыя мастакі – Ф. Рушчыц, Б. Кубіцкі, А. Штурман, але найбольшы ўплыў на яго творчасць аказалі выдатны мастак-графік Ежы Гопэн, які з 1931 года ўзначальваў аддзяленне графікі мастацкага факультэта, і жывапісец Людамір Сляндзінскі. У работах В. Рамановіча, які пазней працаваў пераважна ў вобласці графікі, знайшло яркае адлюстраванне спалучэнне графічных прыёмаў, засвоеных пад кіраўніцтвам Е. Гопэна, з водгукамі жывапісу Л. Сляндзінскага.

Старонкі дзённіка Валянціна Рамановіча за 1932 год , з якім мне ўдалося пазнаёміцца, дазваляюць прасачыць за пачаткам творчасці будучага мастака. Валянцін  быў аматарам веласіпедных прагулак па ваколіцах Вільні, некалькі разоў  адпраўляўся ў падарожжа на веласіпедзе з Вільні ў Навагрудак. Вяртаючыся ў Вільню, зноў прыступаў да мастацкай працы, акрамя таго, ён шмат чытаў, хадзіў на канцэрты, слухаў музыку, наведваў выставы і тэатры. Знаходзіў час і для адпачынку на прыродзе, якая заўсёды натхняла яго.

У 1934 годзе  наш зямляк здаў экзамен, які даваў яму права працаваць выкладчыкам малявання ў школах і настаўніцкіх семінарыях. Дыплом прафесійнага мастака ён атрымаў пазней — у снежні 1939 года. Валянцін Рамановіч  працягваў вучобу далей, цяпер ужо на медыцынскім факультэце, праводзіў практычныя заняткі са студэнтамі-медыкамі і адначасова выкладаў курс “мастацкай анатоміі” для студэнтаў мастацкага факультэта і рыхтаваў анатамічны альбом.

У гэты час яго творы пачалі з’яўляцца на выставах у Вільні і Варшаве. Сярод ранніх работ мастака ёсць творы жывапісу, але больш за ўсё яго цікавіла графіка. Творы “Касцёл св. Міхала ў Вільні” і “Саркафаг Льва Сапегі” даюць магчымасць заўважыць дасягненні мастака ў пошуку выразных сродкаў для адлюстравання задуманага. У 1936 годзе на 2-й Міжнароднай выставе дрэварыту (гравюры па дрэве) у Варшаве экспанаваліся работы Валянціна Рамановіча “Св. Ян Хрысціцель” і “Касцёл св. Пятра і Паўла на Антокалі”.

З 1937 года Рамановіч уваходзіў у склад “Групы Віленскай”, удзельнікамі якой былі выхаванцы мастацкага факультэта Віленскага ўніверсітэта, і разам з імі браў удзел у выставе, адкрыццё якой адбылося ў красавіку 1939 года. На выставе экспанаваліся яго творы жывапісу: “Вежа замка ў Троках”, “Рыцарская зала”. Знайшла адлюстраванне на адным з яго палотнаў і віленская сінагога.

У пачатку 1939 года Валянцін Рамановіч зрабіў пробныя адбіткі экслібрысаў — свайго і жонкі Альдоны, а таксама гравюры “Над Свіцяззю”, створанай у 1938 годзе. Праца прыцягнула ўвагу спецыялістаў. Гэты поспех натхніў яго на стварэнне партрэта Стэфана Баторыя і свайго аўтапартрэта (1940) у тэхніцы медзярыта. З дзённіка мастака даведваемся, што апошнія снежаньскія дні 1939 года былі вельмі сцюдзёныя, таму ён распальваў печ, спрабуючы час ад часу сагрэць рукі і медную дошку, на якой гравіраваў, а ногі, каб не стылі ад холаду, заварочваў у палавік. Гравіраваў днём і вечарамі пры святле 15 свечак.

У 1940 годзе з’явілася на свет яшчэ адна паэтычная гравюра мастака “Лета”. Так паступова мастак падышоў да вяршыні сваёй творчасці ў графіцы – цыкла медзярытаў, прысвечаных Тракайскаму замку”, ствараць які ён пачаў зімой 1941 года, калі атрымаў накіраванне на працу ў Трокі. Раней ён шмат месяцаў правёў каля сцен гэтага гістарычнага помніка, займаючыся работамі па вывучэнні і кансервацыі замка. Летам 1939 года разам з ім працавалі жонка Альдона і мастак Лявон Касмульскі. У склеп, які быў прыстасаваны пад склад, пераносілі фрагменты кафлі і іншых цікавых рэчаў, знойдзеных пры раскопках. Валянціна Рамановіча найбольш цікавіла кераміка. Ён складаў з фрагментаў карнізы, міскі, патэльні, гербавую кафлю і гіпсаваў іх. Альдона займалася шклом. З цікавых знаходак у замку зрабілі музей, які паказвалі наведвальнікам. Валянцін выконваў ролю экскурсавода.

Замалёўкі для першай работы тракайскага цыкла, “Зіма”, мастак рабіў зімой 1941 года, калі падчас будаўнічых работ прыводзіў у парадак археалагічныя знаходкі. Малюнак быў закончаны, і Валянцін прыступіў да другога этапу працы – амаль цэлы дзень шліфаваў наждаком медную пласціну і напільнікам абрабляў яе край. Затым, паспрабаваўшы перавесці малюнак праз белую кальку на медзь, у рэшце рэшт, перамаляваў яго іголкай. І, нарэшце, пачаўся найбольш адказны этап працы, які патрабаваў ад творцы не толькі віртуознага майстэрства, але і карпатлівасці – па 3-4 гадзіны ў дзень ён гравіраваў малюнак, па-майстэрску наносячы штрыхі на медзь, і паступова на пласціне з’явіліся выявы спачатку брамы, казематаў і вежы, затым неба, астравоў і снежнага сумёту. Праз тыдзень, калі гравіроўка была закончана, на медную пласціну лягла фарба і быў зроблены пробны адбітак, медзярыт ажыў – зімовы пейзаж з выяваю замка вабіў вока сваёй прыгажосцю. Тэхніка мастака паступова ўдасканальвалася, а свой вопыт ён паспрабаваў абагульніць у артыкуле “Аб тэхніцы графікі”, які быў надрукаваны ў газеце “Віленская праўда”.

Да завяршэння працы ў Троках у зімовы сезон мастак паспеў стварыць яшчэ некалькі медзярытаў: “Арка”, “Жабы” (“Лунный замок”) і “Вудзільшчыкі”. На гравіроўку кожнага медзярыта ён патраціў ад 30 да 35 гадзін, гравіруючы па 3–6 гадзін у дзень. У маі Валянцін перадаў на чарговую віленскую выставу некалькі сваіх работ – толькі што створаныя гравюры тракайскага цыкла, а таксама ранейшыя працы — “Лета”, “Аўтапартрэт”, “Ковенскі замак” і пазней даведаўся, што яго працы на выставе мелі поспех і будуць набыты музеем мастацтва.

Прыкметы ваеннага часу —печка “буржуйка”, гарбата з сахарынам, сухары замест хлеба, які давалі нерэгулярна і мала (230 г), суправаджалі  працу Валянціна над чарговай работай тракайскага цыкла “Каза”, на якой сціплыя сучасныя хацінкі супастаўляюцца з веліччу некалі магутнага замка.

Жыццё ў акупіраваным горадзе не прыносіла мастаку станоўчых эмоцый. За чарговую работу тракайскага цыкла ён узяўся, каб зняць напружанне ад перажытага ў першыя дні вайны. Мастак пабываў каля яўрэйскага гета, і яму падалося, што ён трапіў у змрочны мурашнік. Пазней быў моцна ўражаны, калі ўбачыў чалавека, павешанага фашыстамі на дрэве на плошчы, побач – натоўп людзей і жанчыну, якая страціла прытомнасць… Такіх сюжэтаў няма на гравюрах В. Рамановіча, але ў некаторых работах з’яўляюцца матывы страху і смерці. Трывога працінае “Ветразь”, дзе адлюстроўваецца намаганне людзей вытрываць у экстрэмальнай сітуацыі. Некалькі чалавек, плывучы пад ветразем, імкнуцца супрацьстаяць стыхіі, з цяжкасцю ўтрымліваючы раўнавагу на моцных хвалях, якія, здаецца, вось-вось перакуляць лёгкую лодку. На іншым медзярыце  (“Малы ветразь”) таксама з’яўляецца ветразь — удалечыні, як сімвал надзеі. Заробкі Валянціна кармілі амаль усю сям’ю: бабулю, маці, жонку, а пазней яшчэ і сястру Алену з малым дзіцём. Ён адчуваў адказнасць за ўсіх блізкіх і таму браўся за ўсялякую мастацкую працу, што магла прынесці грошы: рысавальшчыка ў замку, рэстаўратара карцін і абразоў, рэкламіста; прадаваў праз антыкварню свае гравюры, даваў урокі. Калі не было іншага выйсця, Валянцін выменьваў прадукты за ўласную вопратку.

Аднойчы ноччу мастак зноў пачуў гул самалётаў, рэха далёкіх выбухаў і запознены гук сірэны. Неўзабаве з’явілася на свет гравюра “Страх”, а пазней — “Смерць”. Праца над апошняй неаднаразова перарывалася паветранай трывогай. Так, пад гукі сірэны, з’явілася на меднай пласціне выява старога ў лодцы. Паводле задумы гэта быў “Харон” — перавозчык душ нябожчыкаў у падземнае царства Аіда.

Падзеі, якія адбываліся ў горадзе, прыгняталі Валянціна: арышт 100 заложнікаў, 10 з якіх назаўтра расстралялі; уцёкі яўрэяў праз трубы каналізацыі з гета, якое фашысты сабраліся ліквідаваць, пахаванне жывапісца А. Штурмана, з твару якога яму давялося здымаць пасмяротную маску… Ад змрочных думак, як заўсёды, ратавала творчасць.

Адной з самых рамантычных работ цыкла з’яўляецца медзярыт “Рабінзон”. Мастак стварыў твор дзіўнай прыгажосці, у якім увасобіліся і дзіцячыя фантазіі, і ўспаміны пра тыя незабыўныя дні, калі ён вандраваў па астравах каля Тракайскага замка і адзін з астравоў нават лічыў сваім. Адзінокая фігура Рабінзона з сабакам сярод маляўнічай прыроды, дзе побач са зламаным дуплаватым дрэвам, увітым хмелем, раскінула веткі прыгажуня-рабіна, руіны замка, якія нагадваюць фантастычныя казачныя сюжэты, ствараюць неймаверна паэтычны і рамантычны настрой.

Напоўнены рамантыкай і паэзіяй і іншыя работы Валянціна —  “Сарокі”, “Белыя лілеі”. Мастака прыцягвала таямнічае мінулае старога замка, легенды яго руін. Ён дасягнуў вялікага майстэрства ў адлюстраванні пейзажа. Старыя дрэвы, якія на гравюрах прымаюць часам мудрагелістыя формы, пні, аплеценыя хмелем, быццам ліянамі, невялікія птушкі сярод дзікай прыроды, — усё гэта пераносіць нас у далёкае мінулае роднай зямлі, якое было для ўражлівага мастака галоўнай крыніцай натхнення.

Пасля вызвалення Вільні Валянцін Рамановіч быў запрошаны ўпаўнаважаным у адну з устаноў, якая раней займалася справамі кансервацыі помнікаў, а ў новых умовах – рэгістрацыяй ваенных страт. Мастак складаў спісы віленскіх помнікаў культуры, адначасова стварыў чарговую гравюру тракайскага цыкла — “Работа”. Тэхніка гравюр Валянціна Рамановіча настолькі ўразіла спецыялістаў, што яму прапанавалі месца загадчыка хімічнай лабараторыі пры кафедры глыбокай гравюры ў Акадэміі мастацтваў, запрасілі таксама працаваць кансерватарам у музей.

Апошняя работа тракайскага цыкла — “Сава” (“Чорныя лілеі”), створаная ў верасні 1944 года, увасобіла ў сабе ўсё лепшае, чаго мастак дасягнуў у творчасці. Ад гэтай казачна прыгожай, загадкавай, неверагодна паэтычнай гравюры, напоўненай самымі тонкімі перажываннямі майстра-віртуоза, немагчыма адвесці вачэй. І толькі кветкі колеру жалобы — чорныя лілеі — нібы прадказваюць трагедыю самога творцы.

У пачатку снежня 1944 года праца над цыклам “Трокі”, куды ўвайшло 32 гравюры, была завершана, і яго адразу набыў віленскі музей. Але ўбачыць альбом сваіх твораў, пра які так марыў мастак, яму не давялося. Выпадкова арыштаваны і кінуты ў турму, ён загінуў у Лукішках прыкладна на пачатку лютага 1945 года. Дакладная дата яго смерці і месца пахавання невядомыя. Родныя нават не атрымалі весткі аб яго смерці. Валянцін Рамановіч рана пайшоў з жыцця, яго талент не паспеў разгарнуцца на ўсю моц, але ў тых творах, якія ён пакінуў нам, адчуваецца рука сапраўднага майстра.

Даведацца больш пра мастака можна, пазнаёміўшыся з кнігай аўтара “Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча”.

 

Святлана Кошур, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Фота з архіва аўтара