У Карэлічах на семінар-нарадзе ідэалагічнага актыву раёна гаварылі аб дасягненнях краіны, захаванні гістарычнай памяці і пажарнай бяспецы

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры на свае чарговыя заняткі сабраліся ідэолагі раёна. Вёў нараду загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка.

Па асноўнай тэме адзінага дня інфармавання насельніцтва: «Ключавыя дасягненні Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе: лічбы і факты» слова трымаў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан. Прамоўца засяродзіў увагу ідэолагаў на такіх аспектах, як развіццё аграпрамысловага комплексу і дасягненні ў сацыяльнай сферы — медыцыне і адукацыі. «Лічбы і факты сведчаць аб тым, што развіваемся добра», — зазначыў прадстаўнік мясцовай улады.

Разам з тым Яўген Мікалаевіч заклікаў не быць раўнадушнымі да воінскіх пахаванняў, дзе павінен быць наведзены адмысловы парадак, а дзецям і моладзі трэба праяўляць паважлівыя адносіны да святых месцаў. Не абышоў увагай такія хвалюючыя пытанні, як распіццё спіртных напояў на рабочых месцах і захаванне правілаў пажарнай бяспекі ў перыяд уборачнай кампаніі. Як ніколі цяпер неабходна быць адказнымі і прадбачлівымі, каб не здарылася бяды.

У выступленні намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Анатолій Шолк сканцэнтраваў увагу прысутных на паводзінах падчас правядзення ўборачнай кампаніі, на вадаёмах, у лесе. «Усюды трэба быць уважлівымі і захоўваць меры перасцярогі, а дзеці павінны быць пад наглядам дарослых у летні перыяд», — рэзюмаваў Анатолій Анатольевіч. Рэкамендаваў тэлефанаваць у РАНС з мэтай запрашэння  супрацоўнікаў для прафілактычнай гутаркі па пытаннях захавання правілаў пажарнай бяспекі.

«Захаванне заканадаўства ў частцы аказання садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзян, асабліва маючых патрэбу ў сацыяльнай абароне. Аб частковай кампенсацыі затрат на аплату працы грамадзян, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Захаванне заканадаўства аб занятасці» — тэма выступлення намесніка начальніка ўпраўлення — начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Наталлі Гоцка.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Вольгі ГАЎРОШ