На кладбище в деревне Медвядка Кореличского района прошел массовый субботник

У Карэліцкім раёне працягваецца практыка сустрэч мясцовай улады з насельніцтвам. Падчас адной з такіх сустрэч  неабыякавыя жыхары вёскі Мядзвядка звярнуліся да органаў улады з просьбай аказаць садзеянне ва ўборцы кустоўя на старых пахаваннях у гэтым населеным пункце.

У даўніну гаварылі, што талакой усё лягчэй. Вось і мясцовыя жыхары дружна выйшлі, каб навесці парадак на старых могілках. Да працоўнай акцыі далучыліся прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна: РАНС, раённы вузел паштовай сувязі, райспажыўтаварыства, Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб, ДУА «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна», установы адукацыі раёна, РЭС, РУП ЖКГ, КСУП «Племзавод Карэлічы», ДЛГУ «Мірскае лясніцтва».

У ход пайшлі трымеры і бензапілы, вяскоўцы зграбалі лісце, зносілі галлё, звозілі смецце.

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан адзначыў:

—        Прыемна было адгукнуцца на просьбу жыхароў вёскі, бо ініцыятарам справы выступілі самі вяскоўцы. Добра ўсведамляць, што ёсць такія неабыякавыя людзі, якія гатовы выйсці і папрацаваць для агульнай карысці. Мы заўсёды звяртаем увагу прадстаўнікоў духавенства і мясцовых сельвыканкамаў на праблему закінутых могілак, і калі да гэтай справы далучаюцца самі вяскоўцы  —  гэта самы дзейны спосаб навядзення парадку. Спадзяюся, што парадак будзе падтрымлівацца, і да гэтага пытання больш  не давядзецца вяртацца.

Рабочы Карэліцкага РУП ЖКГ Уладзімір Сіневіч гаворыць:

—        Калі людзям патрэбна дапамога, то чаму б не адгукнуцца. Пазіраеш на іх твары, бачыш усмешку і адчуваеш, што і ты адзін з тых, хто не абыякавы да памяці продкаў.

Дэпутат па Мядзвядскай  выбарчай акрузе, стараста вёскі Мядзвядка, Вольга Космач выказала сваё меркаванне:

—            Вельмі прыемна, калі органы ўлады не на словах, а на справе чуюць і падтрымліваюць ініцыятыву мясцовых жыхароў. Гэта наш агульны клопат, мы вельмі хочам, каб і на старых могілках былі чысціня і парадак. Маем вялікае жаданне даць другое жыццё царкве, якая знаходзіцца на тэрыторыі могілак. Для яе рэстаўрацыі жыхары сабралі сродкі, і ўжо вядуцца работы. Асабіста ад сябе і ад усіх вяскоўцаў хочацца выказаць словы падзякі старшыні райвыканкама Генадзію Шатуеву за падтрымку нашай справы.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара