К 100-летию ВЛКСМ. Как молоды мы были

У УЛКСМ свая гісторыя. Для кожнага, хто мае дачыненне да камсамола, яна свая. Што найчасцей нагадваецца лідару раённай камсамольскай арганізацыі 80-90-х гадоў, журналіст спытаў у Пятра Мікалаевіча Капуры.

З БІЯГРАФІІ

1986-1987 гг. — інструктар Карэліцкага райкама камсамола.

1987 г. — загадчык арганізацыйнага аддзела Карэліцкага райкама камсамола.

1988 г. — другі сакратар Карэліцкага райкама камсамола.

1989-1993 гг. — першы сакратар Карэліцкага райкама камсамола.

— Якая работа праводзілася ў тыя гады з юнакамі і дзяўчатамі?

— Пры Савецкім Саюзе праводзілася вялікая ідэалагічная работа з насельніцтвам, асабліва з моладдзю. Многім маладым людзям у прыклад ставілі жыццё і дзейнасць камсамольцаў — герояў Вялікай Айчыннай вайны. На прыкладах жыцця і дзейнасці Марата Казея, Зоі Касмадзем’янскай, Алега Кашавога і іншых змагароў за шчасце народа фарміраваліся і падкрэсліваліся галоўныя рысы характару, вера ў людзей, сваю Бацькаўшчыну. Тым самым фарміраваўся светапогляд у маладых людзей, у вучняў прывівалася любоў да сваёй Радзімы, адказнасць за свае ўчынкі.

Многія юнакі і дзяўчаты былі прыкладам паводзін у звычайных і экстрэмальных сітуацыях, а таксама — у працы. Хочацца ўспомніць былога галоўнага інжынера саўгаса «Мірскі» Віктара Скачкова, ветурача калгаса «Савецкая Беларусь» Віктара Дзірвука, педагога Мірскай СШ Надзею Акіміну, работнікаў птушкафабрыкі «Чырвонаармейская» Наталлю Кізік і Валянціну Дунец, якія былі не толькі маладзёжнымі лідарамі, але іх паважалі прадстаўнікі старэйшага пакалення, з іх словамі і справамі лічыліся і ставілі жыццё і працу ў прыклад.

— Якія асноўныя накірункі выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці?

— Райкам камсамола працаваў па розных накірунках. Удзялялася ўвага працоўнай дзейнасці, арганізоўвалася сацыялістычнае спаборніцтва сярод прадстаўнікоў розных прафесій. Вялікая ўвага ўдзялялася развіццю спорту. Праводзіліся суботнікі па экалагічнай тэматыцы: прыбіралі тэрыторыі вакол вадаёмаў, у парках, лясах. Як вынік усёй дзейнасці камсамольскіх арганізацый раёна праводзіўся турыстычны злёт ва ўрочышчы Лузінаўка, на якім моладзь паказвала ўменне правільна арыентавацца на мясцовасці, гатаваць у палявых  умовах, праверыць сваё майстэрства ў спаборніцтвах па перацягванні каната, падняцці гіры, армрэслінгу, валейболе. Гэта яшчэ больш згуртоўвала маладых людзей. Чалавек у такіх абставінах вылучаўся як лідар, і гэта нярэдка мяняла яго жыццё.

— Хто найчасцей быў арганізатарам цікавых мерапрыемстваў?

— Члены райкама камсамола. Хаця даволі часта ініцыятыва зыходзіла ад саміх членаў ВЛКСМ і адказных кіраўнікоў дзяржаўных устаноў. Яны былі зацікаўлены ў правядзенні культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Напрыклад, хачу адзначыць Мікалая Іванавіча Каспяровіча і Пятра Мікалаевіча Лазарэвіча, якія ў той час былі вялікімі прыхільнікамі спорту і імкнуліся зацікавіць дзяўчат і юнакоў раёна, і ім гэта ўдавалася зрабіць.

— Што вызначала членаў ВЛКСМ? Паведайце пра вучнёўскую моладзь.

— Праводзілася вялікая ідэалагічная работа і ў школах раёна. Вучняў выхоўвалі на ўчынках і жыцці канкрэтных людзей, якія жывуць і працуюць побач. У школах арганізоўваліся сустрэчы з перадавікамі вытворчасці, спецыялістамі сваёй справы. Карэліччына славілася Героямі Сацыялістычнай Працы і ордэнаносцамі, якія праславілі наш раён не толькі ў межах рэспублікі, але і СССР. На іх жыцці моладзь выпрацоўвала свой характар, была прыкладам паводзін у паўсядзённым жыцці.

— Любая справа спорыцца, калі ёсць разуменне і падтрымка. Хто найчасцей падстаўляў плячо маладому пакаленню ў іх пачынаннях?

— Камуністы раёна былі прыкладам у жыцці і працы, новых і добрых пачынаннях. Яны самі шмат працавалі, ведалі асноўныя праблемы маладых людзей, шляхі іх вырашэння, дапамагалі моладзі ў іх справах. Шмат слоў удзячнасці хочацца адрасаваць Станіславу Станіслававічу Крэсло, Вячаславу Рыгоравічу Калтунову, Івану Мікалаевічу Шышу, Аляксандру Дзмітрыевічу Барышнікаву, Надзеі Арсенцьеўне Нячай, Марыне Вікенцьеўне Язерскай і іншым.

— Якія добрыя справы жывуць у памяці?

— Моладзь тых часоў, як і сённяшняя, любіла спорт і мерапрыемствы культурнага накірунку, маёўкі, турзлёты. Успамінаюцца экалагічныя дэсанты, калі мы чысцілі пойму ракі Рутка, наводзілі парадак у гарадскім парку, а сельская моладзь — на тэрыторыях мехдвароў і фермах раёна. Не забывалі прыбіраць і стадыёны, дзе праводзіліся розныя спартыўныя мерапрыемствы. Гэтаму папярэднічалі пасяджэнні бюро райкама камсамола, пленумы, канферэнцыі, рознага кшталту мерапрыемствы.

— Пра сённяшнюю моладзь бытуе меркаванне, што яна хоча мець усё і адразу. Ваша стаўленне да гэтага.

— Сённяшнія маладыя людзі імкнуцца жыць змястоўна і заможна. Іх жаданне хочацца раздзяліць і падтрымаць. Лічу, што для гэтага неабходна шмат працаваць, быць прафесіяналам сваёй справы, ганарыцца і паважаць сваю маленькую радзіму, прымнажаць яе багацці, умацоўваць дабрабыт сваёй сям’і, шанаваць бацькоў. Каб дзецям было браць з каго прыклад, каб з пакалення ў пакаленне перадаваліся традыцыі бацькоў і дзядоў.

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА.
Фота з архіва Пятра КАПУРЫ.

Добавить комментарий