Здоровье начинается со школьной парты. В Кореличской ЦРБ прошел медсансовет в расширенном составе

Мы хочам і можам даць нашым дзецям лепшае ў розных сферах жыцця. Выключную ролю тут выконвае сістэма адукацыі. Сёння яна не толькі паспяхова раскрывае інтэлектуальны і творчы патэнцыял хлопчыкаў і дзяўчынак, але і клапоціцца пра іх здароўе, прыядноўвае да гарманічнага і актыўнага ладу жыцця. Як яшчэ больш актывізаваць працу ў гэтых накірунках і на што ў першую чаргу варта звярнуць увагу, гаварылі 21 лістапада на чарговым медыцынска-санітарным савеце ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы прадстаўнікі райвыканкама, сістэмы адукацыі і аховы здароўя.

«Такая форма супрацоўніцтва, як медсансаветы ў пашыраным складзе, адна з самых эфектыўных. За апошнія гады разам мы змаглі дасягнуць пэўных поспехаў у пытаннях аховы здароўя дзяцей, але ёсць шэраг пытанняў, вырашыць якія неабходна ў бліжэйшы час”, – напачатку сустрэчы адзначыла галоўны ўрач Карэліцкай ЦРБ Алена Паўлаўна Майсак.

Пра гэта сведчаць і лічбы ў дакладзе “Аб выніках паглыбленага медагляду школьнікаў, арганізацыя правядзення лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў” раённага педыятра Ліліі Аляксандраўны Юхнік.

? Згодна з агучанай інфармацыяй, медагляд прайшлі ўсе 1729 навучэнцаў з 14 школаў раёна. Дзяцей з адхіленнямі ў стане здароўя выяўлена 747.

? Да заняткаў фізкультурай у асноўнай групе дапушчана 79% абследаваных, у падрыхтоўчую накіраваны 13,9%, у спецыяльную – 5,2%, вызвалены – 1,9%.

? Традыцыйна вострым застаецца пытанне парушэння зроку ў падрастаючага пакалення – гэта 303 чалавекі.

? Актуальныя для школьнікаў і касцёва-мышачныя парушэнні. У хірургічным кабінеце на дыспансерным уліку са скаліёзам стаяць 43 чалавекі, але ў параўнанні з мінулым годам гэты паказчык мае пазітыўную дынаміку. Таксама ідзе зніжэнне захворвання дзяцей з парушэннем паставы і з плоскаступнёвасцю.

? Паказчык па дзецях з дэфектамі маўлення (1,3% – 23 чалавекі) знаходзіцца на ўзроўні абласнога (1,4%).

? ЛОР-паталогія адзначаецца ў 25 навучэнцаў, захворванне эндакрыннай сістэмы – у 29.

? Адносна мінулага года вырасла колькасць дзяцей з сардэчна-сасудзістай паталогіяй – 108 чалавек, разам з тым палепшылася дыягностыка такіх захворванняў.

? 65 школьнікаў, 38 з іх – з хранічным гастрытам, узятыя на дыспансерны ўлік па стану страўнікава-кішэчнага тракта.

? Парушэнне развіцця назіраецца ў 6 чалавек, ва ўрача-псіхіятра на дыспансерным уліку стаяць 62 навучэнцы.

? Таксама ўсім прысутным на медсансавеце дадзена рэкамендацыя ўзяць пад кантроль пытанне залішняй масы цела ў дзяцей.

? Згодна з аналізам асобных парушэнняў у стане здароўя школьнікаў першае месца занялі захворванні вачэй, на другім – сардэчна-сасудзістай сістэмы, на трэцім – касцёва-мышачныя парушэнні.

? У першакласнікаў расклад такі: першае месца – сардэчна-сасудзістая паталогія (на думку медыкаў, гэта звязана з гіпердыягностыкай), другое – дэфекты маўлення, трэцяе – зніжэнне вастрыні зроку.

Па выніках дакладу намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык агучыў меркаванне, што трэба тэрмінова вырашыць пытанне са своечасовым праходжаннем дзецьмі ўльтрагукавога даследавання сэрца, органаў брушыны і шчытападобнай залозы: першакласнікі павінны былі зрабіць гэта яшчэ да 1 верасня, а падлеткі, якім споўнілася 14 гадоў, – на працягу навучальнага года. Акрамя таго, неабходна так складаць план заняткаў, каб у дзяцей рэгулярна праводзіліся фізкультхвілінкі і яны больш рухаліся.

Начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч акцэнтавала ўвагу калег на наступных момантах для далейшай працы: стварэнне для навучэнцаў здароўезберагальнага асяроддзя (у тым ліку, кантроль асвятлення памяшканняў, наяўнасць роставай мэблі), узгоднены з парадамі спецыялістаў расклад заняткаў з правільна размеркаванай нагрузкай, належная арганізацыя харчавання, аздараўленне дзяцей, памяншэнне выпадкаў траўматызму (у бягучым годзе іх 4).

Таксама было вызначана медыцынскім работнікам выступіць на бацькоўскіх сходах ва ўстановах адукацыі Карэліччыны з агучанай у дакладзе інфармацыяй.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий