Кореличский район — в тройке лучших на Гродненщине. Разбираем итоги 2018 года и занимаемся спортом вместе с жителями Лук и Райцы (+видео)

? У тройцы лепшых на Гродзеншчыне

Выніковая калегія ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама прынесла на Карэліччыну радасныя навіны. Наш раён заняў 3 месца ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод раёнаў 2 групы ў 2018 годзе. Таксама ў нас бронза сярод сельскіх раёнаў. Для параўнання, у 2017 годзе мы не трапілі ні ў адну з намінацый. Таму, па словах галоўнага спецыяліста па пытаннях спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Мікалая Барэйкі, гэтыя заслужаныя ўзнагароды каштавалі ўсіх прыкладзеных намаганняў.

– Такі поспех дасягнуты дзякуючы шырокай спартыўна-масавай рабоце, якая праводзіцца ў калектывах фізкультуры на прадпрыемствах і арганізацыях, ва ўстановах адукацыі, а таксама эфектыўнай падрыхтоўцы нашых каманд да ўдзелу ў абласных спаборніцтвах.

Дапамагае выбраць лепшых спартсменаў Карэліччыны штогадовы раённы агляд-конкурс. У ліку лепшых сярод сельгаспрадпрыемстваў варта назваць СВК “Маяк-Заполле”, СВК “Свіцязянка-2003”, СВК “Жухавічы”. Сярод калектываў фізкультуры райцэнтра ў лідарах – РАНС, цэнтральная раённая бальніца, дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй.

Значныя поспехі належаць установам адукацыі раёна, дзе ў 2018 годзе праведзена 27 мерапрыемстваў з удзелам 3001 школьніка. Стабільна высокія вынікі дэманструюць прадстаўнікі дзяржаўных устаноў адукацыі: “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”, “Жухавіцкая сярэдняя школа”, “Лукская сярэдняя школа”.

Мы традыцыйна добра выступаем на вобласці, мінулы год не стаў выключэннем. На спартакіядзе “Залаты колас” каманды раёна занялі першае месца па лёгкай атлетыцы і гіравым спорце, другое – па футболе. У хакейных баталіях “Залатая шайба” ў старэйшай узроставай групе мы таксама заваявалі серабро. Трэцяе месца занялі юнацкія каманды па футболе і валейболе ў праграме абласной спартакіяды “Каласок”, спаборніцтвах па хакеі на прызы клуба “Залатая шайба”.

Хочацца асобна вылучыць сям’ю Матусевіч, якія на рэспубліканскім фестывалі здаровага ладу жыцця “Мама, тата, я — здаровая сям’я” ў асабістым заліку сталі другімі, а ў складзе Гродзенскай вобласці атрымалі абсалютную перамогу. Прычым усе яны паасобку паспяхова выступаюць яшчэ і за розныя калектывы фізкультуры, прызнаныя ў мінулым годзе лепшымі ў раёне: маці Вольга – за СВК “Маяк-Заполле”, тата Аляксей – за РАНС, а сын Жэня – за сярэднюю школу № 2 г.п. Карэлічы.

Варта адзначыць і дзейнасць Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. Для дарослых тут працуюць секцыі валейбола, міні-футбола, атлетычнай гімнастыкі, для дзяцей і падлеткаў – хакея і футбола. Клуб праводзіць маштабныя спаборніцтвы ў межах праграмы спартакіяды калектываў фізкультуры сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, г.п. Карэлічы і ўстаноў адукацыі. У 2018 годзе 6655 чалавек прынялі ўдзел у 56 спартыўна-масавых мерапрыемствах.

Сёлета нашай асноўнай задачай з’яўляецца працягнуць паспяховыя выступленні на спартыўных пляцоўках вобласці і прабіцца на рэспубліканскія спаборніцтвы.

? Актыўна жыць не забароніш!

Цікавасць да спорту ў Луках не згасае ні ўлетку, ні ўзімку. Шмат для прыяднання сельскіх жыхароў да здаровага ладу жыцця робіць Уладзімір Грэмяка. Ён сумяшчае ўрокі фізічнай культуры ў мясцовай сярэдняй школе з дзейнасцю інструктара па спорце КСУП “Лукі-Агра” і трэнера-выкладчыка па сумяшчальніцтве па лёгкай атлетыцы Карэліцкай ДЮСШ.

? З біяграфіі

У 1984 годзе скончыў школу ў Луках і паступіў у інстытут фізкультуры ў Мінску. Пасля году вучобы трапіў у армію. Затым вярнуўся ў альма-матэр. Атрымаўшы дыплом, працаваў інструктарам па спорце ў калгасе “Знамя Леніна” (цяпер “Лукі-Агра”). З 1991 года асноўная дзейнасць – настаўнік у Лукскай школе.

– У спартыўна-масавай рабоце галоўнае – зацікавіць чалавека. Той жа ўрок фізкультуры можна правесці па плане, але будзе зусім іншы вынік, калі зрабіць яго больш разнастайным, дадаткова сыграць у валейбол альбо гандбол, адпрацаваць складаныя моманты, пазаймацца на трэнажорах. Актыўна ходзяць некалькі разоў на тыдзень нашы школьнікі і на секцыі, на заняткі па лёгкай атлетыцы ад ДЮСШ.

Дарослыя ў нас таксама заўзятыя спартсмены. Хай у нас тут аграгарадок і менш рэсурсаў, затое ёсць жаданне трэніравацца і дасягаць добрых вынікаў. Па сабе ведаю, зімой часам варта недаспаць, затое зрабіць выдатны каток. І на яго будуць з’язджацца сем’ямі як жыхары Лук, так і навакольных вёсак.

Нездарма нашы школьнікі складаюць касцяк зборнай раёна па хакеі і традыцыйна ўваходзяць на абласных спаборніцтвах “Залатая шайба” ў лік лепшых. Нядрэнныя вынікі мы маем і па валейболе. Практыкуем міні-футбол і стрытбол. У пашане ў нас лыжы. Прычым поспехі на трасах ёсць як у дзяцей, так і дарослых спартсменаў “Лукі-Агра”. Асобная старонка – футбол. У маі плануем заваяваць супер-кубак раёна. А яшчэ нядаўна пры садзейнічанні сельгаспрадпрыемства абнавілі форму. Дапамагае адміністрацыя і з хакейнай амуніцыяй, і з такімі бытавымі пытаннямі, як святло на катку ці ўборка снега. Нядаўна “Лукі-Агра” купілі ролікі для дзяцей, зрабілі тэнісны корт. Не застаюцца ў баку ад клопатаў і бацькі нашых школьнікаў.

Папулярнасцю карыстаецца ў насельніцтва трэнажорны пакой. З задавальненнем у нас удзельнічаюць людзі ў тур- і велапаходах. Яшчэ мяне радуе, што старэйшае пакаленне пачало цікавіцца спартыўнай хадой. Лічу, што “марку” трэба трымаць ад маленства да сталых гадоў, каб заставацца ў форме ў любым узросце.

? Першыя на фінішы ва ўсіх сферах

У адміністрацыйным будынку СВК “Свіцязянка-2003” дыпломаў і кубкаў столькі, што, здаецца, трапіў у залу славы алімпійскай зборнай. У чым сакрэт такіх высокіх дасягненняў, добра ведае інжынер па матэрыяльна-тэхнічным забяспечанні і па сумяшчальніцтве адказны за спартыўна-масавую работу ў гаспадарцы Аляксандр Барысік.

? З біяграфіі

Родам з Цырына. Вучыўся ў сельгастэхнікуме ў Ваўкавыску. Пасля службы ў арміі працягнуў вучобу ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы ў Гродна на факультэце фізічнай культуры і спорта. Працаваў інструктарам па лёгкай атлетыцы ў Цырыне, затым перайшоў у Карэліцкую ваенізаваную пажарную службу (цяпер – РАНС) на пасаду начальніка падраздзялення. Пасля выхаду на пенсію працуе ў СВК “Свіцязянка-2003”.

– Наш поспех грунтуецца на працавітасці, моцным жаданні быць лепшымі і добрай матэрыяльнай базе. У гаспадарцы зацікаўлены і ў працоўных перамогах нашых людзей, і ў спартыўных. Асабліва любяць у нас футбол, валейбол, лыжы, лёгкую атлетыку. У спаборніцтвах за гаспадарку выступаюць як работнікі, так і вучні Райцаўскай і Варанчанскай школ. Тым больш, ёсць добры стымул: за прызавыя месцы спартсмены атрымліваюць каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.

Яшчэ адна значная падзея ў нашым спартыўным жыцці – адкрыццё пасля рамонту на базе школы ў Райцы сучаснай трэнажорнай залы. Тут жа ёсць пляцоўкі для заняткаў цяжкай атлетыкай і гульні ў настольны тэніс. Апроч таго, дзейнічаюць секцыі па валейболе. Іх вяду я, а дапамагае мне Яўгеній Баяроўскі з Карэліцкага РАНС.

З такім падыходам нядзіўна, што практычна любое свята ў “Свіцязянцы-2003” уключае ў сябе спартыўныя мерапрыемствы. Надалей маем цвёрды намер не здаваць пазіцый у гэтай сферы і папаўняць калекцыю ўзнагарод.

? Таццяна Якімовіч,
Настаўнік фізічнай культуры Райцаўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа,
трэнер-выкладчык па сумяшчальніцтве па лёгкай атлетыцы Карэліцкай ДЮСШ:

– Трэнажоры зрабілі заняткі з дзецьмі больш цікавымі і эфектыўнымі. У падрыхтоўцы да буйных абласных і рэспублікансіх спаборніцтваў гэта вялікі бонус. На той жа бегавай дарожцы выдатна адпрацоўваць тэхніку спартыўнай хады, развіваць вынослівасць. Да таго ж, трэнажорную залу наведваюць дарослыя жыхары не толькі з Райцы, але і з іншых населеных пунктаў. Асабліва для нашых жанчын – гэта выдатны падарунак на 8 Сакавіка. Узрасла колькасць людзей у секцыі валейбола. Раней было ігракоў максімум на дзве каманды, цяпер разбіваемся на тры-чатыры. Карацей кажучы, чакайце ад СВК “Свіцязянка” новых спартыўных перамог!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара
P.S. Шчырая падзяка за дапамогу вучням і супрацоўнікам школ у Луках і Райцы!