Сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні Карэліцкага раёна за гады савецкай улады: прамысловасць і адукацыя

Напярэдадні 51-й гадавіны Кастрычніка ў Карэлічах адбылася ўрачыстая закладка помніка-абеліска. На ім залатымі літарамі будуць высечаны імёны жыхароў раёна, загінулых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі

Умацаванню здароўя ў значнай ступені спрыяюць фізічная культура і спорт. У раёне маюцца стадыён, плавальны басейн, спартыўныя залы, футбольнае поле. Рэгулярна праводзяцца спартакіяды, спартыўныя каманды насельніцтва ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

У раёне паспяхова развіваюцца гандаль і бытавое абслугоўванне. Значны ўклад у развіццё гандлю ўнеслі П.І. Малашчанка, У.Г. Дасько, М.В. Русецкі, М.П. Малаха, А.А. Русецкі і іншыя. Пэўных поспехаў дасягнула служба быту. Са жніўня 1944 г. пачалі працаваць у Карэлічах і Міры прамысловыя камбінаты, куды ўваходзілі млыны, якіх было тады нямала, валяльны цэх, цэх па перачосу воўны, дзейнічаў і спецыяльны цэх па вырабу тавараў з лазы.

У пачатку 1945 г. у Карэлічах была арганізавана арцель “Бальшавік”. У яе ўваходзілі швейныя і абутковыя майстэрні, фатаграфіі і цырульня. Аналагічныя прадпрыемствы былі адкрыты і ў Міры. У 1958 г. арцель “Бальшавік” аб’ядналася з прамкамбінатам. Узбуйненне паклала пачатак сучаснаму камбінату бытавога абслугоўвання. Цяпер гэта шматгаліновае прадпрыемства. Пасля аднаўлення раёна з 1965 г. яго ўзначаліў Л.К. Касцюкевіч, затым Г. Юрчанка, У.Г. Дасько, М.І. Юрчык. З 1975 г. дырэктарамі працавалі В.К. Друцька, М.І. Сілко, Г.Л. Міхайлоўская, Л.Л. Пулко, В.П. Сідо. У 1988 г. пабудаваны новы прыгожы Дом быту, які зараз узначальвае А.П. Маковік.

У 1960 г. быў пабудаваны Карэліцкі маслазавод. Прадпрыемства часта мяняла назву: маслазавод, потым завод масла і сухога малака, зараз Карэліцкі сырцэх ААТ «Малочная кампанія Навагрудскія дары». У 1972 г. пабудаваны казеінавы цэх, які карыстаецца асаблівым попытам. Казеін ідзе ў асноўным на экспарт у Польшчу, Германію, Расію, Кітай.

У 1960 годзе ў Карэлічах быў пабудаваны маслазавод

З 1895 г. у Міры працуе Мірскі спіртзавод, які зараз называецца Мірскі філіал ААТ «Гродзенскі ЛГЗ». Узначальвае яго Тур Сяргей Іванавіч. Прадукцыя ідзе на экспарт у Расію, Літву, Германію.

31 снежня 1974 г., напярэдадні Новага года, дзяржаўная камісія прыняла ў эксплуатацыю Карэліцкі льнозавод, зараз ААТ «Карэлічы-Лён», які ў свой час узначальвалі А.І. Бука, В.Р. Альшэўскі, зараз Ф.М. Жук. Адсюль паступае доўгае і кароткае льновалакно, нятканыя матэрыялы, вяроўкі і шпагаты. Прадпрыемства пастаянна пашырае сувязі з замежнымі партнёрамі. Карэліцкі лён ахвотна набываюць перапрацоўшчыкі з Расіі і Кітая.
У 1990 г. у Карэлічах пабудавана гасцініца на 60 месцаў.

Першы дырэктар Карэліцкага льнозавода А.І. Бука

25 лютага 1976 г. адкрылася Карэліцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча на базе ўпраўлення сельскага будаўніцтва “Гроднасельбуд”. Тут рыхтаваліся рабочыя па васьмі будаўнічых спецыяльнасцях. З 2010 г. – «Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй». Дырэктарамі працавалі К.С. Шчэрбіч, Л.М. Кулеша, Ф.У. Куляка, С.С. Гімпель, І.І. Страхоцкі, Г.П. Бычко, С.В. Тур, Г.М. Арцюх.

Мірскае мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 234 пачало працаваць з верасня 1988 г. З 1990 г. яно стала мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчам будаўніча-рэстаўрацыйных работ. У 1990 г. адбыўся першы выпуск у колькасці 100 чалавек. З верасня 2022 г. – каледж. Установа падрыхтавала больш за 1000 кваліфікаваных спецыялістаў. Многія працуюць не толькі на прадпрыемствах і ў арганізацыях Беларусі, а таксама ў Расіі, Польшчы, Італіі, Германіі. Аб якасці навучання сведчыць той факт, што многія выпускнікі паспяхова здаюць уступныя экзамены і вучацца ў Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэте культуры і іншых ВНУ. Ва ўстанове створаны добрыя ўмовы для вучобы, адпачынку, заняткаў спортам. Працуе тэатр-студыя «Батлейка», якому ў 1997 г. прысвоена званне народнага, а ў 2022 г. папоўніў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, кіраўнік К.Л. Петрыман. Дырэктарамі навуковай установы працавалі Г.В. Вахтомаў, з мая 2000 г. – Н.Л. Кадлубай.

Першы дырэктар Мірскага мастацкага вучылішча № 234 Г.В. Вахтомаў

У 2007 г. быў падрыхтаваны праект перабудовы плошчы 17 Верасня ў г.п. Карэлічы. Летам 2008 г. асфальтавае пакрыццё было знята і вывезена, а ў жніўні 2009 г. работы былі завершаны, плошча фігурна выкладзена рознакаляровай тратуарнай пліткай і набыла еўрапейскі выгляд.

З 1895 г. у г.п. Мір працуе спіртзавод

Марыя БЕЛЕНАВА, навуковы супрацоўнік УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей»
Фота з архіва музея