В Кореличах состоялась диалоговая площадка, посвященная Дню чернобыльской трагедии

38 гадоў таму назад, 26 красавіка 1986 года, свет ускалыхнула страшная навіна: здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая стала адной з буйнейшых тэхнагенных катастроф за ўсю гісторыю чалавецтва.

Уздзеянню радыяцыі падвергліся амаль 8,4 мільёнаў чалавек у трох пацярпелых краінах — Беларусі, Расіі і Украіне. У зоне радыёактыўнага забруджвання апынулася амаль чвэрць тэрыторыі нашай краіны. Кожны пяты жыхар Беларусі стаў ахвярай Чарнобыля. А калі ўлічыць, што ў першыя дні пасля аварыі амаль уся тэрыторыя нашай рэспублікі была забруджана радыёактыўным ёдам, то няма такога чалавека ў Беларусі, каго б не закранула гэтая бяда.

У Дзень памяці чарнобыльскай трагедыі ў Карэлічах прайшла дыялогавая пляцоўка, на якой выступілі галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Сянкевіч і галоўны ўрач Карэліцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Германюк. Таксама на сустрэчу запрасілі Аляксандра Мароза і Ларысу Каркозаву, якія ў тым далёкім 1986 годзе працавалі ў зоне адсялення.

— Мы жылі ў Брагінскім раёне, — успамінае Аляксандр Леанідавіч. — Нас пасялілі ў будынку школы ў вёсцы Савічы, якая знаходзілася ў 18 кіламетрах ад Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Першае, што нас уразіла, — гэта аглушальная цішыня і пустата на вуліцах, вокны ў дамах закалочаныя. Усе жыхары даўно былі эвакуіраваны. Тады ў галаве пранеслася: «Сапраўдная Хатынь…»

Аддзяленне Аляксандра Леанідавіча заступіла на вахту на цэлы месяц. Працавалі па 12 гадзін і столькі ж адпачывалі.

— Змены былі дзённыя і начныя, графік працы напружаны. Адзін тыдзень мы стаялі на кантрольна-прапускным пункце і правяралі дакументы ў вадзіцеляў транспарту, каб прадухіліць крадзяжы.

Аляксандр Леанідавіч расказвае, што часам у апусцелых вёсках усё ж сустракаліся мясцовыя жыхары. Гэта былі пажылыя людзі, якія наадрэз адмовіліся эвакуіравацца і пакідаць родныя сцены.

У 1986 годзе Ларыса Каркозава была студэнткай педагагічнага ВНУ і пра аварыю даведалася ад выпадковых людзей:

— Мы сабраліся разам са студатрадам ехаць на працу ў Малдову. Перад гэтым сустрэліся і паехалі адпачыць за горад. Сядзелі на беразе возера, калі да нас падыйшлі маладыя людзі, якія і сказалі аб тым, што ў Прыпяці здарылася аварыя.

Пасля заканчэння ВНУ Ларысу Вячаславаўну адправілі на працу ў вёску Малінаўка Чэрыкаўскага раёна.

— Непадалёк ад Малінаўкі будавалі новы пасёлак, кватэры ў якім выдавалі перасяленцам. Вуліцы ў гэтым пасёлку насілі назвы абласцей, з якіх прыехалі будаўнічыя брыгады: Мінская, Брэсцкая, Гомельская. На вуліцы Гродзенскай будавалі дамы будаўнікі з Карэліцкага раёна, у адной з брыгад працаваў і мой тата.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара